На гарадскім стадыёне ў Пружанах тры дні працягвалася рэспубліканская спартакіяда па футболе «Каласок» сярод дзяцей аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў у малодшай узроставай групе. Арганізатарамі турніру выступілі: Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел адукацыі спорту і турызму Пружанскага райвыканкама. Удзел у спаборніцтвах бралі шэсць каманд з усіх абласцей краіны.
Падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды да юных футбалістаў з прамовамі звярнуліся старшыня райвыканкама М.М. Серкоў, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, чэмпіёнка ХХVIII летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах у бегу на 100 метраў Ю.В. Несцярэнка і намеснік старшыні рэспубліканскага фізкультурна-спартыўнага клуба «Ураджай» А.А.Барышаў.
У прыватнасці, Юлія Несцярэнка заклікала юных аматараў футбола любіць спорт і актыўна займацца ім. Спорт — гэта добры настрой і бадзёрасць духу. Як падкрэсліла алімпійская чэмпіёнка, ніколі нельга спыняцца перад цяжкасцямі, якія сустракаюцца на шляху спартсменаў.
На першым этапе турніру каманды па кругавой сістэме вялі барацьбу ў дзвюх групах, дзве лепшыя з якіх выходзілі ў паўфінал.
Брэсцкую вобласць прадстаўлялі футбалісты Пружанскай ДЮСШ №1, якія выступалі па-за конкурсам, таму не мелі магчымасці прэтэндаваць на ўзнагароды спартакіяды. Дастаткова адзначыць, што нашы футбалісты на групавым этапе ўпэўнена перагулялі сваіх апанетаў з лікам 6:0 і 3:0.
Галоўны прыз турніру аспрэчвалі каманды Жыткавіцкага і Шчучынскага раёнаў. Нашы бліжэйшыя суседзі з Гродзеншчыны ўпэўнена перамаглі саперніка з лікам 3:1 і сталі пераможцамі. Трэцяе месца дасталося футбалістам Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, якія нанеслі паражэнне прадстаўнікам Віцебскай вобласці.
Галоўны прыз атрымала каманда Гродзенскай вобласці, а ўсе прызёры ўзнагароджаны медалямі, граматамі і сертыфікатамі з аўтографам алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнка.
На здымках: юных спартсменаў вітае Юлія Несцярэнка; пружанскія дзяўчаты ўручылі караваі камандам і гасцям; узнагароджанне пераможцаў; на полі — пружанская каманда.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).