Святочна адзначылі пружанцы Дзень Незалежнасці 3 ліпеня.
Урачыстыя мерапрыемствы пачаліся з мітынгу каля брацкай магілы на гарадскіх молілках. Яго адкрыў старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч. Падзякай вызваліцелям было прасякнута выступленне Міхаіла Мікалаевіча, які аддаў даніну пашаны тым, хто змагаўся за вызваленне нашай Радзімы, каму ўзведзены помнікі ў граніце і мармуры…
Аднак ці не людская памяць — самы вялікі і значны помнік Перамозе? І яна жыве, што сведчыла з выступленняў Л.П.Шылавай – старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму”, а таксама старшыні раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў С.І.Барташа, намесніка старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ю.А.Карповіча, першага сакратара РК БРСМ А.М. Бабігорца, настаяцеля прыхода Спаса-Праабражэнскай царквы айца Ігара Мрыхіна.
Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых герояў, якія аддалі свае жыцці за мір на зямлі, мінутай маўчання. У іх гонар ваеннаслужачыя далі залп з агнястрэльнай зброі. Да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі.
Адразу пасля завяршэння мітынгу адбылося асвячэнне паклоннага крыжа, устаноўленага ў памяць 70-годдзя вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў побач з брацкай магілай на гарадскіх могілках. Чын асвячэння правёў айцец Ігар Мрыхін.
Святкаванне Дня Незалежнасці працягвалася ў гарадскім парку. Адпачываючыя адразу траплялі на выставу народнай творчасці, якая стракацела яркасцю і разнастайнасцю вырабаў. Чаго толькі тут не было! Самыя лепшыя, прыгожыя і мудрагелістыя работы прывезлі сельскія Дамы культуры і Пружанскі Дом рамёстваў. Папяровыя кветкі, размаляваныя бутэлькі, фларыстыка, вышыўка стужкамі, квілінг і бісерапляценнее… Ад яркасці фарбаў і незвычайнасці работ вочы разбягаліся! Асабліва зачароўвала вышыўка Л.М.Яроцкай і лічыльная гладзь Л.Я.Паўлючык з Навасёлкаўскага ЦСДК, каля работ якіх падоўгу спыняліся гараджане і госці Пружан. Захаплялі сваёй творчасцю і асобныя народныя ўмельцы. Тыя, хто хацеў пакінуць напамін пра свята, куплялі сувеніры.
На сур’ёзны лад настройвала выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі “Старонкі гэтых кніг – гісторыя вайны”, побач можна было паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі і віктарыне, якія праводзіла дзіцячая бібліятэка.
Працаваў выязны гандаль і дзіцячыя атракцыёны. Аматары спеваў збіраліся ля сцэны эстрады. Добрай песняй радавалі ўдзельнікі арт-групы “Родники” і вакальнай групы “2+2”, хору “Вербніца”, калектыву “Вечарынка” з Камянецкага раёна. Мілыя сэрцу мелодыі дарыў народны аркестр народных інструментаў Палаца культуры, радавалі танцоры “Спадчыны”. Разнастаіла канцэрт сваім выступленнем спявачка і кампазітар з Санкт-Пецярбурга Святлана Дольчэ.
Бліжэй да вечара “запальваў” публіку на плошчы каля Палаца культуры народны вакальны ансамбль “Ліцвіны” і ўдзельнікі міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” з Жабінкаўскага раёна, якія паспелі палю-біцца пружанцам. А з наступленнем прыцемкаў музычную эстафету прыняў вядомы беларускі спявак Саша Нема і Міс Нявеста, якія рытмічнымі песнямі прымусілі прытанцоўваць не толькі шматлікіх людзей на плошчы, але і дзяцей непасрэдна на сцэне.
Завяршылася гэтае маштабнае і яркае мерапрыемства выкананнем Дзяржаўнага гімна, які пад адкрытым небам дружна спявалі ўсе прысутныя на плошчы, і відовішчным феерверкам.
Галіна Каляда, фота аўтара.