Воскресенье, 6 октября 2024

Пружанскае таварыства беларускай мовы правяло ранішнік «Свята беларускай ялінкі»

3 339

У сярэдзіне зімы ўвесь хрысціянскі свет святкуе Ражство Хрыстова. Але гістарычна так склалася, што хрысціянства падзяляецца на тры вялікія канфесіі: каталіцкую, праваслаўную і пратэстанцкую. Існуюць яны і нашым раёне. У кожнай з іх свае традыцыі, свая манера ўслаўляць Хрыста. Але ёсць ва ўсіх адно агульнае — гэта народная беларуская традыцыя Калядаў і навагодніх святаў.DSC06614

Вось гэтае, народнае, наша ад дзядоў і прадзедаў аб‘ядноўвае, надае пачуццё адзінства. Таму традыцыі і мова — гэта тое, што мы павінны захоўваць і перадаваць нашым дзецям. Гэта найважнейшы фактар патрыятызму, еднасці народа.DSC06528

Наша таварыства заўсёды падтрымлівае людзей нераўнадушных да традыцый і мовы. Таму мы ўжо ў пяты раз пасля калядных школьных канікулаў праводзім «Свята беларускай ялінкі» для дзяцей.DSC06541

Свята адбылося ў мінулую суботу. Былі запрошаны дзеці з нядзельных школ пры Пружанскім касцёле, Новазасімавіцкай царкве і царквы Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Прыйшлі не толькі дзеці, але і іх мамы, таты, бабулі. У невялікай зале Пружанскага палацыка сабралася каля ста чалавек, якіх віталі Дзед Мароз і Снягурка. Як прыгожа, абаяльна, цёпла гучала наша мова з вуснаў дзетак!DSC06579

У падарунак Дзеду Марозу яны падрыхтавалі свае праграмы: гэта — калядныя песні, сцэнкі, вершы, гучала цудоўная музыка скрыпкі. Дарэчы, у праграме прынялі ўдзел і госці з-за акіяна, маладыя людзі, бацькі якіх некалі выехалі з Беларусі і аселі ў Амерыцы. Вельмі кранальнай была праграма праваслаўных дзетак: малыя прыйшлі на свята «Ялінкі» ў нацыянальных вышываных кашульках і спаднічках і цудоўна заспявалі, а пасля віталі вершамі Ражство Хрыстова, віншавалі ўсіх прысутных.DSC06573

Хочацца шчыра падзякаваць дарослым, якія рыхтавалі дзетак, акампаніятару Людміле Пятроўне Ляшчынскай. Ролю Дзеда Мароза цудоўна сыграў настаўнік беларускай мовы СШ №1 Канстанцін Іванавіч Жытко.DSC06662

Дзед Мароз  прыйшоў не з пустымі рукамі: дзякуючы дапамозе пружанскіх арганізацый і ўстаноў, прыватных асоб, закупілі 80 падарункаў. Спонсарскую дапамогу аказалі прадпрымальнікі Н.С.Радзівончык, Л.С.Ахрамовіч, С.М.Глушчанка, У.В. Шыбайла, Т. Галёнка, рэдакцыя раённай газеты, Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя. І таму хочацца шчыра падзякаваць усім нераўнадушным людзям за тое, што яны дапамаглі зладзіць цудоўнае свята для дзяцей нашай Пружаншчыны.

Тарэса Жэгалава, старшыня раённай арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *