Понедельник, 2 декабря 2024

Пять ярких мгновений лета, или Впечатления от посещения Европы

2 521

І ўсё ж як добра, што ёсць апантаныя ідэяй людзі! З такімі не толькі работа ідзе спарней — мары ажыццяўляюцца. Доўгачаканую мару дзяцей харэаграфічнага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы дапамагла ажыццявіць гэтым летам загадчыца аддзялення Таццяна Міхайлаўна Дварадкіна: з аўтатурам па Еўропе яны наведалі Польшчу, Германію, Нідэрланды, Францыю і Чэхію.DSC_0308

Дарога

Што кідаецца ў вочы адразу, як толькі перасякаеш беларуска-польскую мяжу і аказваешся на так званым “аўтабане”, дык гэта агароджа ўздоўж усёй аўтамагістралі, якая цягнецца на тысячы кіламетраў па тэрыторыі не толькі Польшчы, але і іншых краін Еўрасаюза. У асноўным гэта — сетка, якая нацягнута для таго, каб дзікія звяры не маглі раптоўна з’явіцца на хуткаснай трасе. Для іх пераходу ўзведзены спецыяльныя масты праз дарогу, па баках знарок абшытыя дошкамі, каб звяры не бачылі і не пужаліся машын. Таму ні зайца, ні вожыка, забітага транспартам на дарозе, там не ўбачыш. Раз-пораз металічная сетка перарываецца высачэзнымі сценамі з металапрофілю. За імі, як патлумачыла суправаджаючая турыстаў, знаходзяцца асобныя дамы ці цэлыя вёскі. Такім чынам людзі абаронены ад празмернага шуму. Таму людзей з акна камфартабельнага аўтобуса ўздоўж аўтамагістралі рэдка ўбачыш, а вось казулі і зайцы, якія абсалютна прывольна адчувалі сябе па другі бок сеткі ад дарогі, — з’ява, аказваецца, для Еўропы звычайная. DSC_0290

Асаблівасць еўрапейскіх краявідаў – шматлікія ветраныя генератары, устаноўленыя на адкрытай мясцовасці. Чым часцей яны сустракаюцца, тым бліжэй буйны населены пункт ці горад. А значыць, неўзабаве палі, пераважна кукурузныя, і лясістую мясцовасць зменяць пабудовы.

Жэпін

Так называўся невялікі польскі горад на мяжы з Германіяй, у гатэлі якога давялося спыніцца на начлег. Аднак спярша мы скарысталіся магчымасцю пазнаё-міцца з гэтым невялікім і ўтульным гарадком. Яго адметнасць – грандыёзны па сваіх памерах і велічнасці старажытны касцёл. А яшчэ, што падалося незвычайным, жылыя двухпавярховыя дамы ў старой частцы забудовы са скразнымі пад’ездамі-аркамі і дзвярыма многіх кватэр, якія выходзяць прама на тратуар. Жэпін выклікаў прыхільнасць чысцінёй і дагледжанасцю пабудоў (многія з якіх старадаўнія) і… рускай мовай. Шыльду на гэтай мове, хоць і з некаторымі арфаграфічнымі памылкамі, мы ўбачылі на помніку савецкім воінам, якія загінулі падчас вызвалення горада ад фашыстаў (менавіта так там напісана). Па кветках і ўмелым азеляненні каля помніка і магіл невядомых салдат каля яго бачна, што месца гэтае не забыта.

 Берлін

Мы не заўважылі, калі перасеклі мяжу паміж Польшчай і Германіяй, бо яе, як, дарэчы, і паміж іншымі краінамі Еўрасаюза, проста няма. Берлін сустрэў грандыёзнай будоўляй. Як нам растлумачылі, такім чынам немцы сціраюць успамін пра Усходні Берлін, калі пасля Другой сусветнай вайны гэтая частка горада лічылася акупацыйным сектарам Савецкага Саюза. Зараз там вядзецца актыўная рэканструкцыя ці перабудова аб’ектаў, узведзеных “за савецкім часам”.SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Тым не менш, віртуозна праехаўшы ля, здавалася, бясконцых будаўнічых  рыштаванняў і рэшткаў Берлінскай сцяны, як сімвала халоднай вайны, мы аказваемся ля ўнікальных нямецкіх славутасцей – царквы святой Марыі, Брандэнбургскіх варот, Чырвонай ратушы, рэйхстага… SAMSUNG DIGITAL CAMERAБерлін уражвае мноствам турыстаў і разнастайнасцю транспартных сродкаў (побач з аўтамабілямі на вуліцах у гістарычнай частцы горада можна ўбачыць і карэту, запрэжаную коньмі, і цуда-веласіпед, падобны на стол, педалі на якім круцяць з дзясятак задаволеных турыстаў, адначасова пацягваючы піва). Уважлівасць і ветлівасць у адносінах да акружаючых тут адчуваецца паўсюдна. Дарэчы (і гэта датычыць не толькі немцаў, але, як аказалася, галандцаў, французаў і чэхаў), каб цябе зразумелі, зусім не абавязкова ведаць іх мову. Дзе б ні даводзілася быць: музей гэта ці магазін, — мы ўсюды былі зразуметы, бо ў вачах акружаючых чыталі шчырае жаданне дапамагчы….

SAMSUNG DIGITAL CAMERAУ адрозненне ад нашай сталіцы, у еўрапейскіх дазваляецца не толькі хадзіць, але і ляжаць на газонах, адпачываць на ўсемагчымых прыступках і прама на тратуары. Падобнае мы бачылі нават на тэрыторыі памятных мясцін, як, напрыклад, ля мемарыяльнага помніка воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях за Берлін, і ля мемарыяла цыганам — ахвярам нацызму, нядаўна адкрытым у Берліне. Галоўнае, як лічаць еўрапейцы, адчуць на тым месцы важнасць мінулых падзей.

Амстэрдам

Уразіў проста казачнай прыгажосцю і… цэлым морам веласіпедаў. Любое знаёмства са сталіцай Нідэрландаў пачынаецца з плошчы Дам. Гэта цэнтральная плошча, ад якой ва ўсе бакі адыходзяць шматлікія вулачкі з мноствам магазінаў, кафэ, рэстаранаў. Аднак галоўнай славутасцю плошчы з’яўляецца Каралеўскі палац, музей васковых фігур мадам Цюсо, нацыянальны манумент. Амстэрдам, які стаіць на каналах, нечым нагадвае Санкт-Пецярбург, з такімі ж велічнымі цаглянымі пабудовамі, толькі ярка пафарбаванымі. Некаторыя будынкі нахілены над вузкімі, вымашчанымі каменнем вулачкамі: ці знарок пабудаваныя так па задуме архітэктара, ці пахіліліся з-за падмывання падмурку грунтовымі водамі. Гэта надае ім асаблівы каларыт. Амстэрдамцы вельмі любяць і шануюць свой горад, ганарацца яго гісторыяй і непаўторнасцю. Напрыклад, дагэтуль захаваліся дамы з выступаючымі на вуліцу бэлькамі з крукамі на іх. Некаторыя навасёлы дагэтуль выкарыстоўваюць іх для падняцця мэблі на верхнія паверхі.SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Мноства кветак – у разнастайных вазонах прама на вуліцах, на падаконніках і нават на “плывучых” дамах (пераабсталяваных невялікіх суднах) на каналах Амстэрдама – адметнасць гэтага горада. Не выпадкова, што найвялікшы і найпрыгажэйшы рынак кветак таксама знаходзіцца тут. І мы не ўтрымаліся, каб  яго не наведаць. Як, дарэчы, і самую вялікую ў Еўропе алмазную фабрыку. Хто ведае, магчыма, і некаму з пабываўшых там юных пружанцаў спатрэбяцца веды і пра караты, і пра каштоўныя камяні?..SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Пра веласіпедыстаў хочацца сказаць асобна. Складваецца ўражанне, што тут іх больш, чым пешаходаў і аўтамабілістаў разам узятых. Прапаганда гэтага віду транспарту вядзецца на самым высокім узроўні. У Амстэрдаме нават члены ўрада ездзяць на працу на веласіпедах. Галандцы жартуюць, што з-за веласіпедных дарожак, якія з’яўляюцца нават на самых вузкіх вуліцах, хутка і пешаходам прайсці будзе не магчыма. Веласіпедысты там паўсюдна. І што дзіўна, іх двуколавы танспарт, як правіла, без усялякіх замкоў і нумароў. Нашы дзеці не пераставалі здзіўляцца, як наогул сярод такога мноства можна  пазнаюць свой веласіпед. А я, у сваю чаргу, здзіўлялася і захаплялася цярплівасцю галандскіх вадзіцеляў: бясконца прапускаючы пешаходаў і веласіпедыстаў, здавалася, яны больш стаяць, чым рухаюцца. У нас такога не пабачыш…  SAMSUNG DIGITAL CAMERA

Дух неверагоднай свабоды – яшчэ адна асаблівасць, якая адрознівае Амстэрдам ад іншых гарадоў. Тут не заўважыш варожага позірку. Складваецца ўражанне, што нікому да цябе наогул няма ніякай справы, як і табе да іншых… Хаця такая свабода ў некаторых яе праяўленнях падаецца нам празмернай. Гід расказала, што ў Нідэрландах амаль усе грамадзяне лічаць сябе атэістамі. Там паўсюдна зачыняюцца культавыя ўстановы, у якіх затым адкрываюцца казіно, кафэ, дыскатэкі. Перад адзінай яшчэ дзеючай у Амстэрдаме царквой устаноўлены помнік… прастытутцы. А над многімі ўстановамі развіваюцца сцягі колераў вясёлкі – так пазначаюць месцы збору гомасексуалісты. Такая яна, свабода па-галандску…

Галіна Каляда, фота аўтара.

(Заканчэнне будзе).

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *