Понедельник, 28 апреля 2025

Пружаны посетил заместитель премьер-министра Анатолий Калинин. Возможно проведение внеочередной аттестации работников ЖКХ и закрытие ресторана «Питер»

3 270

У панядзелак у Пружанах вёў прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб намеснік прэ-м’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.М.Калінін.

Анатоль Мікалаевіч удзяліў пружанцам нават больш часу, чым планавалася — замест запланаваных паўтары гадзіны чыноўнік вёў дыялог з людзьмі амаль удвая даўжэй.IMG_4801

На прыёме ўздымаліся пытанні не толькі прыватнага парадку. Некаторыя праблемы маюць таксама і грамадскі інтарэс. З ліку такіх быў зварот Д.А.Кулешы, які прадстаўляў інтарэсы членаў ЖБК-14. Для забудоўшчыкаў адзін квадратны метр жылля крэдытуецца на суму 6,1 мільёна рублёў — у Беларусі такі гранічны нарматыў кошту 1 кв.м для атрымання льготнага крэдыту. Але на справе яго кошт, згодна з разлікамі Пружанскага УКБ, перавышае больш 11 мільёнаў рублёў. Розніцу паміж устаноўленым законам максімумам і рэальным коштам 1 кв.м ільготнік павінен кампенсаваць за кошт асабістых сродкаў альбо дадатковай пазыкі пад камерцыйны працэнт. Таму шматдзетны тата прасіў разгледзець магчымасць знайсці для пружанцаў нейкую альтэрнатыву — у выглядзе павышэння суммы льготнага крэдытавання альбо камерцыйнага крэдытавання пад разумны працэнт.

Але абнадзейваючага адказу чыноўнік не даў: «Такая сітуацыя ў жыллёвым будаўніцтве існуе па ўсёй краіне, і зрабіць выключэнне ў прыватным парадку немагчыма. Набыццё асабістага жылля ва ўсе часы было справай нялёгкай і затратнай, а асноўная нагрузка, як і ва ўсім свеце, ускладвалася на плечы насельніцтва. Тым больш, што на сённяшні дзень у казне няма столькі сродкаў, каб выдаваць крэдыты на самых выгадных для насельніцтва ўмовах. Верагодна, з часам дзяржаўная дапамога стане яшчэ больш адраснай».

Найбольш пытанняў тычылася жыллёва-камунальнай сферы. У прыватнасці, жыхары Белавусаўшчыны незадаволены як якасцю пітной вады, так і яе падачай — у «гадзіны  пік» з-за недастатковага ціску вада з кранаў амаль не цячэ. І А.М. Калінін палічыў зварот слушным: патрабаванне паляпшэння якасці паслугі — жаданне натуральнае. Каб мець магчымасць зрушыць справу з месца, Анатоль Мікалаевіч запатрабаваў ад мясцовых службаў зрабіць нарэшце хаця б праект. Толькі тады можна выходзіць з хадайніцтвам на аблвыканкам аб уключэнні будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў гэтым аграгарадку ў абласную праграму.

Нямала прэтэнзій у жыльцоў дома №4 па вуліцы Савецкай. Людзі незадаволены не толькі капрамонтам дома, які, дарэчы, паводле іх слоў, толькі пагоршыў умовы іх пражывання, але і адсутнасцю дзіцячых пляцовак у горадзе, незаконнай пабудовай хлявоў і гаражоў за кінатэатрам «Спадарожнік»…

Некаторыя заўвагі былі адхілены, але ў большасці пытанняў жанчыны сапраўды мелі рацыю. Старшыня райвыканкама М.М.Серкоў падзяліўся планамі ўлад на гэты конт: напрыклад, паколькі зносіць ці пераносіць гаражы немэтазгодна, у згаданым месцы мяркуецца сфарміраваць гаражны кааператыў, а ў горадзе штогод будуць добраўпарадкоўвацца па дзве дзіцячыя пляцоўкі, дзве аўтастаянкі і асфальтавацца дзве вуліцы. Безумоўна, горадабудаўнічая палітыка будзе вызначацца па ўзгадненні з грамадскасцю.

Асаблівае абурэнне работай ЖКГ у чыноўнікаў выклікалі параўнанні капрамонтаў некаторых дамоў у горадзе. «Вы стварылі прэцэдэнт, замяніўшы сталярныя вырабы ў адным доме і адмовіўшы ў гэтым жыхарам другога»,— заўважыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама В.Я Сакоўскі, звяртаючыся да прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай галіны. Віктар Яўгенавіч быў настолькі незадаволены работай камунальшчыкаў, што выказаў прапанову правесці пазачарговую атэстацыю спецыялістаў сістэмы ЖКГ.

Праблема, з якой сутыкнуліся жыхары шматпавярхоўкі па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе ў падвальным памяшканні знаходзіцца рэстаран «Піцер», у райвыканкаме вядома. І быццам бы не так даўно кіраўніцтва ўстановы і жыхары дома знайшлі кампраміс: да музычнай апаратуры былі куплены лімітары — дынамічныя абмежавальнікі гуку, дзякуючы якім шумы ў кватэрах значна ніжэйшыя за норму. Але па-за зонай дзеяння спецыяльнага прыбора застаюцца чалавечыя гукі, якія даносяцца з рэстарана. А.М.Калінін, нягледзячы на запэўніванне, што ў бліжэйшы час будуць праве-дзены работы па гукаізаляцыі памяшкання, адказаў лаканічна: «Мы павінны думаць у першую чаргу пра тое, як забяспечыць насельніцтву камфортныя ўмовы пражывання. Тут патрэбен кампраміс, а калі ён не будзе знойдзены, рашэнне трэба прымаць на карысць жыхароў шматпавярхоўкі і зачыняць установу».

Яшчэ два пытанні тычыліся прыватызацыі жылля. Калі ў адным выпадку, дзякуючы граматнай юрыдычнай дапамозе, праблема, з якой сутыкнуліся жыхары калгасных дамоў у Смалянах, вырашальная, то зварот жыхаркі вёскі Шані не быў задаволены.

Падагульняючы вынікі сустрэчы, Анатоль Мікалаевіч не выказаў занепакоенасці сітуацыяй на Пружаншчыне:

— Сістэмных праблемных пытанняў я не заўважыў. Адно толькі нарошчванне аб’ёмаў капітальнага рамонту значна зменшыць колькасць падобных зваротаў. У цэлым дзяржавай, у тым ліку прадстаўнікамі ўлады на месцах, праводзіцца мэтанакіраваня палітыка па абароне правоў грамадзян: перш-наперш улада павінна клапаціцца пра захаванне законных інтарэсаў сваіх грамадзян, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, ахову межаў… Іншая справа, што кожны ўспрымае свае правы па-рознаму.

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *