60 гадоў — гэта многа ці мала? Па чалавечых мерках — гэта ўзрост сталасці, мудрасці. Як для ўстановы — быццам бы і нямала, але, хутчэй, гэта ўзрост станаўлення, які толькі адкрывае перспектывы і дае ўпэўненасці ў будучыні. Такую круглую дату сёлета адзначае Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж.
Гутарка нашага карэспандэнта з дырэктарам навучальнай установы С.М.Козелам прысвечана менавіта гэтай знамянальнай падзеі.
— Свой адлік гісторыя каледжа бярэ ў далёкіх 1950-х: пятага кастрычніка 1953 года 120 навучэнцаў прыступілі да заняткаў, — пачаў размову з аповеда пра станаўленне ўстановы Станіслаў Мечыслававіч.
— Першым дырэктарам быў Міхаіл Сцяпанавіч Сянчук, падчас кіраўніцтва якога была наладжана праца па падрыхтоўцы тэхнікаў-механікаў.
За рост установы абавязаны і былым кіраўнікам І.А.Касцову, В.І.Борысу, вялікі ўклад зроблены С.Ф.Ушаковым. Больш за астатніх — 27 гадоў — узначальваў калектыў мой папярэднік У.М.Тур. Уладзімір Міхайлавіч вывеў установу на новы ўзровень: пры ім у саўгасе-тэхнікуме з’явіліся новыя спецыяльнасці, быў закладзены падмурак для супрацоўніцтва з ВНУ, дзякуючы чаму цяпер нашы навучэнцы могуць набываць адукацыю бесперапынна.
— Што ўяўляе каледж сёння?
— Калі пачыналася дзейнасць па падрыхтоўцы спецыялістаў, тэхнікум меў магчымасць прыняць на вучобу не больш 120 чалавек.
Сёння ў каледжы чатыры аддзяленні: «Аграномія», «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці», «Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці» і завочнае. На дзённай форме набываюць азы прафесіі амаль 950 навучэнцаў, каля 600 чалавек вучацца завочна. Для якаснай арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ва ўстанове ёсць усё неабходнае: тры вучэбныя корпусы, корпус для практычных заняткаў з майстэрнямі, лабараторна-практычны корпус, бібліятэка з чытальнай залай, дзве спартыўныя залы, трэнажорная зала, клуб з актавай залай, сталоўка на 160 месцаў, 4 інтэрнаты з агульнай колькасцю месцаў для пражывання — 694, цяпліца, аўтадром, вучэбны палігон, вучэбна-доследны ўчастак, гаражы, складскія і падсобныя памяшканні. Абсталявана дастатковая колькасць кабінетаў і лабараторый з пастаянна абнаўляемай вучэбна-матэрыяльнай базай і нагляднымі дапаможнікамі.
Для практычнага навучання юнакоў і дзяўчат заключаны дагаворы з эфектыўна працуючымі сельгасарганізацыямі вобласці. У тым ліку доўгатэрміновы аб супрацоўніцтве з абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыяй НАН Беларусі.
Пабольшаў і калектыў, у якім цяпер налічваецца каля 250 супрацоўнікаў, амаль палова з іх — выкладчыкі і майстры. Між іншым, многія члены нашага калектыву ў свой час былі навучэнцамі гэтага каледжа, якія, удасканаліўшы сваю адукацыю, вярнуліся ў родныя пенаты на працу. Сярод іх С.В.Барылюк — выкладчык сельскагаспадарчых машын, З.Ф.Фядун — лабарант, В.М.Пракапеня, А.І.Мукасей, Э.Д.Скорыкаў…
— Куток з дыпломамі і іншымі ўзнагародамі — сапраўднае ўпрыгожанне Вашага кабінета!
— Згодны. Увогуле, мы можам пахваліцца тым, што штогод у конкурсах, алімпіядах рознага ўзроўню нашы выхаванцы займаюць прызавыя месцы. Так, напрыклад, навучэнцы-аграномы вось ужо больш 10 гадоў не аддаюць лаўры першынства студэнтам ВНУ на рэспубліканскіх конкурсах, а ўдзельнікі абласных спартакіядне спускаюцца з п’едэстала пераможцаў. Падобнымі поспехамі вылучаемся і ў тэхнічнай, і ў мастацкай творчасці, паколькі ўдзяляем увагу і занятасці навучэнцаў у вольны час — каледж працуе да 10 гадзін вечара.
— Станіслаў Мечыслававіч, назавіце былых выпускнікоў, якімі па праву ганарыцца каледж.
— Сярод іх людзі, якія сёння займаюць розныя пасады: кіраўнікі прадпрыемстваў, у тым ліку сельскагаспадарчага профілю, вайскоўцы, навукоўцы — У.М.Мікіціч, П.М.Білецкі, М.І.Лявошка, С.В.Тарасевіч, Г.Г.Разанка, В.М.Падгурскі, І.П.Мароз, А.М.Зінчанка, І.А.Яўсееў…
— А якім Вам бачыцца будучае каледжа?
— Перспектывы ў некаторай ступені дыктуе дзень сённяшні. Мяркуйце самі: штогод у нас атрымліваюць дыпломы каля 250 выпускнікоў дзённага аддзялення, і на кожныя 100 маладых спецыялістаў да нас паступае каля 120-130 заявак з прадпрыемстваў і арганізацый.
Заўважу, мы імкнемся падрыхтаваць не проста кваліфікаваных выпускнікоў, але і запатрабаваных нават на міжнародным рынку працы. Па гэтай прычыне не так даўно былі наладжаны сувязі са Стрыйскім каледжам Львоўскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта, польскай і расійскімі сярэдне-спецыяльнымі ўстановамі. У прыватнасці, у рамках дагавораў аб супрацоўніцтве мы абменьваемся групамі навучэнцаў, узгадняем планы, каб канкурыраваць і за межамі краіны. У далейшым будзем абмяркоўваць магчымасць працягваць навучанне не толькі ў беларускіх ВНУ. Пакуль жа па сістэме бесперапыннага навучання нашы выпускнікі могуць працягваць вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, аграрна-тэхнічным у Мінску, універсітэце ў Баранавічах, а таксама сельгасакадэміі ў Горках. Так, на энергетычным факультэце ў БАТУ сёлета менавіта нашы выпускнікі і склалі касцяк — іх туды паступіла амаль 20 чалавек, а наш выпускнік Андрэй Гапановіч — адзіны з абітурыентаў, хто здаў профільныя прадметы на дзявяткі.
Увогуле, крочым у нагу з часам, як кажуць: адкрываем новыя спецыяльнасці, павышаем узровень падрыхтоўкі навучэнцаў…
— Што бы Вы хацелі з нагоды юбілейнай даты сказаць калектыву?
— Усім: і навучэнцам, і выкладчыкам (хто працаваў некалі і хто працуе цяпер), і астатнім супрацоўнікам каледжа, — пажадаць у першую чаргу здароўя, дабрабыту. Хочацца, каб усім хапала часу і на працу, і на адпачынак, і на новы ўклад дзеля працвітання ўстановы, падтрымання традыцый, якія складваліся пакаленнямі.
Дарэчы, усіх жадаючых: выпускнікоў розных гадоў, выкладчыкаў, былых работнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, — мы запрашаем наведаць урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да юбілейнай даты. Яно пройдзе 22 лістапада ў 13.00 у вучэбным корпусе па вуліцы Маякоўскага.
Гутарыла Марына Вакульская.
Фота з сайта каледжа: http://college.brest.by/
