У музеі «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» адкрылася новая выстава. Экспазіцыя створана на аснове работ, намаляваных падчас мінулагодняга летняга мастацкага пленэра, і прысвечана ў першую чаргу Станіславу Жукоўскаму.
Сёння Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў ХХІ стагоддзя з Санкт-Пецярбурга імкнецца адрадзіць і развіваць далей такія накірункі мастацкай рэалістычнай школы, як лірычны пейзаж і інтэр’ерны жанр, страціўшыя папулярнасць у мастакоў.
Менавіта з гэтай мэтай летась з 3 па 19 чэрвеня таварыства наладзіла пленэры ў Нясвіжы і на тэрыторыі Пружанскага раёна. Адзін з іх прайшоў, напрыклад, на базе маёнтка Жураўлінае, цяперашнія гаспадары якога — Святлана і Іосіф Машкалы — па-ранейшаму звязваюць сядзібу з імем Станіслава Жукоўскага. Тады ў Вялікім Сяле, Ружанах і Нясвіжы для рэалізацыі праекта сабраліся не толькі мастакі, але і паэты, музыканты, вакалісты з розных куткоў Беларусі, Расіі і Узбекістана.
У выніку для паказальнай выставы ў музеях нашай краіны было адабрана больш васьмі дзясяткаў работ. Магчымасць пазнаёміцца з лірычнымі пейзажамі, выкананымі майстрамі сучаснай мастацкай рэалістычнай школы, сёння ёсць і ў наведвальнікаў Ружанскага музея. Экспазіцыя будзе чакаць цікаўных да канца сакавіка.
Марына Вакульская, фота аўтара.