Сёлета па псіхалагічную дапамогу ў адпаведную службу цэнтральнай раённай бальніцы звярнуліся 168 чалавек, колькасць наведванняў склала 450.
Хто ідзе да спецыяліста і каму гэта проста неабходна? Якія хваробы можна вылечыць гутаркай? Адказы на пытанні — у нашым інтэрв’ю з псіхолагам псіхолага-псіхіятрычнай службы ЦРБ Таццянай Саўчук.
— Кантынгент пацыентаў, якія звяртаюцца да псіхолага па дапамогу, вельмі разнастайны, — кажа Таццяна Васільеўна. — Хоць першапачаткова наша служба стваралася з разлікам на працу толькі з дарослымі людзьмі, але, аказалася, маюць патрэбу ў дапамозе і дзеці, падлеткі. Характэрна, што мужчын звяртаецца амаль столькі ж, як жанчын. Нямала людзей пажылых. Верагодна, што гэтаму спрыяе актыўная папулярызацыя псіхалогіі ў СМІ. Значны працэнт пацыентаў трапляе да нас пасля кансультацый урачоў розных профіляў. Напрыклад, чалавек скар-дзіцца на галаўныя болі, пройдзены ўсе абследаванні, а хвароба не выяўлена. Тады пачынаецца работа з псіхолагам: магчыма, у такі боль выліліся нейкія хваляванні ці крыўды. Тое ж тычыцца праблем з ціскам, бяссонніцай, стомленасцю і дрэнным настроем.
— Таццяна Васільеўна, але ж, напэўна, да вас больш звяртаюцца тыя, хто адчувае псіхалагічны дыскамфорт, а не фізічны?
— Гэтыя паняцці вельмі цесна звязаны. Адно выклікае другое. Я хацела б растлумачыць, каму можа дапамагчы псіхолаг, а каму такая дапамога проста неабходна.
Псіхолаг можа дапамагчы:
*пры цяжкасцях: у зносінах, у прыняцці рашэнняў, ва ўзаемаадносінах;
* пры стрэсах і псіхалагічных траўмах: развод, смерць блізкага чалавека, фізічны або маральны гвалт;
* пры адчуванні страты сэнсу жыцця, «страты сябе», пачуццях адзіноты і безвыходнасці.
Заняткі з псіхолагам могуць быць вельмі карысныя ў плане паляпшэння навыкаў зносін, разумення сябе, свайго душэўнага складу, зносін з навакольнымі, навучання новым формам паводзін, развіцця ўласнай асобы і г.д.
У ходзе такой працы чалавек можа змяніць мысленне і лад жыцця — навучыцца жыць вальней і прадуктыўней, лягчэй пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, паўней раскрыць сябе.
Некаторыя цяжкасці чалавек спрабуе пераадолець самастойна, але без дапамогі прафесійнага псіхолага вам не абысціся, калі:
-вы заўважаеце, што перапоўнены злосцю або адчаем і больш не можаце атрымліваць асалоду ад жыцця;
— вы не можаце спаць;
-раней вы былі здаровыя, а цяпер часта дрэнна сябе адчуваеце;
-ваша работа або вучоба выйшла з пад кантролю, і вы не ведаеце, ці ў стане працаваць (вучыцца) паспяхова далей;
-вы не можаце пераадолець перажыванні ад смерці або страты таго, каго вы вельмі любілі;
-у вашай сям’і існуе вельмі шмат канфліктаў;
-вы ўжываеце алкаголь ці іншы тып прэпарата, які перашкаджае вашаму жыццю;
-вы адчуваеце безна-дзейнасць, думаеце пра самагубства і смерць.
— Зразумела, што праблемы ўзнікаюць у дарослых. Але чаму так многа дзяцей, якім патрэбна дапамога псіхолага? Здавалася б, дзяцінства — найшчаслівейшы час.
— Адразу адзначу, што ўдзел псіхолага значна павышае эфектыўнасць лячэння многіх дзіцячых за-хворванняў. Медыкаментознага лячэння недастаткова, калі ў дзіцяці энурэз ці заіканне, многія іншыя хваробы. Калі разважаць, чаму ў дзяцей узнікаюць псіхалагічныя праблемы, можна выдзеліць наступныя групы. Праблемы дарослых заўсёды адбіваюцца на дзецях. Хацелася б звярнуцца да ўсіх бацькоў: ніколі не высвятляйце адносін пры дзецях, ніколі! Нават калі вам падаецца, што дзіця нічога не разумее, гэта не так. Дзеці ўсё разумеюць, а адчуваюць яшчэ вастрэй.
Асобная тэма – школьныя нагрузкi. Не патрабуйце ад дзіцяці абсалютных поспехаў: ва ўсіх розныя здольнасці і таленты. Не параўновайце яго поспехі з поспехамі іншых. Значна больш карысна параўноўваць дзiця з самiм сабой у мiнулым і адзначаць цяперашнія вынiкi. Бацькі павінны памятаць, што ацэнка дарослага вельмі ўплывае на самаацэнку дзіцяці.
Не заўсёды атрымліваецца наладзіць адносіны са сваімі равеснікамі, шмат праблем узнікае ў школе. Я бы параiла бацькам звяртаць увагу не толькi на адзнакi, але і на тое, як адчувае дзiця сябе ў школе, цi мае яно там сяброў, як складваюцца адносiны з настаўнiкамi. Магчыма, для дзiцяцi значна лепш не амбiцыйны настаўнiк, якi звяртае ўвагу толькi на вучэбныя вынiкi, а той, што iмкнецца стварыць добрыя зносiны ў калектыве, спакойную, добрую абстаноўку, не дапушчае асаблiвага стаўлення да асобных вучняў. Дзiця павiнна адчуваць сябе камфортна ў школе.
— Наколькі мне вядома, кансультацыі псіхолага і псіхатэрапеўта бясплатныя?
— Так, пакуль паслугі нашай службы бясплатныя. Запісацца на прыём можна па нумары 9-04-65.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Наша даведка:
Усяго па выніках мінулага года на ўліку ў Пружанскай ЦРБ па класе захворванняў «Псіхічныя расстройствы і расстройствы паводзін» стаяць 3254 чалавекі. У тым ліку:
дарослыя — 2987 чалавек;
падлеткі — 119 чалавек;
дзеці — 148 чалавек.