Суббота, 15 марта 2025

Прэм’ера рубрыкі «Куфэркі памяці»: Як Сталін сабою ікону закрыў…

1 527

Напэўна, амаль у кожнай хаце  ёсць куфэрак (ці, магчыма, невялікая скрыначка альбо, наадварот, цэлая паліца ў шафе, антрэсолі ці камодзе), дзе захоўваецца самая неверагодная каштоўнасць. Не, не тая каштоўнасць, што вымяраецца ў грашовым эквіваленце, а тая, даражэй якой, стаўшай неад’емнай часткай сямейнай гісторыі, для вас нічога няма…IMG_9145_1919

Такі куфэрак ёсць і ў вас? Тады раскажыце нам пра рэч, якую беражліва захоўваеце, падзяліцеся гісторыяй, якая з ёй звязана, і чым дарагая яна для вашай сям’і. Прыміце ўдзел у новым народным праекце «раёнкі» — «Куфэрак памяці»! Падзяліцеся сваёй сямейнай гісторыяй: пішыце, тэлефануйце ў рэдакцыю — і мы прыедзем да вас.

У жыхаркі Пружан Н.М.Несцеравай ёсць нямала рэчаў, дарагіх яе сэрцу,  з імі жанчына не расстаецца дзясяткі гадоў.

— Адна з маіх фамільных каштоўнасцей наогул не памесціцца ў ніякія куфэркі: гэта бацькоўскі дом, — усміхаецца Неаніла Мікалаеўна, перабіраючы рарытэтныя штучкі, але сур’ёзна працягвае, паказваючы, што не жартуе: — Звярніце ўвагу, я нічога тут не перамайстроўвала на сучасны лад: не хачу ніякіх сайдынгаў, гіпсакардонавых столяў — хачу захаваць дом самабытным, з разнымі аканіцамі, з падлогай з пушчанскай драўніны… Сярод дзясятка альбомаў з паштовымі маркамі (яны засталіся як успамін аб дзіцячым хобі), старадаўніх сумачкі, люстэрка, грэбеньчыка Неаніла Мікалаеўна знаходзіць невялічкі пакунак, з якога дастае старэнькую, з паўразваленай рамкай іконку і малітоўнік.

— Гэта атрыбуты з вянчання маіх бацькоў, — каменціруе Н.М.Несцерава. — Яны дажылі да залатога вяселля, заўсёды з’яўляючыся прыкладам сямейных адносін для астатніх: татачка — сапраўдны здабытчык для сям’і, франтавік, паважаны чалавек, мамачка — цудоўная гаспадыня, клапатлівая, мудрая жанчына.

Падчас расказаў Неанілы Мікалаеўны пра сваю сям’ю, выпрабаванні, якія выпалі на долю кожнага з яе членаў, адчуваецца ўся непадробная прыхільнасць нават да дробязяў, якія засталіся як успамін пра родзічаў. І вось адзін з іх…

— У перыяд, калі ішлі ганенні на святароў і вялася антырэлігійная палітыка сярод насельніцтва, у горадзе пайшла пагалоска, што дамы настаўнікаў без папярэджанняў наведваюць, каб азнаёміцца з умовамі іх пражывання, побытам, які нямала можа расказаць пра сваіх гаспадароў. Справа ў тым, што настаўнік у тыя часы лічыўся своеасаблівым эталонам для пераймання. Мая старэнькая бабуля — прыхільнік традыцый продкаў і, натуральна, чалавек вельмі набожны — трымала ў сваім пакоі іконку, што супярэчыла палітыцы партыі. Цётка, якая працавала настаўніцай, была ў адчаі: бабуля і слухаць не хацела, каб схаваць іконку ў нябачнае месца. Таму  звярнулася да старэйшай сястры — адзінай, хто яшчэ мог неяк паўплываць на маці. Але тая вырашыла праявіць кемлівасць — дастала з гарышча партрэт і параіла паставіць яго ў пярэднім пакоі, дзе і жыла сястра: маўляў, далей з праверкай ніхто не пойдзе. Праз некаторы час камісія сапраўды завітала ў іх дом, і сапраўды далей пярэдняга пакоя не пайшла. З партрэта ў поўны  рост на іх глядзеў… Сталін.

Той партрэт правадыра ўсіх народаў не захаваўся, а іконка і зараз саграе людскія сэрцы…

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *