Суббота, 14 декабря 2024

Ружанский поссовет: плюсы и минусы большой территории

1 589

Ружанскі пассавет плошчай каля 49 тысяч гектараў — самы вялікі ў раёне,  займае шостую яго частку. Пасля далучэння да яго Ружанскага, Варанілавіцкага і Паўлаўскага сельсаветаў цяпер  аб’ядноўвае 33 населеныя пункты, у якіх пражываюць каля 6,5 тысячы чалавек.

Плюсы аб’яднання…

—Цяпер і паліклініка, і рынак, і пассавет — усё на адным месцы, — расказвае пра станоўчыя моманты аб’яднання старшыня выканкама Галіна Мікалаеўна Верхавец. – Тут  працуюць штатныя работнікі райпалівазбыту і землеўпарадкавальнай службы. Раз на месяц, каб весці прыём грамадзян, прыязджае да нас натарыус. Праўда, мяркуючы па чарзе (запіс да натарыуса вядзецца ўжо на жнівень), гэтага недастаткова. Рэгулярнымі сталі і прыёмы работнікаў БТІ. Таму, аднойчы выбраўшыся ў Ружаны, вясковы жыхар можа вырашыць многія свае праблемы.

…І мінусы вялікай тэрыторыі

З далучэннем да пассавета вёсак прыбавілася праблем у мясцовай улады з навядзеннем парадку каля пустуючых дамоў. Такіх тут звыш 570, сваёй чаргі пад знос чакаюць ужо 10 з іх. Дарэчы, за мінулы год было знесена 7 безгаспадарных і трухлявых дамоў. Сёлета сіламі мясцовага адкрытага акцыянернага таварыства ўжо знесены 6 такіх дамоў. Вёскі старэюць. Так, напрыклад, на ўсе Перасадзічы толькі адна жыхарка, а ў Нікіцічах наогул нікога не засталося… Самымі населенымі застаюцца Варанілавічы, Кавалі, Юндзілы, Малочкі, Калазубы. Аднак найбольш жыхароў, звыш палавіны ад усіх пражываючых на тэрыторыі пассавета, — у саміх Ружанах.

З засмечанасцю трэба змагацца агулам

Хоць людзей у вёсках становіцца менш, праблема забруджанасці населеных пунктаў не знікае. Паўсюдна ў ваколіцах можна знайсці выкінуты пластык і шкло. Цэнтралізаваны вываз смецця з вёсак наладжаны даўно, аднак многія вяскоўцы не спяшаюцца заключаць дагаворы на вываз. У выніку вымушаны прыбіраць за неахайнымі жыхарамі. Як паведамілі ў пасвыканкаме, толькі з ваколіц Поланска падчас нядаўняга суботніка было вывезена 11 прычэпаў смецця. Вырашыць праблему самастойна работнікам пасвыканкама не ўдаецца, таму яны справядліва наракаюць на адасобленасць ад гэтай праблемы санстанцыі, іншых устаноў і арганізацый, якія па абавязках службы павінны таксама сачыць за парадкам на зямлі. І, вядома, заклікаюць да сумлення саміх мясцовых жыхароў. 24апр2015_Ружаны_0058

Замак Сапегаў –месца брэндавае

У той жа час Ружаны ўсё прывабней становяцца для турыстаў і…  маладажонаў. У палацавым комплексе Сапегаў у мінулым годзе зарэгістравалі шлюб 35 пар з самых розных куточкаў Беларусі, для чатырох пар па пажаданні маладых цырымонія вялася на беларускай мове. Усяго ж па пассавеце летась узялі шлюб 57 пар маладажонаў. Нарадзілася 54 немаўляты. Дарэчы, для 25 хлопчыкаў і дзяўчынак датай нараджэння стаў 2015 год.

Ёсць моцныя гаспадары!

Адметна, што з вялікай колькасці жыхароў пассавета прыватную гаспадарку вядуць толькі 1298 гаспадароў. Аднак, калі не браць у разлік свойскую птушку, свіней і авечак, то кароў на падворках вяскоўцах можна налічыць толькі да ста. Па некалькі кароў трымаюць Б.П.Ляцкі з хутара Паўлава, А.М.Ракуць з Юндзілаў, У.У.Барысевіч з Ружан і М.У. Паздзер з Байкоў. Праўда, нямала гаспадароў, якія трымаюць коней. І такіх набярэцца каля сотні.

На здымку: Статыстыка – справа сур’ёзная. З усёй адказнасцю ставіцца да яе галоўны спецыяліст пассавета Валянціна Аркадзьеўна Новік. Дзякуючы адказным работнікам, якія скрупулёзна збіраюць і занатоўваюць неабходныя лічбы, часта аб жыцці як асобнага гаспадара, так і пассавета наогул можна меркаваць, не выходзячы са службовага кабінета. Валянціну Аркадзьеўну называюць лепшай у раёне па вядзенні вайсковага ўліку. На ім па пассавеце знаходзіцца 960 чалавек, 240 з якіх – прызыўнікі.

Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *