“Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” — пад такой назвай адбыўся адкрыты дыялог моладзі раёна з прадстаўнікамі раённай улады.
Меркавалася, што прадстаўнікі пярвічак БРСМ спытаюцца аб набалелым і атрымаюць адказы на свае пытанні, што называецца, з першых вуснаў, паслухаюць сваіх папярэднікаў-камсамольцаў. Аднак старшыня райвыканкама М.М.Серкоў ініцыятыву ўзяў у свае рукі і першым запытаўся сам:
— Скажыце, калі ласка, — звярнуўся ён да прысутных, — які аб’-ект у горадзе ці раёне стварылі самі маладыя? – І, не дачакаўшыся адказу, пачаў тлумачыць сваю думку:
— Уступіўшы ў камсамол, спазнаў усе станоўчыя моманты дзейнасці гэтай маладзёжнай арганізацыі, у тым ліку і студатрадаўскі рух. Быў у студэнцкім атрадзе “Гагарын”, які прадстаўляў Беларусь. Мы працавалі разам з моладдзю іншых саюзных рэспублік. Не ведалі ніякіх міжканфесіяльных адносін, але добра ўсвядомілі, што вельмі важны працэс, а не поспех, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Панавала атмасфера сапраўднага сяброўства. І тое, што мы зараз назіраем ва Украіне, гэта вынік дзейнасці таго недавыхаванага пакалення, якое не засвоіла лепшыя камсамольскія традыцыі. Бо, каб зрабіць капітальны рамонт дома, зусім не варта разбіраць падмурак… Такую Радзіму, як у нас, мала дзе знойдзеш. Таму патрэбна цаніць і берагчы тое, што ў нас ёсць.
На прапанову старшыні райвыканкама задаваць пытанні, нечаканае: “Дзе дыскатэкі?” прагучала нават з’едліва.
— Што патрэбна зрабіць, каб моладзь туды ішла? – пытаннем адказаў Міхаіл Мікалаевіч.
— Магчыма, арганізаваць продаж безалкагольных кактэйляў, — адказаў навучэнец каледжа. – Трэба нешта рабіць, каб прывучыць моладзь выходзіць з дому. Патрэбен якасны адпачынак.
— У горадзе не хапае мала-дзёжнага безалкагольнага кафэ, — уступіла ў размову вучаніца СШ №5. — Атмасфера “Бістро” прыгнятае прысутнасцю наведвальнікаў у алкагольным ап’яненні.
На гэта прадстаўнікі райвыканкама патлумачылі, што такое кафэ неўзабаве павінна адкрыцца. Аднак тут жа звярнулі ўвагу на культуру маладых: маўляў,ці адчуюць ад гэтага сябе шчаслівымі хлопцы і дзяўчаты? Не так даўно, напрыклад, пабудавалі мост-прыгажун з падсветкай праз Мухавец, і ўжо давялося мяняць разбітыя ліхтары… Аднак прысутныя, быццам не звяртаючы ўвагі на слушную заўвагу, гаварылі пра планы будаўніцтва і танцавальнай пляцоўкі, і амфітэатра ў палацыку. І зноў усё зво-дзілася да адпачынку. У сувязі з гэтым інакш успрынялася прапанова аб адкрыцці ў Пружанах курсаў навучання замежнай мове для працоўнай моладзі. І не дзіўна: пра гэта з поглядам у будучае гаварылі тыя, хто працуе і мае сем’і.
У рэшце рэшт, размова звялася да інертнасці і безыніцыятыўнасці большасці маладых людзей. Пра гэта на прыкладзе свайго камсамольскага вопыту гаварылі А.Ф. Гвоздзік і В.Ф.Дзімітруковіч. Бо, як яны заўважылі, маладым цікава тое, што самі прапануюць. Падчас сустрэчы, на жаль, ад іх гучалі прапановы толькі з нагоды адпачынку.
Галіна Каляда.