У Пружанах з’явіўся яшчэ адзін сучасны спартыўны аб’ект. У мінулы чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё міні-футбольнай пляцоўкі з сінтэтычным пакрыццём памерам 40х20 метраў на тэрыторыі ДЮСШ №1. Раней пра такую можна было толькі марыць. Узводзіўся спартыўны аб’ект сіламі будаўнікоў ПМК-22 пры фінансавай падтрымцы Беларускай федэрацыі футбола.
Ва ўрачыстасці бралі ўдзел і выступілі з прамовамі: член выканкама Беларускай федэрацыі футбола, старшыня Брэсцкай абласной федэрацыі Я.С.Трацюк, намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, начальнік ПМК-22 І.П.Нінічук. Я.С.Трацюк уручыў юным футбалістам ДЮСШ №1 пятнаццаць футбольных мячоў.
У сваёй прамове М.П.Кудравец, у прыватнасці, адзначыў, што аддзяленне футбола пры ДЮСШ №1 існуе з 2007 года. Але футбалістам для заняткаў не хапала менавіта такой пляцоўкі, за што кіраўніцтва раёна ўдзячна Беларускай федэрацыі футбола і ПМК-22.
І вось наступае самы ўрачысты момант. Чырвоныя стужкі на абодвух варотах даручана перарэзаць юным футбалістам Мікіту Шчуру, Даніілу Барану, Валянціну Панасюку, Валянціну Папко разам з Я.С.Трацюком і І.П.Нінічуком.
Першы сімвалічны ўдар па мячу нанеслі трэнер па футболе ДЮСШ №1 А.Ф.Адамчук і яе выхаванец Данііл Баран.
Для ўсіх прысутных на мерапрыемстве сваю песню падаравалі ўдзельнікі тэлевізійнага праекту АНТ «Я пяю!» Набіль Зарук і Валянціна Іванцова.
Пасля гэтага на новую пляцоўку выйшлі футбалісты.
Мікола Архуцік, Аляксандр Мелеш (фота).