Стартаваў чарговы чэмпіянат вобласці па футболе з удзелам ФК «Пружаны». Аб тых зменах, якія адбыліся ў клубе, і задачах на сёлетні сезон гутарка карэспандэнта са старшынёй яго праўлення М.В.Папко.
— Мікалай Васільевіч, з якім настроем каманда ўступае ў сёлетні сезон?
— У мінулым сезоне каманда заняла трэцяе месца і стала ўладальнікам кубка. Лічу, што згулялі ў сваю сілу. Да самага апошняга тура сапернічалі з ФК «Кобрын», каб пазмагацца за званне чэмпіёна. На жаль, крыху не хапіла ўдачы.
У сёлетні сезон уступаем з баявым настроем. Задача перад камандай адна — вярнуць чэмпіёнскі тытул.
— А якія змены адбыліся ў складзе каманды ў параўнанні з мінулым годам?
— Нам удалося захаваць касцяк каманды. Пакінулі клуб Ігар Брышцель і Аляксандр Гугнюк, якія цяпер будуць выступаць за ФК «Кобрын». Хутчэй за ўсё, пакіне яго і варатар Мікалай Карповіч.
У сёлетнім сезоне за каманду будуць гуляць Юрый Макарэвіч з Ружан і Васіль Кашцялян з Бярозы.
— Мікалай Васільевіч, а каго з пружанскіх футбалістаў можна будзе ўбачыць на полі?
— Асноўным варатаром каманды з’яўляецца добра вядомы аматарам футбола Сяргей Сахарук, які раней выступаў за «Дынама» (Брэст). З маладых футбалістаў у мінулым сезоне нядрэнна сябе зарэкамендаваў Максім Якута. У склад каманды будуць уключаны таксама яшчэ некалькі перспектыўных футбалістаў- выхаванцаў ДЮСШ №1.
— Як паказвае практыка, чым больш багаты футбольны клуб, тым больш удала ён выступае. А як абстаяць справы з фінансаваннем ФК «Пружаны»?
— Пэўная частка сродкаў павінна быць выдзелена нам з раённага бюджэту. Але іх вельмі і вельмі мала. Разлічваем на падтрымку з боку арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, а таксама камерцыйных структур. Спадзяемся, што тыя кіраўнікі, хто не абыякавы да футбола, акажуць клубу фінансавую падтрымку. Вельмі важнай для нас з’яўляеца і маральная падтрымка з боку мясцовай улады, асабліва тых чыноўнікаў, якія адказваюць за развіццё фізічнай культуры і спорту ў раёне.
— Якія з каманд Вы лічыце асноўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул?
— Чэмпіянат, як і летась бу-дзе праходзіць у дзвюх зонах: заходняй і усходняй. У кожнай з іх выступіць па дзесяць каманд. Асноўнымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнскі тытул лічу ФК «Кобрын», «Блэк Рэд Уайт» (Брэст), ФК «Маларыта», «Заходні-ВТА» (Брэсцкі раён). Не выключана, што на званне чэмпіёна можа прэтэндаваць і якая-небудь каманда з усходняй зоны.
— Мікалай Васільевіч, а якая работа праводзіцца, каб неяк прыцягнуць больш балельшчыкаў на стадыён падчас дамашніх гульняў каманды?
— Мы разумеем, што футбол без гледачоў — гэта не футбол. У сёлетнім сезоне ўсе дамашнія гульні каманда будзе праводзіць толькі ў нядзелю, што будзе садзейнічаць большаму прытоку балель-шчыкаў.
— Ці вядомы ўжо каляндар гульняў першага круга?
— Першы матч сезона правядзем 6 мая ў Камянецкім раёне з камандай «Усход». Першая гульня ў Пружанах адбудзеца 13 мая, калі будзем прымаць футбалістаў Драгічынскага раёна.
Гутарыў Мікола Архуцік.
Каляндар гульняў першага круга чэмпіянату вобласці па футболе сярод каманд заходняй зоны з удзелам ФК «Пружаны»
6 мая (нядзеля) — «Усход» (Камянецкі раён)
13 мая (нядзеля) — «Драгічынскі раён»
19 мая (субота) — ФК «Ніва» (Камянецкі раён)
27 мая (нядзеля) — ФК «Кобрын»
3 чэрвеня (нядзеля) — ФК «Маларыта»
10 чэрвеня (нядзеля) — «Лакаматыў» (Брэст)
16 чэрвеня (субота) — «Аграпрадукт» (Брэст)
23 чэрвеня (субота) — «Блэк Рэд Уайт» (Брэст)
1 ліпеня (нядзеля) «Заходні-ВТА» (Брэсцкі раён)
Дамашнія гульні ФК «Пружаны» выдзелены чорным шрыфтам.