Поўную залу сабраў у мінулы аўторак Пружанскі Палац культуры на канцэрт зорак дзіцячага Еўрабачання і тэлепраекта “Я пяю!”. Безумоўна, большасць пружанцаў прыйшла на канцэрт, каб увачавідкі ўбачыць пераможцу праекту, нашага земляка Набіля Зарука. Менавіта Набіль і пачаў канцэрт. Зала сустрэла хлопчыка бурнымі апладысментамі, але, на жаль, у канцэрце ён праспяваў усяго дзве песні. Нягледзячы на зорны склад спевакоў, Набіль быў самым жаданым выступоўцам.
Горача вітала публіка і іншых удзельнікаў праекта “Я пяю!” — Мікіту Бялько і сясцёр-двайнятак Аліну і Паліну Грудзько.
Вялі канцэрт удзельніцы дзіцячага “Еўрабачання” мінулых гадоў Вольга Сацюк і Паліна Ждановіч. Дзяўчынкі таксама падарылі гледачам па некалькі сваіх песень. Давялося ў гэты вечар паслухаць і такіх пачынаючых беларускіх спевакоў, як Раман Волазнеў, Юрый Дземідовіч, Даша Надзіна. Мяркуючы па апладысментах і водгуках з залы, асабліва ўразіла гледачоў Ксенія Сітнік. З абаяльнай дзяўчынкі Ксенія ператварылася ў прыгожую дзяўчыну, а яе голас і ўменне трымаць сябе на сцэне пераканалі ўсіх у тым, што перад публікай сапраўдная зорка.
Ад імя ўсіх прысутных удзельнікам канцэрта вялікую падзяку выказаў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш. Канстанцін Іванавіч падкрэсліў, што на Пружаншчыне ёсць усе ўмовы для развіцця маладых талентаў і падзяліўся прыемнай навіной: наша зямлячка Наташа Трус выйшла ў фінал адборачнага туру фестывалю “Славянскі базар”.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота).