Сёлетняя зіма даставіла нямала клопатаў камунальным службам.
— Часам нам не хапала 24 гадзін сутак,— успамінае нядаўнюю аўральную абстаноўку на гарадскіх вуліцах галоўны інжынер КУВП «Камунальнік» А.А.Мацявін.
На ліквідацыю снежных заносаў у горадзе адначасова выязджала да трох дзесяткаў рознай тэхнікі. У тым ліку не толькі «Камунальніка» і яго ўчастка «Добраўпарадкаванне». На вуліцах штодзень працавала тэхніка крухмальнага завода з пасёлка Інтэрнацыянальны, ААТ «Пружанскі райаграсервіс», «Водаканала», ПМК-21, ПМК-22, аўтапарка №11, ільнозавода, ПСМ… Механічны ўчастак «Камунальніка» дзяжурыў кругласутачна. За люты на ўборцы снегу было расходавана ў два разы больш гаручага, чым звычайна ў гэты зімовы час.
— Без перабояў у графіку руху аўтобусаў, затораў легкавых аўтамабіляў у двары ці на вуліцы ў такой абстаноўцы не магло абысціся,— працягвае свой аповед Аляксандр Анатольевіч.— Але такіх ступараў, як у Еўропе,— іх і цяпер, здараецца, транслююць па тэлебачанні, — у нас не назіралася. Калі ноччу валіў снег, ранкам абавязкова перад аўтобусам ішоў грэйдэр…
Снегапады мінулі. Але працоўнае напружанне ў «Камунальніку» не змяншаецца. Галоўная надзённая задача — вызваліць горад ад снежных гор на газонах і каля агароджаў. За бюджэтныя сродкі была набыта снега-ўборачная машына. Спачатку снег з газонаў ссоўваецца на праезную частку. Потым транспарцёр грузіць яго на самосвалы shaanxi. Вывозяць снег за горад тры дзесяцітонныя КАМазы. А яшчэ дапамагаюць рабочым: днём — сонейка, ноччу — невялікія замаразкі.
— Праз тыдзень-другі,— перакананы А.А.Мацявін,— наш горад стане па-вясноваму чыстым.
Ганна Хадаровіч, фота Аляксандра Мелеша.