Четверг, 16 января 2025

Пружанский голос «Минск-арены»

1 766

Голас гэтага суддзі-інфарматара пачуў упершыню  ў нашым Лядовым палацы ў мінулым годзе на адным з матчаў каманд Заходняй аматарскай хакейнай лігі з удзелам «Пружанскіх кітоў». І вось ён загучаў зноў падчас правядзення ў Пружанах фінальных рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.22мар2015_7098

Пасля знаёмства высветлілася, што гэта — наш зямляк А.М. Мікуліч.

— Алег Міхайлавіч, як Вы трапілі ў вялікі хакей?

— Паспрабаваць сябе ў хакеі параілі сябры. Спачатку пачынаў працаваць у якасці суддзі-інфарматара на спаборніцтвах дзіцячых каманд. Паступова «дарос» да вышэйшай лігі і экстралігі чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. Далей былі матчы з удзелам каманд маладзёжнай і кантынентальнай хакейнай лігі. Паступова замацаваўся ў кантынентальнай хакейнай лізе і цяпер на Мінск-Арэне абслугоўваю матчы з удзелам хакейнага клуба «Дынама» (Мінск). Давялося прыняць удзел і ў чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіў у маі мінулага года ў Мінску. На Чыжоўка-Арэне працаваў на матчах каманд Швецыі, Чэхіі, Канады, Славакіі, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Італіі.

— А з якімі вядомымі трэнерамі, хакеістамі знаёмы асабіста?

— Я з’яўляюся пазаштатным супрацоўнікам федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь. Асабіста знаёмы з такімі вядомымі хакейнымі арбітрамі, як Іван Дзядуля і Уладзімір Налівайка, якія абслугоўвалі матчы чэмпіянату свету ў Мінску. Шмат узяў для сябе карыснага ад вопытнага суддзі-інфарматара Сяргея Сенькіна.

Добра знаёмы з трэнерамі каманд «Юнацтва» і «Дынама» Міхаілам Захаравым і Любамірам Покавічам. Выклікае ў мяне сімпатыю капітан нашай зборнай каманды і «Дынама» Аляксей Калюжны. Гэта вельмі добры і адкрыты чалавек. На чэмпіянаце свету ўдалося пагутарыць з легендай чэшскага хакея Ярамірам Яграм. Ярамір — хакеіст, у якога няма зоркавай хваробы, ён цудоўна размаўляе на рускай мове.

— Алег Міхайлавіч, за колькі гадзін да матча пачынаецца работа суддзі-інфарматара?

— Пачынаем працаваць за паўтары гадзіны да пачатку гульні: неабходна загадзя пазнаёміцца з прозвішчамі хакеістаў, каб потым правільна іх вымаўляць.

— Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

— Нарадзіўся ў Пружанах у 1972 годзе. Закончыў СШ №2, у саўгасе-тэхнікуме атрымаў спецыяльнасць электрыка. А потым была кар’ера вайскоўца. Вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў вучылішчы супрацьпаветранай абароны, потым у Мінску ў інжынерным вучылішчы. Служыў на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і ў Слабудцы. Апошнім часам працаваў на ваенным факультэце БДУ. Звольніўся з войска ў званні падпалкоўніка. Цяпер заснаваў невялікую фірму па выкананні элекрамантажных работ.

— Алег Міхайлавіч, што для Вас цяпер значаць Пружаны?

— Пружаны — горад дзяцінства, дзе жыве мама, якая заўсёды чакае майго прыезду. Мая жонка таксама з Пружан. Таму я заўсёды з задавальненнем прыязджаю сюды. Я ганаруся сваім родным горадам, радуюся, што ён такі ўтульны і прыгожы. А ўвогуле, люблю наведваць малыя беларускія гарады, знаёміцца з іх гісторыяй і славутасцямі.

Гутарыў Мікола Архуцік.      

Фота Сяргея Талашкевіча.           

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *