Па традыцыі святочная праграма сёлетніх абласных «Дажынак» складалася з трох дзён. Дэлегацыя Пружанскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А.Х.Лапыка прыехала на святкаванне ў г.Пінск якраз у самы разгар — на другі дзень, у суботу, калі праходзілі ўсе афіцыйныя мерапрыемствы.
Вялікі горад нагадваў адзіны кірмаш: па задуме арганізатараў усе гандлёвыя рады (даўжынёй тры кіламетры) былі размеркаваны па цэнтральных вуліцах у выглядзе сонца. Як правіла, дэманстраваліся эксклюзіўная прадукцыя, якой адметны той ці іншы рэгіён Брэстчыны.
Прыцягальнай была культурная праграма, у якой прымалі ўдзел мясцовыя і прыезджыя калектывы мастацкай самадзейнасці. Для іх выступленняў былі падрыхтаваны малыя і вялікія канцэртныя пляцоўкі, некаторыя аб’екты толькі-толькі з’явіліся і пасля свята стануць дадатковым упрыгажэннем горада на Піне. Дарэчы, сама рака таксама пераўтварылася ў святочную пляцоўку: на ёй прайшлі спаборніцтвы «Водная фіеста» з удзелам спартсменаў-весляроў байдарак, каноэ і ялаў.
У рамках культурнай праграмы, акрамя канцэртаў, адбыліся розныя выставы, напрыклад, музычных інструментаў, вырабленых майстрамі Піншчыны. Увагу гасцей і мясцовых жыхароў прыцягнуў і абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Дарэчы, сярод 14 удзельнікаў была і сям’я Ганчароў, якая абараняла гонар Пружанскага раёна. І хаця выступленні Міхаіла і Марыны запомніліся як членам журы, так і гледачам, у тройку прызёраў ім не ўдалося патрапіць.
І ўсё ж найбольшую колькасць гледачоў сабрала афіцыйнае святкаванне на галоўнай плошчы горада. Пасля ўзняцця сцяга «Дажынак» слова атрымаў старшыня аблвыканкама К.А.Сумар. Як зазначыў Канстанцін Андрэевіч, апошнія гады стала традыцыяй, што Брэстчына надзейна трымаецца ў ліку «мільённікаў» па валавым зборы збожжа, і тры гады запар Брэстчына — лідар па нарыхтоўцы кармоў. І гэта нездарма, бо за гады рэалізацыі дзяржаўнай праграмы абнаўлення вёскі ў сельскую вытворчасць былі ўкладзены звыш 15 трыльёнаў рублёў. Каб пацвердзіць высокую заслугу рэгіёна ў жыцці ўсёй рэспублікі, у абласных «Дажынках» прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра РБ П.П.Пракаповіч, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Л.К.Заяц, многія іншыя прадстаўнікі ўлады і бізнэсу рэспубліканскага ўзроўню.

У сваёй прамове старшыня аблвыканкама завастрыў увагу на асноўных паказчыках сёлетняга жніва. У бягучым годзе Брэсцкая вобласць сабрала рэкордны за ўсю гісторыю ўраджай — 1 мільён 452 тысячы тон збожжа. Гэта на 385 тысяч тон больш, чым летась. Сярэдняя ўраджайнасць па вобласці склала 41,5 ц/га — на 10 ц вышэй леташняй. Па папярэдніх разліках, з улікам кукурузы агульны валавы збор збожжа можа скласці 1,6 млн.тон. Земляробы пяці раёнаў — Баранавіцкага, Пружанскага, Камянецкага, Пінскага і Кобрынскага — перасягнулі статысячны намалот. Рашэннем аблвыканкама пераможцамі жніва-2014 у рэгіёне прызнаны Баранавіцкі, Брэсцкі і Іванаўскі раёны. У гэтых раёнах дасягнуты найвышэйшыя паказчыкі тэмпаў росту валавага збору збожжа да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў і эканамічнай эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адзначыў у сваёй прамове К.А.Сумар і лепшыя гаспадаркі вобласці, сярод якіх асобна спыніўся на дасягненнях ААТ «Э/база «Белавусаўшчына» і «Мурава».

-Брэсцкая вобласць валодае вялікім патэнцыялам для нарошчвання харчовага экспарту,— такое меркаванне выказаў падчас абласнога фэсту-кірмашу «Дажынкі-2014» намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч.

Звяртаючыся да лепшых працаўнікоў сяла вобласці, віцэ-прэм’ер павіншаваў усіх з выдатным святам і ўражваючым дасягненнем — рэкордным ураджаем. Ён пажадаў хлебаробам, каб вяршыня, дасягнутая сёлета, не стала апошняй, каб з кожным годам уклад берасцейцаў быў усё большым і большым.
Пасля свайго выступлення П.П.Пракаповіч уручыў лепшым работнікам Ганаровыя граматы Савета Міністраў РБ. Сярод узнагароджаных і галоўны аграном ААТ “Агра-Калядзічы” Леанід Уладзіміравіч Чарняк.

Граматамі аблвыканкама і грашовымі прэміямі адзначаны таксама лепшыя экіпажы камбайнераў, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, галоўныя аграномы і інжынеры гаспадарак. З Пружанскага раёна высокае прызнанне заслуг атрымалі галоўны інжынер ААТ “Ружаны-Агра” Святаслаў Андрэевіч Роўгач, дырэктар ААТ “Агра-Калядзічы” Пётр Сямёнавіч Якімавец, дырэктар ААТ “Мурава” Пётр Мікалаевіч Білецкі і дырэктар ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» Тэрэса Валяр’янаўна Дыбуль.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).