Аляксей Андрусевіч жыве ў Брэсце. Нядаўна ў вёсцы Смаляніца набыў сабе дом пад дачу і ў адзін з выхадных дзён вырашыў тут навесці парадак. Непадалёку ад хлява знайшоў тачыльны камень. Калі перавярнуў яго на другі бок, то ўбачыў там нейкія літары. Аляксею ўдалося зрабіць дакладны пераклад з іўрыта: «Тут пахавана сціплая жанчына Мір‘ям дачка Аўраама Надра Ірштрума. Няхай будзе і яе частка ў свеце іншым».
Аляксей зразумеў, што тачыльны камень — ні што іншае, як яўрэйскі надмагільны помнік (мацэва), і звязаўся з Яўрэйскім музеем і цэнтрам талерантнасці ў Маскве, каб паведаміць аб сваёй знаходцы. Музейныя работнікі паабяцалі, што ў канцы жніўня прыедуць у Смаляніцу і забяруць да сябе гэты камень. Да таго ж прасілі яшчэ адшукаць прадметы яўрэйскай культуры: у музеі вельмі мала экспанатаў з Беларусі, а, як вядома, на Пружаншчыне ў даваенны час жыло шмат яўрэяў.
Звязацца з Яўрэйскім музеем і цэнтрам талерантнасці можна па адрасе: вуліца Абразцова,11 буд.1а, Масква, Расія, тэл +7495-645-05-50.
Мікола АРХУЦІК.