Двойчы – у ліпені і верасні гэтага года – наша газета ўздымала набалелае для жыхароў раёна пытанне аб неабходнасці прыпынку некаторых пасажырскіх паяздоў, якія праходзяць міма станцыі Аранчыцы.
Незадаволіўшыся рэагаваннем, якое рэдакцыя на першую публікацыю атрымала ад кіраўніцтва Беларускай чыгункі, мы зноў выступілі з артыкулам “Цягнікі па-ранейшаму пралятаюць міма…” На гэты раз праўды і справядлівасці пашукалі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
І вось днямі мы атрымалі адказ за подпісам першага намесніка міністра Я.В. Рагачова:
“На ваш артыкул “Цягнікі па-ранейшаму пралятаюць міма…” аб арганізацыі прыпынку цягнікоў рэгіянальных ліній бізнэс-класа на станцыі Аранчыцы паведамляем.
З 27 кастрычніка 2013 г. у некаторых краінах пераводзіцца стрэлка гадзінніка на 1 гадзіну назад, у сувязі з чым Беларускай чыгункай адкарэтаваны графік руху цягнікоў. З гэтага часу для цягнікоў рэгіянальных ліній бізнэс-класа №832/831, №834/833, №836/835 Брэст-Баранавічы-Брэст уведзены прыпынак на станцыі Аранчыцы.
Уводзіць прыпынкі міжнародных цягнікоў Брэст-Саратаў, Брэст-Караганды, Брэст-Новасібірск на станцыі Аранчыцы не плануецца ў сувязі з адсутнасцю ўстойлівага пасажырапатоку”.
Такім чынам, шаноўныя чытычы, з 27 кастрычніка вы зможаце карыстацца паслугамі, кажучы простай мовай, высокахуткаснай электрычкі “Штадлер”, якая рухаецца з Брэста да Мінска. Купіўшы білеты на яе ў Аранчыцах, пасля непрацяглай стаянкі ў Баранавічах, вы без перасадкі зможаце хутка апынуцца ў сталіцы.