Сёння бібліятэкары ўсёй краіны прымаюць віншаванні. Справа ў тым, што 15 верасня ў Беларусі штогод адзначаецца Дзень бібліятэк. Пагадзіцеся, маладое пакаленне не так часта наведвае бібліятэкі, бо амаль усю патрэбную інфармацыю моладзь цяпер адшуквае ў інтэрнэце. Добрым выключэннем з гэтай тэндэнцыі з’яўляюцца школьныя бібліятэкі.
І па прыклад далёка хадзіць не трэба. Бібліятэка ў СШ №5 існуе з дня заснавання гэтай навучальнай установы – з 1990 года. Ля вытокаў яе стварэння стаяла вядомы ў раёне бібліятэкар Марыя Акімаўна Заікіна. Аб яе плённай працы тут нагадваюць дыпломы, якія акуратна месцяцца на сценах.
Цяпер у школьнай бібліятэкі налічваецца каля 800 чытачоў. Прыходзяць сюды па патрэбную літаратуру не толькі вучні, але і педагогі. Абслугоўваюць жа чытачоў дзве работніцы. Адна з іх — Алена Мікалаеўна Аляксейчык.
На работу ў школьную бібліятэку, як гаворыць Алена Мікалаеўна, яна прышла не так даўно, прыкладна пяць гадоў таму. Да гэтага ж працавала ў цэнтральнай раённай, а потым ў дзіцячай бібліятэцы, таму вопыт работы з маленькімі і юнымі чытачамі ў яе ёсць. І прымяненне гэтаму вопыту знайшлося ў школьнай бібліятэцы. Справа ў тым, што дзіцячая, як і школьная, бібліятэка праводзіць розныя мерапрыемствы. Але, прызнацца шчыра, пра тое, што ў пятай школе яны настолькі незвычайныя і цікавыя, я не ведаў.
Па-першае, бібліятэка вельмі вялікую ўвагу ўдзяляе чытанню па-беларуску, таму праводзіць шматлікія акцыі, выставы кніг на роднай мове. Па-другое, незвычайны падыход тут да першакласнікаў. Штогод пасля заканчэння першай чвэрці для іх праходзіць святочнае мерапрыемства, падчас якога яны становяцца чытачамі бібліятэкі. Акрамя гэтага, бібліятэка працуе ў суботу, у гэты ж дзень тыдня яна прапануе вучням шмат цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў. Напрыклад, апошнім з такіх стаў конкурс на самую лепшую закладку для кнігі.
Пятая школа яшчэ і адзіная ў раёне, у якой працуе сваё тэлебачанне. Запісваюцца ж перадачы ў бібліятэцы, іх трансляцыя таксама вядзецца адсюль.
За такую разнастайную работу бібліятэка атрымлівае ўзнагароды. Напрыклад, у 2013 годзе, удзельнічаючы ў конкурсе “Сучаснай школе — сучасная бібліятэка” , бібліятэкары СШ№5 занялі другое месца ў раёне, а сярод бібліятэк Брэсцкай вобласці — трапілі ў дзясятку лепшых.
Ёсць што пачытаць школьнікам у бібліятэцы і ў вольны ад вучобы час. Для іх прапаноўваюць шмат цікавых перыядычных выданняў. Калі трэба знайсці нейкую інфармыю ў інтэрнэце або раздрукаваць рэферат, школьнікі ізноў жа ідуць у бібліятэку, бо тут гэта можна зрабіць хутка і бясплатна. А вось калі не знаходзіцца патрэбнай кнігі, бібліятэкары пашукаюць яе ў электронным выглядзе ў інтэрнэце, дадуць адпаведныя спасылкі на сайты.
На пытанне: “А што далей? Якія планы ў бібліятэкі?”, — Алена Мікалаеўна кажа, што бібліятэка павінна крочыць у нагу з часам, таму і далей будзе паляпшаць якасць абслугоўвання. У планах – стаць медыятэкай, гэта значыць, набыць большую колькасць электронных дакументаў і стаць інфармацыйным цэнтрам у школе. “Мы на шляху да гэтага і трымаемся гэтай мэты”, — кажа Алена Мікалаеўна.
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).
На здымку: бібліятэкары СШ №5 А.М.Аляксейчык і А.А.Вакульская.