Четверг, 10 октября 2024

Председатель Пружанского Райисполкома Михаил Серков подвел итоги уходящего года и обозначил планы на будущий

3 124

Якім быў для нашага раёна год адыходзячы, якія задачы неабходна будзе вырашаць у годзе будучым, — пра гэта публікуемыя ніжэй нататкі, у аснове якіх  справаздача перад дэпутатамі раённага Савета старшыні райвыканкама М.М.СЕРКОВА.

РЭЗЕРВЫ НАШАГА ЭКСПАРТУ

Для таго, каб наш раён устойліва развіваўся, каб спыніць адток кадраў і сярэдняя зарплата выглядала дастойна, неабходна папрацаваць па трох галоўных накірунках: сельская гаспадарка, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі і развіццё малога бізнэсу. Менавіта з гэтых пазіцый і хочацца сёння пагаварыць.

З 4 мэтавых прагнозных паказчыкаў, вызначаных рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ад 3 снежня 2012 г. № 911 «Аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці на 2013 год», раёнам забяспечваецца выкананне паказчыка росту намінальнай заработнай платы. Пры прагнозе 3783 тыс. рублёў  па году яна складзе 4050 тыс. рублёў. У 2014 годзе сярэднямесячны заробак нашых работнікаў павінен быць не менш 4895 тысяч рублёў.

Экспарт тавараў без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, па выніках года складзе 116,1% (прагноз 117%). Асноўная прычына  невыканання – скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці і павелічэнне паставак на ўнутраны рынак СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны». Як станоўчы момант можна адзначыць, што ў 2 разы ў параўнанні з 2012 годам павялічыліся пастаўкі тавараў у краіны, якія не ўваходзяць у СНД. З’явіліся новыя рынкі збыту – Кітай, Эстонія, Турцыя. Пры гэтым хацелася б адзначыць актыўнасць ААТ «Пружанскі льнозавод», якім пастаўлена на экспарт тавараў на 1,6 млн. долараў ЗША.

У 2014 годзе неабходна забяспечыць тэмп росту экспарту не менш 106% да ўзроўню папярэдняга года. Увесь прырост прадукцыі малакоперапрацоўчых прадпрыемстваў будзе пастаўлены на экспарт. Не застанецца ўбаку і малы бізнэс. Ёсць свае  рынкі збыту ў ТАА «Нятканы свет». Прыступіць да вытворчасці ТАА «Экабітум», 95% прадукцыі якога будзе пастаўляцца на экспарт.ghe;fys

Адным з рэзерваў росту экспарту з’яўляецца продаж за мяжу сельскагаспадарчай прадукцыі. Не да канца выкарыстоўваюцца экспартныя магчымасці крухмальнага завода ў в.Харава. Вырабленая тут прадукцыя па сваіх якасных характарыстыках можа мець сваю нішу на рынку, але маркетынгавыя магчымасці прасоўвання прадукцыі пакуль выкарыстаны недастаткова.

Экспарт паслуг па арганізацыях раёна без уліку тых, якія падпарадкаваны рэспубліканскім органам дзяржкіравання, у  бягучым годзе  ніжэй леташняга ўзроўню і складзе прыкладна 80% да ўзроўню 2012 года, пры прагнозным тэмпе росту 115%. Асноўная прычына – скарачэнне экспарту будаўнічых паслуг.

У 2014 годзе неабходна забяспечыць рост экспарту паслуг без уліку экспарту прадпрыемстваў рэспубліканскага падначалення на 109% да ўзроўню бягучага года.

Для гэтага ёсць нямала рэзерваў. У іх ліку цікавыя аб’екты, якія могуць аказваць паслугі замежным турыстам. Гэта і грамадска-культурны цэнтр «Мікалаеўскі» у в. Мокрае, турыстычны комплекс у в.Клятное, Водны і Лядовы палацы.

ЦІ ПРЫЙДЗЕ ДА НАС ЗАМЕЖНЫ КАПІТАЛ?

Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове ў 2013 годзе павінны былі дасягнуць 5 млн. долараў ЗША. Але выкананне гэтага паказчыка правалена. У выніку маем адток прамых інвестыцый у суме 0,6 млн. долараў ЗША, і абумоўлена гэта налічэннем дывідэндаў замежнаму заснавальніку СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» па выніках работы ў 2011 годзе.

На наступны год ставіцца задача па прыцягненні ў эканоміку рэгіёна 7 млн. долараў ЗША прамых замежных інвестыцый. На жаль, на сённяшні дзень не адпрацаваны  механізм, які б забяспечыў прыцягненне замежных інвестыцый у такіх аб’ёмах. Вялікія надзеі ўскладаюцца на рэалізацыю інвестыцыйнай дамовы па стварэнні ў г.Пружаны гандлёвага аб’екта – універсальнага магазіна па вуліцы Кастрычніцкай, якая заключана паміж  замежным ТАА «Глера Сігма» і Рэспублікай Беларусь.

Чаго ў нас у раёне не хапае, дык гэта належнай перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, вырабу кансерваў. Гэтым пакуль займаюцца толькі Пружанскі кансервавы завод і “Белагароднінамікс”. Што робіцца райвыканкамам, каб нейкім чынам выправіць становішча? Мы правялі шэраг перамоў па стварэнні кансервавых вытворчасцей. Падпісаны дагавор з расійска-польскім прадпрыемствам “Сады Прыбужжа”, якое атрымала землі каля вёскі Казакі Шчарчоўскага сельсавета. Тут высаджана 7 гектараў клубніц, з кропельным палівам пад корань. На працягу года можна будзе атрымліваць некалькі ўраджаяў. Згодна з дамовай, прадпрыемства абавязана наладзіць у Шчарчове вытворчасць сокаў. Расфасаваныя ў сучасную ўпакоўку,  павінны паступаць на продаж у Расійскую Федэрацыю. Мы гатовы таксама падпісаць яшчэ адну дамову з прадпрыемствам у Шчарчове, якое мяркуе заняцца закупам агародніны на тэрыторыі раёна.

Акрамя таго, прайшоў першы раўнд перамоў з польскімі інвестарамі індыйскага паходжання. У іх ёсць цікавасць да будаўніцтва прадпрыемства на базе былога хлебазавода ў г.п.Шарашова, каб наладзіць выпуск лекавых  траў і траў, якія выкарыстоўваюцца ў кулінарыі.

Вядзем перамовы з Турцыяй, прадпрымальнікі з гэтай краіны зацікавіліся перапрацоўкай дзікарослых ягад і пладоў.

Зацікаўлены ў наладжванні вытворчасці кансерваў з наступнай пастаўкай іх у Расію і прадпрымальнікі з Балгарыі. На жаль, наш аддзел эканомікі пакуль пасіўнічае ў гэтым пытанні, займае чакальніцкую пазіцыю.

ВЫПУСЦІЦЬ І РЭАЛІЗАВАЦЬ

На 2014 год раёну даводзіцца індыкатыўны паказчык — выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у разліку на аднаго сярэдняспісачнага работніка (без уліку мікраарганізацый і малых арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці), які павінен скласці 425,2 млн. рублёў на 1 занятага. Гэты паказчык з’яўляецца адным з індыкатараў развіцця рэальнага сектара эканомікі.

Аналізуючы работу галін эканомікі, хацелася б асобна спыніцца на выніках работы  сельскагаспадарчых арганізацый раёна, якія  забяспечаць прагнозны паказчык тэмпу росту валавой прадукцыі на 106% да ўзроўню 2012 года. Не кожны раён можа пахваліцца такімі тэмпамі прыросту. Гэта пры тым, што не ўсё сёлета ўдалося  ў галіне раслінаводства, у цэлым валавая вытворчасць тут склала толькі 94% да ўзроўню папярэдняга года.

Найбольш адчувальныя поспехі ў жывёлагадоўлі: мяркуемы прырост валавой вытворчасці за год тут складзе 14,3%.  Малака будзе атрымана прыкладна 164 тыс. тон (107,9% да ўзроўню 2012 года), прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі — 22,9 тыс. тон (122,5%), рэалізавана  19,4 тыс. тон мяса (132,9%).

У 2013 годзе павысілася якасць рэалізуемай прадукцыі жывёлагадоўлі. Так, сельскагаспадарчыя арганізацыі прадаюць малако класам «экстра» 42,3% ад агульнага аб’ёму рэалізацыі, вышэйшым гатункам – 51,9%. Сярэдні ўдой малака ад адной каровы плануецца давесці да 4885 кг (+110 кг). У бягучым годзе 4 гаспадаркі пераадолеюць 5-тысячны рубеж па прадуктыўнасці дойнага статка і адна надоіць больш 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы.

Узровень рэнтабельнасці жывёлагадоўчай вытворчасці ў канчатковым выніку складзе не менш 8,5%.

Інтэграваным паказчыкам ацэнкі эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, які ўлічвае як рост вытворчасці прадукцыі, так і прыбыткі ад яе рэалізацыі, з’яўляецца рэнтабельнасць продажаў. За гэты год паказчык чакаецца на ўзроўні 4,1%, што, на жаль, на 6,9% менш, чым прадугледжвалася заданнем. Аб’ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым за год чакаецца ў суме 1150 млрд. рублёў, або 104% да ўзроўню 2012 года. Сума прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі за год складзе прыкладна 49,8 млрд. рублёў, балансавы прыбытак — 88,8 млрд. рублёў.

Укараненне інтэнсіўных тэхналогій вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі дазволіць забяспечыць рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі  4,8%. Зніжаюцца матэрыяльныя і працоўныя затраты на вытворчасць адзінкі прадукцыі жывёлагадоўлі.

Паляпшэнне фінансавага стану гаспадарак дазваляе павышаць дабрабыт працаўнікоў вёскі. За снежань 2013 года сярэднямесячная заработная плата ў сельскай гаспадарцы чакаецца на ўзроўні 4800 тыс. рублёў, або 133,6% да аналагічнага перыяду мінулага года.

На наступны год перад сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна стаіць задача павялічыць вытворчасць на 103%. Для яе выканання неабходна забяспечыць у 2014 годзе вытворчасць прадукцыі ў наступных аб’ёмах:

збожжа — 160 тыс. тон, бульбы – 39,5 тыс. тон,  насення рапсу – 12,2 тыс. тон, садавіны і ягад – 2,5 тыс. тон, агародніны – 2,7 тыс. тон, цукровых буракоў – 63,0 тыс. тон, ільновалакна – 3,02 тыс. тон, малака – 169,9 тыс. тон, рэалізаваць жывёлы і птушкі ў жывой вазе – 19,5 тыс. тон, вытворчасць яек – 61,3 млн. штук.

Развіццё прамысловага комплексу напрамую звязана з працай сельскагаспадарчай галіны. За 2013 год аб’ём вырабленай прамысловай прадукцыі (работ, паслуг) у бягучых цэнах складзе 1,2 трл. рублёў. У супастаўных умовах індэкс прамысловай вытворчасці склаў 97% пры заданні 110%. У натуральным выражэнні значна знізілася вытворчасць натуральнай малочнай прадукцыі па прычыне скарачэння паставак малака на СТАА «ЮНІМІЛК Пружаны» ў сувязі са зменай сыравінных зон.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага  аб’ёму вытворчасці на 1 снежня 2013 складала 31,8% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці пры заданні 50%.

Узровень рэнтабельнасці продажаў у прамысловасці за студзень-кастрычнік 2013 г. склаў 11% супраць 7,0% за аналагічны перыяд 2012г. (рост на 4% пры заданні на 2013 г. + 1,5%).

ЯК ГАНДЛЮЕМ І БУДУЕМ?

Гандаль займае важнае месца ў жыцці раёна і горада, з’яўляючыся адлюстраваннем узроўню развіцця эканомікі, а значыць, і ўзроўню жыцця насельніцтва. Тэмп росту рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі па выніках  года складзе 109%, як і патрабавалася заданнем. Паводле статыстычных даных, па стану на 01.01.2013г. насельніцтва Пружанскага раёна з’яўляецца самым забяспечаным гандлёвай плошчай – 503 кв.м на 1000 чалавек. Па наяўнасці пасадачных месцаў у агульнадаступных аб’ектах грамадскага харчавання раён таксама лідзіруе ў вобласці – 41 месца на 1000 жыхароў.

За 2013г. прырост гандлёвай плошчы забяспечаны за кошт адкрыцця магазінаў «Белмаркет» (ЗТАА «Белмаркеткомпані»), «Акцэнт» (ТАА «Опт лайн плюс»), «Кухні-зов-Мэбля» (ТАА «Міксмэблякомпані»), гандлёвых аб’ектаў ААТ «Айчына» (в.Харава) і ААТ «Пружанскі РКБА» (г.Пружаны, вул. Свабоды).

Пружанскі раён уваходзіць у лік лідараў па паказчыку ўдзельнай вагі рознічнага тавараабароту, атрыманага ў выніку разлікаў за тавары з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак. На сённяшні дзень 12% пакупак аплочваецца з выкарыстаннем банкаўскіх картак.

Ва ўмовах канкурэнцыі на спажывецкім рынку раёна паступова зніжаецца доля спажывецкай кааперацыі ў аб’ёме рознічнага тавараабароту гандлёвых арганізацый.

Некалькі слоў пра будаўніцтва. За 2013 г. у эканоміку рэгіёна ўкладзена 750 млрд. рублёў інвестыцый, з якіх будаўніча-мантажныя работы складаюць 54%. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю такія важныя сельскагаспадарчыя аб’екты, як малочнатаварная ферма на 960 галоў у в.Клепачы (ААТ “Жураўлінае”), комплекс па гадоўлі нецеляў на 2000 галоў у в.Вашчынічы (ААТ “Агра-Калядзічы), другая чарга малочнатаварнай фермы на 1100 галоў у в.Роўбіцк, збожжасушыльны комплекс у в.Арабнікі (ААТ “Э/б “Белавусаўшчына”).

Многія гавораць, што ў Пружанах усё пабудавана, многа грошай укладзена ў  раён. Аднак, на нашу думку, гэтага недастаткова. Цяпер у сельскай гаспадарцы трэба будаваць такія аб’екты, якія дазволяць бездакорна захоўваць усе тэхналагічныя схемы, будуць працаваць на зніжэнне сабекошту. У якасці невялікага прыкладу можна прывесці ААТ “Жураўлінае”, дзе для дасягнення большага эфекту пры рэалізацыі свініны неабходна ўзводзіць свой цэх абвалкі мяса. Ставіцца задача таксама па будаўніцтве на свінагадоўчым комплексе біягазавай устаноўкі, якая практычна вырашыць пытанне з яго энергезабеспячэннем, што, безумоўна, станоўча паўплывае на сабекошт прадукцыі.

На жаль, не ўдалося справіцца з будаўніцтвам жылля. Пры плане на 2013 год 28 000 кв. м. фактычна на тэрыторыі раёна будзе ўведзена ў эксплуатацыю 19634 кв.м агульнай плошчы жылля, у тым ліку:

— шматкватэрныя жылыя дамы жыллёва-будаўнічых кааператываў – 4988 кв. м;

— жылыя дамы для сельгаспрадпрыемстваў – 2734 кв. м;

— жылыя дамы індывідуальных забудоўшчыкаў – 11912 кв. м.

ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА

Сёлета на тэрыторыі раёна было зарэгістравана 46 малых прадпрыемстваў і 143 індывідуальныя прадпрымальнікі. Для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці са сродкаў дзяржаўнага фонду садзейнічання занятасці за год аказана фінансавая падтрымка сямі беспрацоўным грамадзянам у выглядзе субсідыі на суму 74,2 млн. руб.

У бягучым годзе прададзены на аўкцыёне дзевяць аб’ектаў, здадзены ў арэнду тры аб’екты. Праводзіцца абнаўленне пераліку зямельных участкаў для выдзялення суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пад размяшчэнне вытворчасці, будаўніцтва аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, міні-рынкаў, павільёнаў, аб’ектаў сацыяльнага, культурнага, бытавога абслугоўвання, аўтазаправачных станцый, аўтастаянак, арганізацыю фермерскіх гаспадарак. Таксама здадзены ў арэнду два вадаёмы ў вёсках Семянча і Залессе індывідуальнаму прад-прымальніку  і фермерскай гаспадарцы «Рыбіна вока» для рыбаводства і стварэння інфраструктуры для развіцця турыстычных паслуг, іншай дзейнасці па арганізацыі адпачынку і баўлення вольнага часу.

Аналізуючы задачы, якія ставяцца перад раёнам на будучы год, хочацца адзначыць, што яны напружаныя, складаныя, але іх рэальна выканаць. Аднак рэалізацыя пастаўленых задач не магчыма без паўсюднага і самага жорсткага рэжыму эканоміі, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі з мясцовых відаў сыравіны і пастаўкі вырабленай прадукцыі на экспарт, правядзення комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *