Як мы паведамлялі ўжо, «Пружанскія кіты» сталі чэмпіёнамі Заходняй аматарскай хакейнай лігі. Гэта стала вядома пасля таго, як аргкамітэт адхіліў слонімскі «Леон» ад далейшага ўдзелу ў турніры. Прычына ў тым, што за гэту каманду выступалі ў сезоне 2012/2013 г.г. нерэгламентныя хакеісты, або прасцей кажучы, прафесіяналы. Другое месца дасталося хакеістам «Волата» з Пінска. Трэцім прызёрам турніру стаў баранавіцкі «Сталкер».
Напярэдадні Дня Перамогі ў Лядовым палацы ў Пінску адбылася цырымонія ўзнагароджвання чэмпіёнаў і прызёраў чэмпіянату. Папярэднічаў ёй таварыскі матч паміж камандай Пінска, умацаванай трэнерамі, і «Пружанскімі кітамі», у складзе якіх былі ігракі каманд-прызёраў.
Адразу пасля фінальнага свістка пачалося ўручэнне кубкаў, медалёў, прызоў і ўзнагарод. Галоўны кубак Заходняй аматарскай хакейнай лігі атрымаў капітан «Пружанскіх кітоў» Сяргей Старавойтаў (на здымку), а ўсе хакеісты каманды — залатыя медалі.
Арганізатары чэмпіянату адзначылі памятнымі прызамі лепшага бамбардзіра, снайпера, асістэнта, варатара, абаронцу і нападаючага, а таксама суддзяў. Прыз самага юнага хакеіста лігі дастаўся нашаму варатару Паўлу Вакуле. Яму ўручана сувенірная варатарская клюшка з награднай гравіроўкай.
А цяпер крыху статыстыкі. «Пружанскія кіты» ў ходзе чэмпіянату згулялі ўсяго 17 матчаў і набралі 28 ачкоў. Было закінута ў вароты сапернікаў 67 шайб пры 57 прапушчаных. Каманда атрымала сем чыстых перамог у асноўны час, тры перамогі здабыты па булітах. На рахунку таксама 6 паражэнняў і яшчэ аднойчы саступілі па булітах. Лепшы бамбардзір каманды Мікіта Кульба, які закінуў 9 шайб. Па сістэме гол + пас ён набраў 12 балаў, зрабіўшы тры выніковыя перадачы. У Андрэя Ганчарова 11 балаў, у Сяргея Старавойтава і Ігара Якубовіча — па 9.
Што ж, чэмпіянат завершаны і хакеістам можна крыху адпачыць. Але, не за гарамі ўжо і новы — другі па ліку. Думаецца, што ўсе пружанскія балельшчыкі будуць з нецярпеннем чакаць новых сустрэч з камандай.
Працяг будзе.
Мікола Архуцік.