Нашы далёкія продкі сцвярджалі: «Наколькі весела сустрэнеш Масленіцу, так і пройдзе год». Калі верыць гэтай народнай прыкмеце, дык пружанцам забяспечаны прыўзняты настрой. Параўноўваючы сёлетняе Масленічнае гулянне з мінулагоднімі, можна адзначыць, што на гэты раз у Пружанах праводзіць зіму сабралася людзей больш звычайнага.
Вядома, спрыяла гэтаму і надвор’е: у апошні дзень масленічнага тыдня яно выдалася сонечным і па-сапраўднаму вясеннім. Настрой задавалі і культработнікі, якія разгарнулі на сцэне тэатралізаванае прадстаўленне, якое чаргавалася з выступленнямі вакальных і танцавальных калектываў. Не абышлося і без вясёлых конкурсных заданняў, якія выклікалі непадробныя ўсмешкі на тварах гледачоў.
Здаецца, ужо традыцыйным атрыбутам любых святочных гулянняў сталі цукровая вата і паветраныя шарыкі, за якімі тоўпілася дзятва. А старэйшыя хлопцы — таксама традыцыйна — удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Найбольш жадаючых сабралася пазмагацца ў трапнасці ў дартсе і памерацца сілай у падыманні гіры.
Варта адзначыць, што новы подых масленічным гулянням у Пружанах надала прома-акцыя гандлёвай маркі «Прастаквашына». Пружанцам пашчасціла: наш населены пункт аказаўся ў спісе нешматлікіх гарадоў, дзе кампанія ладзіла мерапрыемствы з мэтай і папулярызацыі сваёй прадукцыі, і надання былога размаху гэтаму старадаўняму гулянню.
Так што Кот Матроскін запрашаў жыхароў і гасцей Пружан на свой падворак адзначыць Масленіцу ў сямейным фармаце. Каб атрымаць смачны пачастунак, неабходна было выканаць пару няхітрых заданняў. Здаецца, без бліноў не пакінулі нікога.
Больш таго, малочныя падарункі ад «Прастаквашына» атрымалі тыя, хто перамог у асобных конкурсах, якія ладзіліся на галоўнай святочнай сцэне. А каб мерапрыемства запомнілася надоўга, можна было зрабіць фотаздымак са знакамітым катом. Сяброўскія абдымкі мяккіх лапак застануцца ўвекавечанымі ў сотнях фотаальбомаў.
Зразумела, не пуставалі і столікі. Не толькі надвор’е, але і гандаль, наладжаны райспажыўтаварыствам, зрабілі свой уклад у тое, што людзі не спяшаліся разыходзіцца па дамах.
Кульмінацыяй, як звычайна, стала традыцыйная забава — пакарэнне масленічнага слупа.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).