Нашы дзеці і дарослыя ўжо даўно не пакутуюць ад такіх інфекцыйных захворванняў, як натуральная воспа, поліяміэліт, слупняк, адзёр. Да адзінкавых выпадкаў знізіліся захворванні эпідэ-мічным паратытам, краснухай, коклюшам, вірусным гепатытам «В».
Тлумачэнне таму толькі адно: гэтым інфекцыйным хваробам пастаўлены заслон дзякуючы прафілактычным прышчэпкам. Вакцына для прафілактыкі закупляецца за мяжой, часцей за ўсё ў Францыі, Расіі, Швейцарыі. Эфектыўнасць іх бясспрэчная.
Штогод ахоп планавымі прышчэпкамі дзяцей у нас складае 97%, дарослага насельніцтва — 95%.
Усе мы ведаем, што менавіта дзякуючы суцэльнай імунізацыі супраць такога цяжкага захворвання, як натуральная воспа, хвароба была ліквідавана ва ўсім свеце і цяпер прафілактычныя прышчэпкі супраць яе адменены. Таксама дзякуючы прафілактычным прышчэпкам у нас, як і ва ўсім еўрапейскім рэгіёне, не рэгіструюцца выпадкі калечачага дзіця поліяміэліту. Шмат гадоў няма дыфтэрыі, хаця яе ўзбуджальнік — дыфтэрыйная палачка — цыркулюе ў чалавечай папуляцыі.
Усё насельніцтва з дзяцінства прышчэпваецца супраць слупняку.
Цяпер дзецям робяцца прышчэпкі і супраць краснухі. Такое захворванне небяспечна ўскладненнямі, пры якіх развіваеца атыт, пнеўманія, нефрыт, полінефрыт, а часам нават энцэфаліт. Асабліва небяспечна краснуха ў перыяд цяжарнасці жанчын. У гэтым выпадку ў эмбрыёна і плода ўзнікаюць парокі ўнутрыўтробнага развіцця: глухата, катаракта, глаўкома, парокі сэрца і г.д. Каб не хварэць, патрэбна абавязкова атрымаць прышчэпку ад краснухі.
У эндэмічных раёнах вобласці работнікам лесу ў абавязковым парадку і па зго-дзе ўсім жадаючым робяцца прышчэпкі супраць клешчавога энцэфаліту. Існуе прамая залежнасць ўзроўню захворвання ад колькасці прышчэпленых.
У апошнія гады рэгіструюцца лабараторна пацвер-джанае шаленства сярод дзікіх і хатніх жывёл. Але людзі не хварэюць шаленствам дзякуючы прафілактычным прышчэпкам. Шаленства ў людзей, як і ў жывёл, не лечыцца і заўсёды заканчваецца смерцю.
Вялікае значэнне маюць і прышчэпкі супраць грыпу. Яны праводзяцца штогод у сувязі са зменлівасцю віруса. Але варта адзначыць, што ахоп імі складае толькі каля 8-12% насельніцтва.
Пётр ЧАЙКОЎСКІ, загадчык аддзела эпідэміялогіі РЦГЭ.
Цікава ведаць:
*Штогод ад хвароб, якія папярэджваюцца з дапамогай вакцын, у свеце працягваюць паміраць прыкладна 32 тысячы дзяцей малодшага ўзросту.
*У 2002 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла еўрапейскі рэгіён свабодным ад поліяміэліту. Аднак адзёр і краснуха працягваюць заставацца для Еўропы сур’ёзнай праблемай.
*Па падліках спецыялістаў, кошт лячэння аднаго выпадку захворвання адзёрам складае ад 209 да 480 еўра, а затраты на вакцынацыю — ад 0,17 да 0,97 еўра.
*Планавая імунізацыя супраць такіх хвароб, як поліяміэліт, слупняк, дыфтэрыя і коклюш, штогод ратуе жыцці прыкладна 3 мільёнам чалавек.
