Каманда «Пружанскія кіты» трэці год запар стала ўладальнікам Кубка Заходняй аматарскай хакейнай лігі. У чым сакрэт поспеху пружанскіх хакеістаў? Аб гэтым гутарка карэспандэнта з капітанам каманды Сяргеем Старавойтавым.
— Усе нашы дасягненні можна растлумачыць карпатлівай працай на трэніроўках. Але справа не толькі ў гэтым. Мінулы сезон паказаў, што ў каманды ёсць характар. Калі патрэбна, хакеісты могуць сабрацца і даць бой любому саперніку. Як кажуць, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Ну, а з іншага боку, стабільнасць выступленняў — прыкмета класу.
— Калі каманда паверыла, што можна заваяваць у чарговы раз кубак?
— Здарылася гэта пасля таго, як па выніках рэгулярнага чэмпіянату прабіліся ў плей-оф. А калі ў паўфінале прайшлі «Волат», вера ў тое, што можна ўзяць кубак, яшчэ больш вырасла.
— Сяргей, сёлетні сезон быў неадназначным. У рэгулярным чэмпіянаце каманда пацярпела чатыры паражэнні запар.
— Так, трэба было прайсці і праз гэта. Але, гэта яшчэ больш загартавала наш характар. На жаль, пачаліся ў камандзе рознагалоссі, і мы перайшлі на гульню толькі выхаванцамі пружанскага хакея. Потым маральна-псіхалагічны клімат у камандзе нармалізаваўся, і канец сезона гулялі ўжо ў звычайным складзе.
— Каб стаць першым у рэгулярным чэмпіянаце, неабходна перамагаць баранавіцкі «Сталкер». Дагэтуль пружанцы ні разу не святкавалі перамогу над гэтым самым нязручным для сябе сапернікам. Ці магчыма зрабіць гэта?
— Думаю, што ў наступным сезоне мы зможам адсвяткаваць перамогу і над «Сталкерам». Для гэтага патрэбна поўная самааддача ўсіх хакеістаў, якія выходзяць на пляцоўку. Ну, і, вядома, крыху ўдачы.
— Над чым яшчэ трэба працаваць хакеістам, каб дабавіць у гульні?
— Ёсць яшчэ праблемы ў абароне. Слабае месца — гульня ў большасці. На жаль, рэалізацыя колькаснай перавагі для нас пакуль з’яўляецца балючым пытаннем.
— А каго з хакеістаў ты хацеў бы выдзеліць асобна?
— Сёлета ў нас з’явіўся Раман Чыжэўскі, як кажуць, ігрок сіняй лініі. Гэты хуткасны нападаючы стаў лепшым бамбардзірам каманды. Надзейна згуляў у варотах Павел Вакула. Прыбавілі ў майстэрстве Мікіта Кульба, Аляксандр Герасімчук і Аляксей Лаўроў. Хочацца адзначыць гульню абаронцы Аляксандра Касынюка, які выдатна правёў матчы плей-оф.
— Сяргей, наперадзе ў каманды яшчэ матч за суперкубак са «Сталкерам». Чаго чакаеце ад гэтага супрацьстаяння?
— Хочацца парадаваць нашых балельшчыкаў і прывезці ў Пружаны яшчэ адзін ганаровы трафей. Усе хакеісты з баявым настроем падыходзяць да гэтай сустрэчы.
— А чаго хацелася б сказаць сёння балельшчыкам каманды?
— Вялікае дзякуй за падтрымку. Асабліва яе мы адчуваем на дамашніх гульнях, здаецца, што ў нас на пляцоўцы дадатковы ігрок.
Ну, а ў сваю чаргу пастараемся ў наступным сезоне парадаваць усіх прыхільнікаў каманды цікавай і змястоўнай гульнёй. Прыходзьце ў Лядовы палац, і вы не пашкадуеце!
Гутарыў Мікола Архуцік.
Фота Сяргея Талашкевіча.