Дзень 4 жніўня 2015 года ўвойдзе ў гісторыю Пружаншчыны. На гэту дату нашы земляробы першымі ў вобласці намалацілі сто тысяч тон збожжа. У гэтым бачыцца заслуга ўсіх, хто рыхтаваў глебу, сеяў, даглядаў пасевы і ўбіраў ураджай.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае стотысячнаму намалоту, прайшло ў мінулую сераду на адным з палеткаў ААТ «Мурава» паблізу вёскі Навасёлкі. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі гаспадарак раёна, спецыялісты, камбайнеры і вадзіцелі ААТ «Мурава», спецыялісты райсельгасхарчу. З прамовай да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч. Ён цёпла павіншаваў усіх са знамянальнай для раёна падзеяй — намалотам збожжа ў сто тысяч тон і адзначыў, што кожная гаспадарка ўнесла свой уклад у агульны каравай.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В.М.Зайчук зачытаў прывітальнае віншаванне ад старшыні аблвыканкама А.В.Ліса. У прыватнасці, губернатар пажадаў нашым земляробам не спыняцца на дасягнутым выніку і звярнуць асаблівую ўвагу на нарыхтоўку кармоў.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка падзякавала сельскім працаўнікам і кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў за іх нялёгкую працу ў сёлетніх экстрэмальных умовах. Усё было зроблена, каб атрымаць сёлета 150 тысяч тон збожжа, але, на жаль, у планы ўмяшалася надвор’е.
І вось кульмінацыя святочнага мерапрыемства. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах паднеслі В.М.Зайчуку, кіраўніцтву раёна, кіраўнікам гаспадарак, удзельнікам жніва хлебныя караваі новага ўраджаю.
Працяглымі апладысментамі сустрэлі прысутныя выступленне вакальнай групы аўтаклуба «Шчырым сэрцам».
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.
На здымку: начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В.М.Зайчук і старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч з караваямі новага ўраджаю.
Наша даведка:
*Упершыню 100-тысячны валавы збор збожжа на Пружаншчыне быў дасягнуты ў 1977 годзе. Праз дзесяць гадоў было сабрана 137 тысяч тон. А самым пакуль ураджайным выдаўся мінулы год, калі ў засекі было засыпана 146 тысяч тон збожжа.
*Сёлетні год не такі ўрадлівы, як леташні. Тым не менш, у шэрагу гаспадарак ураджайнасць збожжавай нівы перавышае мінулагоднюю.
*100 000 тон збожжа — гэта крыху больш за дзве тоны на кожнага жыхара раёна.