У мінулы аўторак старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс правёў у Пружанскім райвыканкаме выязны асабісты прыём грамадзян. На прыём да губернатара папярэдне запісалася больш дзясятка грамадзян, якія спадзяваліся вырашыць хвалюючыя іх пытанні.
Што ж непакоіць жыхароў нашага раёна? Варта адразу адзначыць, што праблемы, з якімі звярнуліся грамадзяне, пераважна насілі прыватны характар.
Напрыклад, дзве жыхаркі Пружан паскардзіліся на нязручнасці, якія ствараюць вялікагабарытныя грузавікі пры падвозе прадуктаў у магазін “Верас”: пад’язная дарога вельмі вузкая і праходзіць літаральна пад вокнамі дамоў. Выслухаўшы нараканні жанчын, Анатоль Васільевіч прапанаваў мясцовым уладам прыняць адпаведныя меры, у прыватнасці, арганізаваць тут праезд толькі для невялікіх машын, устанавіць на гэтым участку дарожныя бардзюры як мага далей ад жылых пабудоў.
Лёсам дзяцей былі занепакоены і яшчэ двое жанчын. Адна з іх прасіла дапамогі губернатара ў вырашэнні пытання па забеспячэнні сіраты жыллём, другая – аб накіраванні на працу ў Пружанскі раён сына пасля заканчэння сельскагаспадарчай вышэйшай навучальнай установы. Старшыня аблвыканкама патлумачыў ім, як, згодна з законам, найлепшым чынам выйсці са становішча.
З надзеяй станоўча вырашыць свае праблемы з’явіліся ў райвыканкам і чацвёра грамадзян Шаняўскога сельсавета – іх непакоіць пытанне набыцця ва ўласнасць дамоў, якія належаць мясцовай гаспадарцы. Праблема што называецца “з барадой”, займацца ёю давялося не толькі раённай уладзе, але і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І.Юркевічу. Трэба адзначыць, што гэта дало свой плён: пасля адпаведнага рашэння сходу акцыянераў ААТ “Шані-аграпрадукт” для шэрагу жыхароў вёскі Гарадзечна пытанне вырашаецца станоўча. Але, на жаль, не для ўсіх. У нюансах і спрабаваў разабрацца старшыня аблвыканкама. Відаць, для некаторых з прыйшоўшых на прыём не абысціся без судовага разбіральніцтва.
Няпроста вырашыць і праблему запазычанасці па зарплаце работнікам (цяпер ужо былым) пасля банкруцтва таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелАгароднінаМікс”. Калі верыць папярэднім разлікам, то сродкаў, атрыманых ад распродажу маёмасці прадпрыемства, не хопіць, каб поўнасцю пакрыць запазычанасць па аплаце працы. Анатоль Васільевіч папрасіў мясцовыя ўлады пасадзейнічаць у пошуку пакупнікоў гэтай маёмасці, каб як мага хутчэй хоць бы часткова разлічыцца з даўгамі.
На прыём да губернатара трапілі і двое грамадзян, якія пражываюць за межамі Пружанскага раёна. Адзін з іх прасіў са-дзеяння аблвыканкама ў выдзяленні 30 гектараў зямлі паблізу Брэста для вытворчасці фундуку – ляснога арэха, які карыстаецца добрым попытам у нашай рэспубліцы, але прамысловае вырошчванне якога пакуль не наладжана ў Беларусі. Парадаваць прадпрымальніка Анатоль Васільевіч пакуль не змог, але за ідэю наладжвання новай вытворчасці ўхапіўся старшыня райвыканкама М.М.Серкоў: ён прапанаваў прадпрымальніку ажыццявіць планы на базе былога ваеннага гарадка ў Шчарчове, дзе, дарэчы, знойдзецца немалая плошча пустуючай зямлі. Анатоль Васільевіч параіў прадпрымальнаму чалавеку прыслухацца да прапановы кіраўніка раёна.
Каменціруючы па просьбе прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вынікі выязнога прыёму грамадзян, старшыня аблвыканкама адзначыў, што людзі, каб вырашыць хвалюючыя пытанні, скарысталіся сваім правам звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю. Не ўсе пайшлі задаволенымі, але з разуменнем сітуацыі і сваіх далейшых дзеянняў. Гэта, нам здаецца, не так і мала.
Мікола Антонаў, фота Сяргея Талашкевіча.