26-27 верасня ў пружанскім Водным палацы прайшоў міжнародны турнір па плаванні сярод дзяцей “Белавежская пушча”.
Спаборніцтвы адбыліся па праекце Еўрасаюза “Актыўныя гульнёвыя віды спорту ў Еўрарэгіёне Белавежская пушча” ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва трох дзяржаў — Польшчы, Беларусі, Украіны. Па гэтай жа ініцыятыве пружанскія футбалісты ўжо гулялі ў польскай Гайнаўцы, дзе, дарэчы, занялі першае месца. А ў хуткім часе дарослыя спартсмены прымуць удзел у забегу на 12,5 кіламетра.
“Белавежская пушча” сабрала юных плыўцоў з Гайнаўкі, Брэста, Жабінкі і Пружан. Яны спаборнічалі ва ўсіх відах плавання на дыстанцыях 50 і 100 метраў. Неаднаразова пружанскія спартсмены ўздымаліся на вышэйшую прыступку п‘едэстала, але канчатковых пераможцаў выявілі эстафетныя заплывы. Пружанскія плыўцы выігралі іх. Спачатку ў эстафеце 4 па 50 метраў комплексам перамаглі дзяўчынкі (Анастасія Хмялеўская, Лізавета Люсцібер, Святлана Легкашкур, Анастасія Леоненка), а затым у эстафеце 4 па 50 метраў вольным стылем мацнейшымі сталі нашы юнакі (Арцём Кавальчук, Павел Баран, Сяргей Мачэрка, Максім Токар).
У красавіку нашых плыўцоў з візітам у адказ чакаюць у Гайнаўцы.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
НА ЗДЫМКАХ: каманда пружанскіх дзяўчынак з кубкамі пераможцаў; на верхняй прыступцы п‘едэстала гонару Ганна Вільчык; падчас спаборніцтваў.