Першы мокры снег у мінулыя выхадныя і панядзелак. Бязлітасны вецер, марозец. Некаторыя вадзіцелі ў сувязі з непагаддзю ўстрымаліся ад паездак, але толькі не вадзіцелі дарожных службаў. Усе гэтыя дні работнікі
ДЭУ-25 расчышчалі праезную частку дарог рэспубліканскага значэння і праводзілі іх супрацьгалалёдную апрацоўку кругласутачна. За гэты перыяд на дарогі было вывезена 357 тон пясчана-салянай сумесі і 378 тон тэхнічнай солі. Некаторыя дарогі расчышчаліся па некалькі разоў за суткі. Працавала ўся без выключэння тэхніка, мяняліся толькі вадзіцелі.
Першая праверка эстрэмальнымі ўмовамі надвор’я гэтай зімой паказала, што тэхніка і работнікі падрыхтаваны як след. Праблем з выездам не было. На барацьбу са снежнымі заносамі і галалёдзіцай выйшла больш 30 адзінак тэхнікі.
Дарожнікі працавалі без прамаруджвання, не зважаючы на так званы перыяд чакання (гэта значыць, калі снег ідзе кругласутачна, невялікі снежны слой наогул можна не ачышчаць з праезнай часткі). На ачыстку дарог яны выязджалі адразу. І апярэджвалі ўсе тэрміны. Справа ў тым, што дарогі другога ўзроўню (а на балансе ДЭУ-25 такіх тры: пад’езд да Пружан ад трасы Р2 Стоўбцы – Кобрын праз Запруды, ад Пружан да Відамлі і ад Пружан да в.Байкі) павінны апрацоўвацца праз 4 гадзіны пасля ўтварэння галалёдзіцы і на працягу 6 гадзін убірацца ад снегу. Усе астатнія дарогі, якія абслугоўвае гэтая арганізацыя, лічацца дарогамі трэцяга ўзроўню, а значыць, на дзве гадзіны адпаведна павялічваецца час для іх ачысткі ад наледзі і снегу. І тут дарожнікі перавыканалі ўсе нормы. Як паведамілі ў гэтай арганізацыі, усе рэспубліканскія дарогі паспявалі ачысціць за тры гадзіны.
Варта ўдакладніць, што гутарка вядзецца толькі пра праезную частку дарог. На ачыстку абочын і аўтобусных прыпынкаў адводзіцца ажно 2,5 сутак пры звычайных умовах надвор’я, а ў экстрэмальных нарматыўныя тэрміны павялічваюцца ўдвая.
Таксама зладжана працавалі і дарожнікі ДРБУ-140. Як паведамілі ў гэтай арганізацыі, на ачыстку дарог ад снегу выйшла ў выхадныя каля 20 адзінак тэхнікі. Людзі працавалі ў дзве змены.
Для навядзення парадку на вясковых вуліцах шмат дзе да дарожных арганізацый далучыліся і сельгаставарыствы.
Вядома ж, адначасова расчысціць усе дарогі па раёне проста немагчыма. Таму незадаволенасць некаторых людзей, якія жадаюць, каб усе сцяжынкі і дарогі былі пачышчаны ў імгненне вока, проста здзіўляе. Але ж ніхто яшчэ без прадуктаў харчавання ці медыцынскай дапамогі з-за дрэннага праезду па дарозе не застаўся. І перш чым абурацца, магчыма, варта набрацца цярплівасці? А можа, проста ўзяць у рукі лапату і расчысціць уваход хаця б у свой пад’езд? Малым і старым, вядома, гэта не пад сілу. А ці шмат хто з маладых у экстрэмальных сітуацыях успамінаў, што ён моцны і здаровы? Сапраўднае выпрабаванне завеямі яшчэ наперадзе…
Галіна Каляда.