За камунальныя паслугі, атрыманыя ў студзені, за карыстанне электраэнергіяй і газам беларусы ўжо плацяць па новых тарыфах. Карэспандэнт «раёнкі» разбіраўся,
што падаражала
Па-першае, за кошт уплаты падатку на дабаўленую вартасць, які складае 20%, вырасла цана электраэнергіі і газу.
За электрычнасць цяпер, замест ранейшых 900 рублёў за 1 кВт/гадзіну, мы плацім 1188 рублёў. Прычым у жыллі з газавай плітой па субсідзіруемым тарыфе можна разлічыцца не больш, чым за 150 кВт/гадзін, за расход электраэнергіі звыш таго — па 1900 рублёў.
Што тычыцца прыроднага газу, то ў снежні ён каштаваў 18800 рублёў з чалавека (калі ёсць лічыльнік — 2368,5 рубля), у студзені — 22600 рублёў (па лічыльніку — 2842,2 рубля).
Па-другое, быў прыняты Указ ад 31.12.2015 г. №535, накіраваны на ўдасканаленне парадку прадастаўлення асобных жыллёва-камунальных паслуг і забеспячэнне зніжэння затрат на іх аказанне. Варта адзначыць, паступовае набліжэнне да стапрацэнтнай кампенсацыі затрат перш за ўсё ўдарыць па кашальках тых, хто жыве не ў прыватным сектары, а ў шматпавярхоўцы.
Што цяпер уваходзіць у тэхабслугоўванне?
Істотныя змяненні адбыліся ў самым азначэнні паслугі «тэхнічнае абслугоўванне».
Згодна з пунктам 1.2 Указа №535, гэты від жыллёва-камунальных паслуг уключае работы па падтрыманні ў спраўным і рабочым стане канструкцыйных элементаў будынка, інжынерных сістэм, забеспячэнне ўстаноўленых параметраў і рэжымаў работы інжынерных сістэм (за выключэннем ліфтаў), падрыхтоўку жылых дамоў да вясенне-летняга і асенне-зімовага перыядаў года.
Дарэчы, калі жыльцы дома не атрымліваюць вышэйпералічаных паслуг, яны маюць поўнае права звярнуцца з прэтэнзіяй да абслугоўваючай арганізацыі за неабгрунтавана ўзятыя грошы.
І яшчэ варта мець на ўвазе, што паняцце «капітальны рамонт» — гэта толькі аднаўленне страчаных функцый будынкаў, а не іх рэканструкцыя.
Нам дапамагла разабрацца ў жыроўках начальнік абаненцкага аддзела Пружанскага КУВП «Камунальнік» Наталля Зялевіч.
Ацяпленне і падагрэў вады
З новага года падняўся тарыф на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Кошт 1 гігакалорыі вырас з 100 088 рублёў да 133 417 рублёў. Асабліва адчувальным павышэнне тарыфу стала для гаспадароў кватэр, дзе ніхто не прапісаны: замест 466 119,8 рублёў за 1 гігакалорыю ажно 854 710,3 рубля.
Асвятленне пад’езда і падвала
Да прыняцця Указа гэтая паслуга ўваходзіла ў пералік работ па тэхабслугоўванні. А з 1 студзеня з мэтай поўнай кампенсацыі затрат на электраэнергію асвятлення месцаў агульнага карыстання і дапаможных памяшканняў дамоў было выдзелена ў асобны радок. Кошт паслугі налічваецца па тарыфах для насельніцтва і залежыць ад таго, колькі кілават энергіі было патрачана на асвятленне месцаў агульнага карыстання.
Як зазначыў падчас «прамой лініі» намеснік міністра ЖКГ Генадзь Трубіла, праверыць правільнасць выстаўленай сумы можна зыходзячы з паказанняў, якія зняты з лічыльніка на асвятленне месцаў агульнага карыстання. Жыллёвая арганізацыя абавязана іх устанаўлівацьу кожным доме, каб людзі маглі разлічыцца па прыборах уліку.
Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў
Уборка месцаў агульнага карыстання, дапаможных памяшканняў жылога дома таксама выдзелена з тэхнічнага абслугоўвання ў асобную асноўную жыллёва-камунальную паслугу. Цяпер жыльцы могуць уплываць на кошт і якасць гэтай паслугі. У прыватнасці, у спажыўцоў з‘явілася права выбару: калі жыхарамі пад’езда прынята рашэнне самастойна прыбіраць месцы агульнага карыстання, выстаўляць аплату за паслугу не будуць.
Ліфт
Раней за ліфт плацілі ў залежнасці ад колькасці жыльцоў, зарэгістраваных у кватэры. Цяпер аплата за ліфт уключае дзве паслугі — тэхнічнае абслугоўванне ліфта і кампенсацыя затрат на электраэнергію, якая спажываецца ліфтам, — спуск і пад’ём кабіны. І з першага студзеня кошт тэхабслугоўвання ліфта залежыць ад плошчы кватэры, а электраэнергіі — ад колькасці зарэгістраваных жыльцоў.
Поўнасцю ад аплаты за ліфт вызваляюцца жыльцы першага паверху. Жыхары другога могуць адмовіцца ад ліфта (толькі ўсім паверхам). Пры гэтым яны не будуць плаціць за электраэнергію, спажытую ліфтам, а кнопка выкліку ліфта ў іх будзе заблакавана.
Вываз смецця
Новы субсідзіруемы тарыф па вывазе і абясшкоджванні смецця пачаў дзейнічаць 31 студзеня і складае 69828 рублёў за кубічны метр. Інакш кажучы, для жылых дамоў без прыся-дзібных участкаў — 10474,2 руб. на аднаго чалавека ў месяц, з прысядзібным участкам — 12219,9 руб. на аднаго чалавека.
Вырас тарыф і для поўнай кампенсацыі затрат на вываз смецця — 77534 рублі за 1 м3. Такім чынам гаспадару жылля, дзе ніхто не зарэгістраваны, давядзецца заплаціць: 11630,1 руб. — за кватэру, 13568,45 руб. — за дом.
Па якіх тарыфах лічым
28 студзеня 2016 года ўступіла ў сілу рашэнне Брэсцкага аблвыканкама №16, згодна з якім вызначаны наступныя тарыфы, субсідзіруемыя дзяржавай: тэхабслугоўванне — 994,9 руб/кв.м, капрамонт — 880 руб/кв.м, халоднае водазабеспячэнне — 4765,9 руб/ куб.м, водаадвядзенне (каналізацыя) — 4148,8 руб/куб.м., тэхабслугоўванне ліфта — 617 руб/кв.м.
Дарэчы…
Усе факты вандалізму ў пад’ездзе будуць ухіляцца ў рамках бягучага рамонту за кошт саміх жыльцоў.
Лічылка «РБ»
У сакавіку мы атрымаем жыроўкі за люты: плата за некаторыя камунальныя паслугі па новых тарыфах будзе налічана ўжо за цэлы месяц.
Па папярэднім падліку, прыблізна ў такія сумы абыдзецца пражыванне ў двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв.м сям’і з трох чалавек у лютым:
тэхнічнае абслугоўванне жылога дома — 47 755 рублёў,
капітальны рамонт — 42 240 рублёў,
ацяпленне — 173 442 рублі,
падагрэў вады — 62 449,48 рубля,
водазабеспячэнне (па ліміту на 3 чалавекі) — 58 049 рублёў,
каналізацыя — 50 533 рублі,
вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў — 31 423 рублі,
асвятленне месцаў агульнага карыстання — 5000 рублёў.
Усяго: 470 891,48 рубля.
Калі ў доме ёсць ліфт, да гэтай сумы дабавіцца тэхнічнае абслугоўванне ліфта — 29616 рублёў і электраэнергія на работу ліфта — 5000 рублёў. Тады агульная сума складзе — 505 507,48 рубля.
Звяртаем увагу: у кожнай сям‘і рознае спажыванне святла, цяпла і электрычнасці, таму сума аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі можа істотна адрознівацца.
Як даражэла камуналка
ў розныя гады?
(Падлікі прыблізныя, зроблены для кватэры плошчай 46,9 кв.м, дзе пражываюць тры чалавекі)
Жнівень 1989 года 12 рублёў 60 капеек ($17)
Жнівень 1995 года 117 367 рублёў ($10)
Жнівень 2000 года 2 762 рублі ($3)
Жнівень 2004 года 57 000 рублёў ($26)
Жнівень 2005 года 71 870 рублёў ($33)
Жнівень 2009 года 68 890 рублёў ($24)
Студзень 2010 года 126 710 рублёў ($44,7)
Студзень 2012 года 168 588 рублёў ($20)
Студзень 2015 года 441 514 рублёў ($27,4)
Студзень 2016 года 429 696 рублёў ($22,3)
Падрыхтавала Марына ВАКУЛЬСКАЯ.