10 верасня прайшоў Сусветны дзень папярэджання самазабойстваў. Статыстыка засмучае: штогод самагубства ўчыняюць да 1 млн. чалавек ва ўсім свеце, у тым ліку 163 тысячы ў еўрапейскім рэгіёне. Самагубства з’яўляецца 13-ай па ліку прычынай смерці ва ўсім свеце, а ва ўзроставым дыяпазоне 15-35 гадоў у Еўропе яно займае другое месца пасля дарожна-транспартных здарэнняў. За шэсць месяцаў бягучага года на Пружаншчыне самазабойствам скончылі жыццё 5 чалавек, летась за такі ж перыяд — 9. У сацыяльных сетках часта можна ўбачыць, што ў Беларусі не развіта сістэма псіхалагічнай дапамогі, маўляў, чалавеку няма да каго пайсці са сваімі праблемамі. Псіхатэрапеўт Пружанскай ЦРБ К. Л. Тарасюк лічыць, што гэта не так.
— Сёння дзяржава вельмі зацікаўлена, каб знізіць колькасць самазабойстваў і павысіць якасць жыцця. Толькі пры Пружанскай ЦРБ працуюць псіхатэрапеўт, псіхіятр і псіхолаг. Акрамя таго, псіхолагі ёсць у іншых установах. Адразу назаву час сваёй працы: з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00 гадзін з панядзелка па пятніцу. Чакаю жадаючых у кабінеце №4. Псіхолаг прымае ў кабінеце №17 з 9.00 да 12.30. Прыём без талонаў, дапамогу можна атрымаць наогул ананімна.
— Кацярына Леанідаўна, у многіх узнікаюць сумненні, што чалавек у белым халаце пасля некалькіх размоў можа вярнуць цікавасць да жыцця…
— Многія самазабойцы на самой справе не жадаюць памерці — яны проста глыбока няшчасныя і не задаволены сваім жыццём. Калі яны атрымаюць своечасовую падтрымку, іх імкненне жыць узмацняецца, а суіцыдальная рызыка зніжаецца. Вельмі важна выслухаць чалавека. Ужо сама прапанова дапамогі і гатоўнасць выслухаць з’яўляецца важным крокам да таго, каб аслабіць узровень суіцыдальнага адчаю. Трэба дапамагчы навесці мост над прорвай, створанай недаверам і роспаччу, і даць чалавеку надзею на змену абставінаў да лепшага. Такую дапамогу магчыма атрымаць у псіхолага, псіхатэрапеўта або псіхіятра паліклінікі.
— А ці могуць такую дапамогу аказваць блізкія?
— І могуць, і павінны. Калі блізкі вам чалавек раптам стаў замкнёным, згубіў інтарэс да таго, што раней цікавіла, заводзіць размовы пра тое, што жыццё не мае сэнсу, або раптам робіць родным і сябрам дарагія падарункі, раздае ўласныя рэчы, неабходна насцярожыцца і прымаць меры. Па-першае, ні ў якім разе нельга ігнараваць размовы аб сэнсе жыцця. Гэта міф, што чалавек, які выказвае думкі аб самагубстве, ніколі яго не ўчыніць. Амаль кожны самазабойца напярэдадні суіцыду некаму заяўляў аб сваім намеры. Па-другое, неабходна выслухаць, не перапыняць, не даваць ацэнку (напрыклад: “Ну ты і слабак, што з-за гэтага хвалюешся”). Выказваць сваю падтрымку трэба без пустых абяцанняў. Не абяцайце тое, што не збіраецеся або не можаце выканаць. Ну і, зразумела, паспрабуйце прапанаваць прафесійную дапамогу. Адразу скажу, што суіцыдальныя настроі не праходзяць хутка.
— А па якіх прыкметах можна здагадацца, што крызіс ужо мінуў?
— Чалавек пачынае будаваць планы на будучыню, сочыць за сабой, у яго павышаецца фон настрою, з’яўляюцца аптымістычныя выказванні. Але тут важна не прапусціць адзін момант: гіперактыўнасць можа сведчыць і аб адваротным. Магчыма, чалавек ужо рашыўся на апошні крок і проста сабраў усе сілы на яго выкананне. Лепей не рызыкаваць і ўсё ж такі звяртацца да спецыялістаў. Можаце скарыстацца тэлефонам даверу: 8-0162-40-62-26, тэлефанаваць можна кругласутачна.
— Кацярына Леанідаўна, сучаснае мастацтва часам рамантызуе вобраз самазабойцы, а правілы паводзінаў з такімі людзьмі прыходзяць таксама хутчэй з фільмаў, чым з вуснаў прафесіяналаў. Раскажыце, калі ласка, што выдумка, а што на самой справе карысна?
— Так, вакол суіцыдаў заўсёды шмат міфаў, пра самы распаўсюджаны я ўжо казала. Часта можна пачуць такую памылковую думку: маўляў, пасля няўдалай спробы наступнай не будзе. На справе ж 80 працэнтам завершаных суіцыдаў папярэднічалі няўдалыя спробы. Самая жудасная памылка заключаецца ў перакананні, што чалавеку, які захацеў пакончыць з жыццём, нічога ўжо не дапаможа і ён усё роўна здзейсніць намер. На самой справе большасць самазабойцаў хочуць жыць, проста яны не ведаюць, як знайсці выйсце са сваіх праблем. Яны няшчасныя, але жадаюць, каб іх выратавалі!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
*Кожныя 40 секунд дзе-небудзь у свеце чалавек здзяйсняе самагубства.
*Кожныя 3 секунды хтосьці прадпрымае суіцыдальную спробу.
*Самагубства з’яўляецца адной з трох галоўных прычын смерці маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў.
*Кожнае самагубства так ці інакш закранае, па меншай меры, шасцярых іншых людзей.