Да пачатку чарговага навучальнага года застаўся толькі тыдзень. Зразумела, некаторыя бацькі паспелі да гэтага часу падрыхтаваць сваіх дзяцей да школы, але натоўпы каля прылаўкаў з вучнёўскімі прыладамі і адзеннем не меншаюць. Што ж сёлета падрыхтаваў нам гандаль і ці ўзняўся на чарговы ўзровень сэрвіс у магазінах?
Пра гэта гутарка нашага карэспандэнта з намеснікам старшыні райспажыўтаварыства па гандлі Л.М.Жуковіч.
— Ларыса Мікалаеўна, яшчэ на пачатку лета кіраўніцтва «Белкаапсаюза» абяцала, што недахопу адзення для школьнікаў, вучнёўскіх прылад не бу-дзе ні ў гарадах, ні ў сельскай мясцовасці. Наколькі гэта спраўдзілася ў нашым раёне?
— Так, напачатку лета пачала дзейнічаць распрацаваная намі праграма па задавальненні попыту на гэту прадукцыю. Але ажыятаж пачынаецца, відавочна, у апошнія дні перад пачаткам навучальнага года.
На гэты перыяд мы запланавалі і свае акцыі. Напрыклад, з 21 па 31 жніўня на гандлёвай плошчы каля ўнівермага ў палатках прадаецца ўся неабходная прадукцыя, а 26 жніўня, у нядзелю, на гарадскім рынку пройдзе школьны кірмаш.
Такія ж мерапрыемствы запланаваны і ў сельскай мясцовасці. Мы правялі ўжо выязныя кірмашы ў шэрагу аграгарадкоў і ў гарадскіх пасёлках раёна. Тое ж паўтарыцца і 31 жніўня: запланаваны кірмашы ў гэты дзень у г.п.Ружаны, вёсках Мурава, Клепачы, Магілёўцы, Лыскава, дзе будуць рэалізоўвацца тавары школьнага асартыменту, у тым ліку адзенне і абутак для хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Сёлета, як было падлічана, на тое, каб апрануць дзіця ў школу, трэба ад аднаго да трох мільёнаў рублёў. Для сем’яў, дзе двое, а то і больш школьнікаў, сума ўнушальная. Чым у гэтым плане можа парадаваць наш гандаль?
— Сапраўды, у нашых магазінах, каб апрануць першакласніка, трэба заплаціць 1100-1200 тысяч рублёў. Каб набыць для яго школьныя прылады, трэба яшчэ паўмільёна. І гэта пры тым, што ў дзяржаўным гандлі сёлета цэны ніжэйшыя (на некаторыя тавары нават удвая), чым у прыватнікаў.
Каб яшчэ больш знізіць цяжар на сямейны бюджэт, мы двойчы ў жніўні праводзілі «Вечар нізкіх цэн», калі былі зніжаны цэны на прадукцыю школьнага асартыменту.
Акрамя таго, праходзяць шматлікія акцыі. Напрыклад, «Першы раз — у першы клас» з прадастаўленнем скідкі 7% пры набыцці адзення, абутку і трыкатажных вырабаў для першаклашак на суму звыш мільёна рублёў; пры набыцці канцылярскіх тавараў на суму звыш 500 тысяч рублёў — скідка 5% ад сумы пакупкі. Таксама дадатковае зніжэнне цаны на 5% дзейнічае пры набыцці школьных тавараў на суму звыш 300 тысяч рублёў у першую і апошнюю гадзіны работы.
Усе названыя мной акцыі прадоўжацца да 10 верасня.
— Жнівень застаецца самым затратным месяцам і для шматдзетных сем’яў. Ці акажа гандаль дапамогу ім?
— Для шматдзетных сем’яў і сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, з 14 жніўня па 10 верасня прадугледжана дадатковая скідка ў 10% ад сумы пакупкі. Таксама ёсць і беспрацэнтны крэдыт на паўгода з першапачатковым узносам у 10%.
Такой жа растэрміноўкай — ад трох да шасці месяцаў з тымі ж умовамі — могуць скарыстацца і іншыя нашы пакупнікі.
— На Міншчыне ў сельскіх магазінах можна набыць тавары школьнага асартыменту ў абмен на вырашчаную на ўласным прысядзібным участку садавіну і агародніну. Для жыхароў нашага раёна такая паслуга таксама была б добрай падтрымкай.
— Больш 70 магазінаў райспажыўтаварыства працуюць у сельскай мясцовасці. Вось там і праводзіцца гэта акцыя. Створаны спецыяльныя куткі школьніка, праведзена вучоба з прадаўцамі, усюды размешчана неабходная інфармацыя. Вяскоўцы могуць набываць там школьныя тавары ў абмен на зда-дзеную прадукцыю.
Безумоўна, трэба разумець, што поўны асартымент абутку, адзення, вучнёўскіх прылад мы не можам завезці на кожны гандлёвы аб’ект. Таму дзейнічае стол заказаў, усе заяўкі выконваюцца ў самыя кароткія тэрміны.
Гутарыў Алег Сідарэнка.