Понедельник, 13 января 2025

Председатель районной организации ветеранов физической культуры и спорта Александр Лемешевский: «Движение — это жизнь»

1 397

Аляксандра Мікалаевіча Лемяшэўскага добра ведаюць аматары спорту ўсяго нашага раёна. Але і не толькі яны. Вясёлы нораў, добразычлівасць, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу ў любы час прыцягваюць да яго людзей. Часам здаецца, што Аляксандр Мікалаевіч ніколькі не змяніўся за апошнія трыццаць пяць гадоў: колькі мы з ім знаёмы, ён такі ж рухавы і жартаўлівы, як і раней. А між іншым, сёння гэтаму чалавеку спаўняецца 75 гадоў! За плячыма нялёгкая жыццёвая дарога, якая не заўсёды была прамой.

Нарадзіўся хлопец у сялянскай сям’і на Століншчыне. Час быў няпросты: у паветры ўжо пахла вайной. Крыху больш чым праз год яна і грымнула. За гады акупацыі Лемяшэўскія зведалі нямала. Адразу пасля вайны памёр малодшы брат, якому споўнілася толькі чатыры гады.29янв2015_3749

Якім цяжкім было пасляваеннае дзяцінства! Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. Вядома, што дастатку вялікага ў сям’і не было. Але як бы ні было складана, юнак атрымаў у школе сярэднюю адукацыю, актыўна займаўся спортам. На той час з’яўляўся членам зборнай раёна і вобласці па лёгкай атлетыцы, дзе спецыялізаваўся ў бегу на 800 і 1500 метраў.

А пасля была служба ў войску. Служыць давялося на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі ў горадзе Піянерску. І тут таксама знаходзіў час для заняткаў спортам: браў удзел у першынстве Ваенна-паветраных сіл СССР па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла ў Калінінградзе.

Пасля дэмабілізацыі малады чалавек вярнуўся ў родную вёску. Па вечарах круціў кіно, а днём займаўся з калгаснай моладдзю спортам, сумяшчаючы пасаду інструктара-метадыста.

— У тыя гады папулярнымі на вёсцы былі футбол, валейбол і гарадкі, — успамінае Аляксандр Мікалаевіч. — Пабудавалі ўласнымі сіламі пляцоўкі для гарадкоў і гульні ў валейбол, дзе заўсёды было шмат моладзі.

Час ішоў, і Аляксандр зразумеў, што трэба вучыцца далей.

У сярэдзіне 60-х Лемяшэўскі стаў навучэнцам Пружанскага саўгаса-тэхнікума, дзе і атрымаў дыплом агранома.

— У той перыяд у тэхнікуме актыўна развіваліся веласпорт і лёгкая атлетыка, — кажа Аляксандр Мікалаевіч.

Малады чалавек таксама  займаўся спортам і зусім невыпадкова хутка ўзначаліў раённую арганізацыю ДСТ «Ураджай». Тут культываваліся тры віды спорту: лыжы, веласпорт і лёгкая атлетыка. Поспехі пружанскіх веласіпедыстаў і лыжнікаў былі вядомы за межамі раёна.

У 1975 годзе Аляксандр Лемяшэўскі быў прызначаны старшынёй камітэта па фізічнай культуры і спорту райвыканкама. Атрымаў вышэйшую адукацыю: закончыў факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага педінстытута. Неабходна адзначыць, што спадчына яму дасталася, мякка кажучы, небагатая: гарадскі стадыён без трыбун, спартыўныя залы ў Доме афіцэраў, саўгасе-тэхнікуме, школах горада і раёна. А пра закрытыя плавальныя басейны можна было толькі марыць!

З цягам часу пачала развівацца і спартыўная база ў раёне. На гарадскім стадыёне былі пабудаваны трыбуны з падтрыбуннымі памяшканнямі. Была таксама задумка пабудаваць у Пружанах фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Але, на жаль, тады ўсё засталося толькі на паперы.

З перадачай Дома афіцэраў на баланс раённых уладаў значна палепшыліся ўмовы для заняткаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. На месцы глядзельнай залы ў будынку з’явілася яшчэ адна спартыўная зала. У гэтым Аляксандр Мікалаевіч бачыць вялікую заслугу тагачаснага дырэктара школы В.С.Зуя.

Нягледзячы на тое, што ў спартыўнай школе не было аддзялення футбола, пружанскія футбалісты ў 70-я гады дабіліся неблагіх поспехаў: сталі прызёрамі рэспубліканскай спартакіяды сярод сельскай моладзі.

Аматарам спорту са стажам таксама добра вядома імя Аляксандра Жэдзя — баскетбаліста каманды «РТІ» (МІнск), якая выступала ў чэмпіянаце СССР. Нарматыў майстра спорту СССР па веласпорце выканаў трэнер пружанскіх веласіпедыстаў Анатоль Плеска.

— Цяперашняй спартыўнай базай мы можам ганарыцца, такая ёсць не ў кожным раёне вобласці, — гаворыць Лемяшэўскі.

Пасля выхаду на пенсію ветэран не сядзеў склаўшы рукі. На працягу дзевяці гадоў узначальваў раённую арганізацыю таварыства выратавання на водах, а зараз з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту.

Паводле слоў  паважанага ветэрана, трэба прытрымлівацца правіла: рух — гэта жыццё. З гэтым нельга не пагадзіцца.

Мікола Архуцік, фота Сяргея Талашкевіча.

На здымку: А.М.Лемяшэўскі ля Лядовага палаца ў Пружанах.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *