Вторник, 18 февраля 2025

Проводное радио уходит в небытие. Что взамен? Редакция получила неутешительный ответ

2 729

Нагадаем чытачам, што пад такім загалоўкам  у красавіку ў нашай газеце з’явілася публікацыя аб праблемах мясцовага радыёвяшчання. Спасылаючыся на трывожныя звароты жыхароў раёна з нагоды адключэння праваднога вяшчання, мы паспрабавалі высветліць, які лёс усё ж чакае правадное радыё – бадай, самага папулярнага да нядаўняга часу і – галоўнае —  самага таннага сродка масавай інфармацыі для небагатых слаёў нашага грамадства, вясковых жыхароў.радио

Паколькі атрымаць дакладны і зразумелы адказ на мясцовым узроўні журналістам не ўдалося, давялося звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю – да кіраўніцтва Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”. І вось як яно адрэагавала на выступленне газеты:

“Разгледзеўшы публікацыю ад 12 красавіка 2014 года, Брэсцкі філіял РУП «Белтэлекам» паведамляе наступнае.

Прыносім свае шчырыя выбачэнні грамадзянам за дастаўленыя нязручнасці і паведамляем наступнае. Несумненна, улічваючы ўзровень развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у 80-90-я гады, правадное вяшчанне з’яўлялася адным з асноўных крыніц давядзення да насельніцтва інфармацыі таго часу.

Сёння насельніцтва Рэспублікі Беларусь мае магчымасць атрымліваць сацыяльна значную інфармацыю з розных крыніц, такіх як эфірнае, кабельнае і інтэрактыўнае тэлебачанне, радыёвяшчанне, сетка Інтэрнэт, сеткі сотавай рухомай электрасувязі, друкаваныя і іншыя сродкі масавай інфармацыі.

У наш час эксплуатуецца разгалінаваная сетка праваднога вяшчання, уведзеная ў эксплуатацыю ў пасляваенныя гады. Для якаснага аказання паслуг па трансляцыі гукавых праграм праваднога вяшчання неабходны значныя капітальныя затраты на рамонт і замену правадоў, драўляных ці жалезабетонных апор і іншых кампанентаў сеткі праваднога вяшчання.

З мэтай забеспячэння гарантаванага давядзення да насельніцтва інфармацыі айчынных сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь арганізавана эфірная трансляцыя гукавой праграмы «Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё» (далей — 1НКБР), прыём якой даступны для 99,6% насельніцтва. Час трансляцыі абласных і раённых студый радыёвяшчання па правадной сетцы і ў  эфіры на частотах 1НКБР вызначаны «Раскладам вяшчання радыётрансляцыйнымі вузламі Рэспублікі Беларусь на 2014 год». Дадзены расклад штогод распрацоўваецца Белтэлерадыёкампаніяй і ўзгадняецца Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі.

Выхад у эфір раённых студый радыёвяшчання на частотах 1НКБР у дыяпазоне 65,9 — 74 Мгц дазволены ў рамках раскладу правадной сеткі, а ў дыяпазоне 87,5 — 108 Мгц забаронены. Але там, дзе адсутнічае магчымасць прыёму праграмы ў ніжнім дыяпазоне (65,9 — 74 Мгц), прадугледжаны ўстаўкі раённага радыё ў верхнім дыяпазоне (87,5 — 108 Мгц). У гэтых выпадках час выхаду ў эфір і перадатчык, з якога вядзецца вяшчанне, вызначаны для кожнага пэўнага раёна ў адпаведнасці з раскладам. Праграма 1НКБР на РТПС Куплін транслюецца ў верхнім дыяпазоне частот (98,3 Мгц). На гэтай частаце ў раскладзе прадугледжаны час выхаду ў эфір рэдакцыі Пружанскага радыё.

Для арганізацыі эфірнага прыёму гукавой праграмы 1НКБР патрэбна толькі наяўнасць радыёпрыёмніка, што дазваляе прымаць праграмы ў дыяпазоне вельмі высокіх частот (УКХ або FM). Такія прыёмнікі шырока распаўсюджаны ў гандлёвай сетцы па даступнай цане. Выгадныя ўмовы ў выглядзе растэрміноўкі платы прапануе таксама і нацыянальны аператар электрасувязі РУП «Белтэлекам».

Разгледзеўшы зварот жыхароў в. Слабудка, паведамляем, што гр. Загадай А.І., гр. Лагуценка А.Д. і гр. Бука Р.Н. у верасні 2013 года напісаны пісьмовыя заявы аб адключэнні радыёкропкі. У цяперашні час прэтэнзій яны не маюць. Гр. Бараноўская І.А. не з’яўляецца абанентам РУП «Белтэлекам» і пасля вуснай гутаркі з кіраўніцтвам раённага вузла электрасувязі прэтэнзій па пытанні радыёвяшчання няма. Гр. Мельнік М.А. мае ўласны радыёпрыёмнік і таксама прэтэнзій не падае.

Дырэктар філіяла А.М. Кенда”.

Ад рэдакцыі:

Прачытаўшы гэты адказ, мы не змаглі ўтрымацца ад каментарыяў. Па адной простай прычыне – практычна нічога новага кіраўніцтва філіяла так і не сказала. Пытанні як былі, так і засталіся без адказу. Напрыклад, дык які ж лёс чакае сёлета тых прыкладна  10 тысяч абанентаў праваднога вяшчання, якія яшчэ маюць магчымасць карыстацца гукавымі скрынкамі? Яшчэ не згасла надзея  падключыцца да сеткі праваднога вяшчання ў тых вяскоўцаў, ад дамоў якіх ужо абрэзалі правады. І гэта не наша “фантазія”: на раённым сходзе вясковых старастаў гэтае пытанне было адным з самых гарачых.

Шчыра кажучы, выраз пра “значныя капітальныя затраты на рамонт і замену правадоў, слупоў” выклікае ну проста, па-руску кажучы, “умиление”. Значныя – гэта якія? Мільёны долараў? Мільярды беларускіх рублёў?  Прабачце за іронію, шаноўныя сувязісты: верым, што сапраўды справа гэтая не танная, але наўрад ці даражэй за пракладку кабельных  ліній літаральна да кожнага дома нават самай аддаленай у раёне вёсачкі, па якіх можна весці не толькі тэлефонныя размовы, але адначасова яшчэ карыстацца  паслугамі па выхаду ў сетку інтэрнэт,  па дастаўцы тэлевізійных сігналаў і г.д. Зазначце, вельмі дарагіх паслуг у параўнанні з абаненцкай платай за радыёкропку. Напэўна, справядліва выказаўся адзін з вясковых старастаў: “Ну што вы ўсё пра слупы ды правады! А дзе ж вашы кабельныя лініі?”

Наўрад ці хто будзе аспрэчваць той факт, што эфірнае радыёвяшчэнне – дастойная і, напэўна, самая эфектыўная замена праваднога вяшчання. Аднак гэтая работа, на наш погляд, вядзецца не проста вяла (акрамя, вядома, абразання правадоў), але і непрафесійна, без уліку таго, што радыёфікацыя — справа асаблівай дзяржаўнай важнасці, на якую, дарэчы, трацяцца немалыя бюджэтныя сродкі. Для многіх, нягледзячы на прыведзены шаноўным А.М.Кендам пералік інфармацыйных крыніц, радыё па-ранейшаму пакуль застаецца  самым даступным, папулярным і танным СМІ. І з гэтым нельга не лічыцца. Як сведчыць практыка, рэдка хто з людзей, якіх пазбавілі сёння праваднога радыё, цяпер набывае  прыёмнікі для эфірнага прыёму перадач. Армія слухачоў змяншаецца, як кажуць, на вачах.

Сітуацыя ўскладняецца ў сувязі з тым, што для перадач нашага раённага радыё на частаце Першага нацыянальнага радыёканала выдзелены вельмі нязручны час, і мы пастаўлены перад выбарам: або  трансліраваць перадачы для пакуль яшчэ адчувальнай колькасці абанентаў правадной сеткі, або рабіць гэта праз эфір для мізэра слухачоў пры ўмове, што радыус дзеяння  перадаючай станцыі ў Купліно не ахоплівае поўнасцю ўвесь раён.

Безумоўна, “раёнцы” можна было б махнуць рукой на ўсе гэтыя пытанні, узяць пад казырок і робіць так, як патрабуюць зверху. Аднак прафесія не дазваляе, шкада марна патрачанага часу і нашых сродкаў: на падрыхтоўку радыёперадач установа “Рэдакцыя газеты “Раённыя будні” і праграмы радыёвяшчання “Пружанскае раённае радыё” траціць у год з уласнага бюджэту прыкладна 150 мільёнаў рублёў. Мы жадаем, каб яны сапраўды прыносілі карысць дзяржаве.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *