На мінулым тыдні начальнік філіяла №100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» В.М.Лечанкоў у рамках дня інфармавання насельніцтва выступіў у Пружанах перад калектывам банкаўскіх работнікаў і адказаў на іх пытанні. Нямала пытанняў да галоўнага банкіра вобласці ўзнікла і ў журналістаў раённай газеты і радыё. Наша гутарка адбылася пасля заканчэння асабістага прыёму грамадзян, які правёў у нашым горадзе В.М.Лечанкоў.
— Віктар Мікалаевіч, у цяперашняй сітуацыі без дапамогі дзяржавы, абапіраючыся толькі на асабістыя рэсурсы, насельніцтва наўрад ці справіцца. На якія банкаўскія крэдыты можна разлічваць?
— Існуе да дзесяці разнавіднасцей банкаўскіх крэдытаў. У іх ліку крэдытаванне на спажывецкія патрэбы, будаўніцтва жылля, вучобу, медыцынскае абслугоўванне, набыццё санаторных пуцёвак і г.д. Ёсць вызначаныя віды крэдытаў, выдача якіх на сённяшні дзень прыпынена. Напрыклад, згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта часова прыпынена выдача крэдыту на тавары першай неабходнасці. Але крэдытаванне асноўных момантаў жыццядзейнасці насельніцтва адбываецца па-ранейшаму.
— Як у сувязі з фінансавым крызісам у нашай краіне змяніўся парадак крэдытавання будаўніцтва жылля? Чым адрозніваецца цяперашняе крэдытаванне ад такой аперацыі месячнай даўнасці?
— Тым, што сёння сродкі на крэдытаванне жыллёва-будаўнічых кааператываў па сумесным рашэнні мясцовых органаў улады і банка накіроўваюцца ў асноўным на завяршаючыя стадыі будаўніцтва. Але гэта ні ў якім разе не сведчыць аб тым, што калі ўвод будынка плануецца на снежань, то яго крэдытаваць не будуць. Будуць. Але перавага аддаецца таму, увод якога адбудзецца ў наступным месяцы ці праз месяц.
— А што тычыцца льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля, у прыватнасці, для маладых сем’яў?
— Па выдачы льготных крэдытаў праўленнем ААТ «АСБ Беларусбанк» 25 мая бягучага года прынята рашэнне: спісы льготнага крэдытавання, зацверджаныя пачынаючы з 1 чэрвеня, а таксама да гэтай даты пры адсутнасці на 31 мая праекта, дамоўленасці падраду і дазволу на будаўніцтва, часова не крэдытаваць. Выключэнне робіцца не толькі для шматдзетных сем’яў, але і грамадзян, якія пражываюць, працуюць і будуюцца ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек і ў г.Кобрыне і ўключаны ў спісы льготнага крэдытавання да поўнага фарміравання ЖБК. На Брэстчыне гэта жыхары ўсіх населеных пунктаў, акрамя Брэста, Пінска і Баранавіч. У тым ліку маладыя сем’і могуць разлічваць і на крэдыт пад 1% гадавых.
— А калі не пад ільготны, то пад які яшчэ працэнт могуць атрымаць крэдыт на будаўніцтва жылля жыхары Пружан і раёна?
— Рашэннем ад 13 чэрвеня бягучага года крэдыты на рэканструкцыю і набыццё жылля прадастаўляюцца грамадзянам, якія маюць патрэбу ў яго паляпшэнні, тэрмінам на 20 гадоў пад 17% гадавых, а ў вёсках — пад 16% гадавых. Шматдзетным сем’ям крэдыты прадастаўляюцца таксама на 20 гадоў пад 14% гадавых. А грамадзянам, якія не маюць патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў — на 15 гадоў пад 26% гадавых.
— Віктар Мікалаевіч, не сакрэт, што існуе вялікая праблема з пакупкай валюты ў абменніках, якая цягне за сабою і праблему разліку па валютных крэдытах. Як гэта рашаецца цяпер?
— Праблемы з разлікам па валютных крэдытах няма. Чалавек прыходзіць у банк з беларускімі рублямі, і яму ў выглядзе канвертацыі афармляецца пакупка валюты і пагашэнне крэдыту. А вось з пакупкай валюты — іншая справа. Асабліва калі вы хочаце набыць яе не на сацыяльныя мэты. Сёння паспяхова дзейнічае рашэнне праўлення «Беларусбанка», падтрыманае Нацбанкам Рэспублікі Беларусь, наконт продажу валюты на сацыяльныя патрэбы.
— Што значыць, «сацыяльныя патрэбы»?
— Гэта паездкі за мяжу з неабходнасцю вырашэння розных сацыяльных пытанняў. Напрыклад, на вучобу — шмат маладых беларусаў вучацца ў Расіі, Польшчы, Германіі і іншых краінах, паездкі ў сувязі са смерцю родных, на разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы і г.д. Пры наяўнасці па-цвярджаючых дакументаў лю-дзям прадаецца на гэта валюта.
— Якія пацвярджаючыя дакументы для атрымання валюты патрэбны, напрыклад, студэнту Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта?
— Копія пацвярджаючай вучобу дамоўленасці паміж навучальнай установай і студэнтам, іншыя дакументы (квіткі, білеты), пацвярджаючыя сумы расходаў на паездкі, пражыццё ў інтэрнаце і г.д. Абмежаванняў якіх-небудзь тут не існуе. Сёння вы звернецеся ў банк па гэтым пытанні і заўтра, у крайнім выпадку праз дзень, праблема будзе вырашана. Дарэчы, менавіта па заяўках на сацыяльныя патрэбы «Беларусбанкам» ужо выдадзена больш як 1 мільён долараў.
— Якія абмежаванні і ліміты існуюць сёння для пластыкавых картак, імітаваных банкам у беларускіх рублях? Маецца на ўвазе іх дзейнасць за мяжой.
— Ніякіх! Калі ў вас ёсць шматвалютная картка, вы маеце права зняць з яе валюту за мяжой. Праўда, тую, якую на яе паклалі. Калі ж вы паклалі на сваю шматвалютную картку беларускія рублі, то на тое, каб зняць валюту за мяжой, цяпер існуюць абмежаванні — не больш як 50 долараў у суткі.
— Банкаўская стаўка рэфі-нансавання цяпер павялічана да 18%. Ці азначае гэта, што адпаведна павялічваюцца і крэдытныя плацяжы?
— Не. Стаўка рэфінансавання ніякіх адносінаў да плацяжоў па крэдытах не мае. Яна павялічваецца для абароны ўкладаў насельніцтва ад інфляцыі.
— Тыя, у каго ў «Беларусбанку» размешчаны валютныя ўклады, аказаліся ў дастаткова складаным становішчы. Банк нейкім чынам ідзе ім насустрач?
— У нейкі перыяд сапраўды былі праблемы з выдачай валюты па валютных укладах. Цяпер выдача валюты па ўкладах, акцыях і аблігацыях «Беларусбанка» па папярэдніх заяўках затрымліваецца максімум на пяць дзён. Сёння валюты для гэтага дастаткова. Больш таго, назіраюцца і такія факты, калі людзі робяць заяўкі, але не прыходзяць у банк па валюту. З заяўленай сумы забіраецца толькі 30%, астатняе зноў пераафармляецца на ўклады. Гэта дае падставы лічыць, што людзі давяраюць банку, а ажыятаж з валютай з’яўляецца надуманым і хутка ўвогуле закончыцца.
— А як быць тым, што браў у банку валютныя крэдыты?
— У інтарэсах крэдытаатрымальнікаў праўленне банка прыняло рашэнне наконт зніжэння з 6 чэрвеня крэдытнай стаўкі да 10% гадавых па раней выдадзеных валютных крэдытах. Разам з тым, для зніжэння крэдытнай нагрузкі даецца магчымасць (па пісьмовым звароце крэдытаатрымальніка) прадоўжыць тэрмін вяртання крэдыту яшчэ на пяць гадоў.
— Віктар Мікалаевіч, напэўна не толькі мне адной давялося ў гэтыя дні назіраць у банку такі малюнак: адзін чалавек з чаргі здае ў касу валюту, а на пытанне наступнага, ці ёсць валюта, касір адказвае, што няма. Як гэта разумець?
— У сістэме «Беларусбанка» існуюць тыя банкаўскія ўстановы, якія ажыццяўляюць толькі пакупку валюты. Астатнія абавязаны і купляць, і прадаваць у межах купленай. Калі такі выпадак адбыўся, то гэта ні што іншае, як злоўжыванне работнікам сваім службовым становішчам, і ён не павінен працаваць у банку.
— Але касір можа адказаць, што выкарыстоўвае гэтыя грошы на міжнародныя пераводы?
— Сапраўды, банку можна прадаваць толькі купленую ў кліентаў валюту. А валюта, па-кладзеная на ўклад ці міжнародны перавод, не прадаецца. Раней такога раздзялення не было.
— Ці магчыма атрыманне крэдыту, калі ўжо паўгода мінула як аформлены ўсе дакументы на будаўніцтва і выдзелены ўчастак?
— У сувязі з абмежаваннем рэсурснай базы, як мы ўжо адзначалі, перавага аддаецца аб’ектам у завершанай стадыі будаўніцтва. Не разумею, чаму чалавек цягнуў гэтыя паўгода, калі крэдыты можна было аформіць яшчэ да сакавіка. Тут ёсць іншае пытанне, якое ўжо разглядаецца на ўзроўні ўрада. Па ўсяму відаць, цяперашняе абмежаванне — за два гады з моманту адкрыцця крэдытнай лініі забудоўшчык павінен пабудаваць дом — будзе падоўжана.
Гутарыла Ганна Хадаровіч.