Віншаванні і падарункі ў гэтыя святочныя дні прымаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. А для насельнікаў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду самым каштоўным падарункам стала… звычайная чалавечая ўвага і неабыякавасць.
Сёння тут жывуць 24 пенсіянеры, пераважна адзінокія альбо пражываючыя далёка ад родных. Зразумела, амаль кожнаму з іх рашэнне пасяліцца ва ўстанове сястрынскага догляду далося нялёгка — вымушалі жыццёвыя абставіны. Як расказвае медперсанал бальніцы, згодна з першапачатковай задумай, падобныя ўстановы павінны былі стаць прытулкам на 3-4 месяцы, але на практыцы многія старыя затрымліваюцца ў іх на гады. 95-гадовая Марыя Максімаўна Басак з вёскі Асятніца — самая сталая жыхарка Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, напрыклад, жыве тут каля шасці гадоў. А 62-гадовы Валерый Пашкевіч са Смаляніцы вымушаны быў пераехаць сюды ў сувязі з інваліднасцю, якую атрымаў пасля траўмы. Сярод пацыентаў ёсць і тыя, хто зусім не можа сябе абслугоўваць, такім дапамога калектыву бальніцы — а ўсяго медперсаналу і тэхработнікаў тут 16 чалавек — асабліва каштоўная.
Гэта не адзіная медыка-сацыяльная ўстанова ў раёне: пры тэрапеўтычных аддзяленнях Шарашоўскай і Ружанскай бальніц створаны адпаведна 5 і 10 койка-месцаў падобнага прызначэння. Адметна, што амаль ніколі яны не пустуюць.
Людзі, якія па абавязку знахо-дзяцца побач са састарэлымі пацыентамі, заўважаюць, што адна з самых галоўных рэчаў для іх — зносіны і ўвага. Напярэдадні Калядаў іх было дастаткова. З імправізаваным канцэртам у Сухопальскую бальніцу наведаліся пажылыя валанцёры таварыства Чырвонага Крыжа, якія, дарэчы, тут частыя госці. Штораз яны прывозяць пачастункі і сціплыя падарункі, зробленыя сваімі рукамі. З віншаваннямі завітаў Дзед Мароз.
Традыцыйным стала і віншаванне ад раённага аддзялення Фонду міру. Яго старшыня М.П.Кудравец і кіраўнік раёна М.М.Серкоў прывезлі салодкія падарункі, звярнуліся да старых з цёплымі словамі. Гасцей з райцэнтра цікавілі ўмовы пражывання пацыентаў і пытанні, якія хвалююць ўстанову. Да слова, у 2014 годзе ў бальніцы адбыліся карэнныя змяненні: за бюджэтныя сродкі быў зроблены рамонт у палатах, працэдурным кабінеце, харчблоку, абноўлены фасад будынка, выдаткі на агароджу вакол тэрыторыі ўстановы аплаціў прадпрымальнік Мікалай Бурнас.
Галоўным пацвярджэннем таго, што гэтая святочная сустрэча была кранальнай, былі эмоцыі насельнікаў бальніцы: у адных яны праяўляліся ў выгля-дзе ўсмешкі на твары, другія выказвалі сваё задавальненне ў шчырых падзяках, а іншыя нават вы-ціралі хусцінкай няпрошаную слязінку.
Марына Вакульская. Фота аўтара.