Стала традыцыяй, што вадзіцелі адзін аднаго мірганнем святла фар папярэджваюць аб мабільных пастах ДАІ на дарозе. Але аднойчы стала сведкай непрыемнай гісторыі, калі папярэджаны ліхач скінуў хуткасць, а пасля праезду паста адразу націснуў на газ і знёс веласіпедыста з дарогі. Тады задумалася, ці правільна рабіла, папярэджваючы іншых такім чынам. А нядаўна ўбачыла ў сацыяльнай сетцы групу, дзе заклікалі аб’ядноўвацца вадзіцеляў і папярэджваць, дзе і якія пасты ДАІ яны бачылі. Як самі супрацоўнікі ДАІ ўспрымаюць гэта?
Кацярына, г.Пружаны.
Каменціруе старшы дзяржаўтаінспектар А.А.Кабрынец:
— Разважаць на гэту тэму можна толькі з пункту гледжання маралі, таму што беларускім заканадаўствам забароны падобнага папярэджання не прадугледжаны. Але трэба задумацца, для чаго інспектары дзяжураць на дарогах. Напрыклад, у Егіпце ніякіх ПДР не існуе, у выніку гэтая краіна — сусветны лідар па аўтакатастрофах, у якіх штогод гінуць тысячы людзей.
Мы знаходзімся на праезнай частцы не для таго, каб «стрыгчы штрафы», а выконваем свой прамы абавязак — захоўваць парадак на дарозе. І калі вы папярэдзілі ліхача або п’янага вадзіцеля, які потым збіў чалавека, то ці не атрымліваецца, што ў такім выпадку вы сталі саўдзельнікам злачынства? Гэта будзе толькі на вашым сумленні. Варта зразумець, на чыім вы баку: нядобрасумленнага вадзіцеля ці яго нявіннай ахвяры.
Трэба яшчэ сказаць, што ёсць і іншыя суполкі, напрыклад, дабрачынныя памочнікі ДАІ, якія папярэджваюць аб парушальніках інспекцыю, што дазваляе своечасова прыняць меры.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.
Фота vk.com.