Быць жанчынай у наш час — сапраўднае выпрабаванне. А калі яна яшчэ бізнэсвумен, — выпрабаванне трайное: трэба не толькі знайсці ў сябе сілы на такі вялікі «воз» спраў, але і не згубіцца за штодзённымі клопатамі, пакінуць і для сябе часцінку жаночай лагоднасці і пяшчоты.
Гараджанам і гасцям райцэнтра добра вядомы магазін «Люкс» у цэнтры Пружан, гаспадыня якога — Надзея Якаўлеўна Кіцель. Мне некалькі разоў даводзілася сустракацца з ёй на сходах у райвыканкаме, і я заўсёды дзівіўся, колькі цярплівасці ў гэтай жанчыне. І колькі сілы духу.
— А яшчэ, Надзея, мяне здзіўляе, як жанчына — па сваёй натуры абсалютна эмацыянальнае стварэнне, можа займацца такой нялёгкай справай?
— Магчыма, гэта прагучыць банальна, але жыццё сапраўды прымушае. Так атрымалася і ў мяне: я рана аўдавела і давялося думаць аб тым, як зарабляць на жыццё. Не проста для таго, каб мець магчымасць паставіць што-небудзь на стол для дзяцей, а выгадаваць іх, вывесці ў людзі. Толькі жанчынам, якім даводзіцца праходзіць такі шлях, вядома, як гэта складана.
Наконт эмоцый. Яны вельмі патрэбны, калі не проста працуеш, а займаешся той справай, якая табе па душы. Мне вельмі падабаецца тое, што я раблю. Паверце, часта бываюць такія перыяды, калі на эмоцыі сіл не застаецца.
А ўвогуле, весці ўласную справу жанчыне значна цяжэй. Я маю на ўвазе не проста працаваць у пары з мужам, а выконваць усё адной: і магазін даводзіць да ладу, і з сямейнымі справамі спраўляцца. У бізнэсе наогул неаднаразова сутыкалася з нейкай прадузятасцю, асабліва калі даводзілася патрабаваць вяртання даўгоў. Мужчына можа і паспрачацца, калі трэба, то грукнуць па стале кулаком. А жанчыну ўсе ўспрымаюць без усялякага страху: маўляў, трэба ёй усміхнуцца, узняць настрой, і яна ўсё даруе.
— І ўсё ж мне здаецца, што лёс жанчыны — сямейны ачаг, якому яна павінна прысвячаць больш увагі.
— Жанчына павінна паспяваць усюды. Я не магу аднесці сябе да феміністак, якія ўспрынялі б вашы словы, як прыклад мужчынскага шавінізму. Але і забывацца пра ўласную рэалізацыю таксама не трэба. А вось сумясціць гэта ўсё ў адным жаночым жыцці — сапраўднае выпрабаванне.
— Надзея, нядаўна даведаўся, што Вы — актыўны мецэнат, шмат ахвяруеце і сродкаў, і свайго часу праваслаўнай царкве. На жаль, такія прыклады вельмі рэдкія, таму і па-добраму здзіўляюць Вашы ўчынкі…
— У будучым, спадзяюся, будзе здзіўляць раўнадушша людзей да дабрачыннасці. Мне дапамагае прымаць такія рашэнні прыклад бацькі, які не мог па сваім дастатку адносіцца да заможных людзей, але кожную свабодную капейку аддаваў на патрэбы царквы. Аднойчы ў сне ён прыйшоў да мяне і сказаў, што за яго моляцца многія. Не думайце, што прадпрымальнікі па сваёй прыродзе чэрствыя людзі, якія прагматычна ставяцца да любых расходаў. Гэта не залежыць ад справы, якой займаешся. Такім чынам праяўляецца выхаванасць і закладзеная бацькамі навука. А яшчэ захаваная, няхай і глыбока ў душы, іскрынка духоўнай шчырасці. Ці не ў гэтым сэнс чалавечага жыцця? Магчыма, гэта чарговае пацвярджэнне таго, што зямное жыццё — толькі частка, і самая невялікая, а трэба клапаціцца аб тым, які след пакідаеш пасля ў памяці чалавечай.
Чаму з ахвотай ахвярую менавіта на праваслаўную царкву, на манастыр у Вяжным? Нас, малых, бацькі на веласіпедах кожную нядзелю вазілі ў храм, хаця ў той час гэта не ўхвалялася. З таго часу і засталася такое трымценне ў душы, калі бачу або думаю пра царкву. Пад-штурхоўвае гэта і да адпаведных учынкаў: я ніколі не адмовіла тым, хто прыходзіць да мяне з просьбамі. Вось і зараз мяне запрасілі дапамагчы ў арганізацыі выставы дзяцей-інвалідаў.
— Ці не прабіваецца скрозь клопаты і працу жаданне стаць зноў слабой паловай чалавецтва? Магчыма, лепш, калі складаныя рашэнні прымаюць мужчыны…
— А вось цяпер у вас сапраўдны мужчынскі шавінізм! Вы прывыклі лічыць, што ўсё ў сям’і трымаецца на мужчынскіх плячах. Гэта ўвогуле няправільна. Хто кіруе ў сям’і? Калі жанчына не пакамандуе, то дабра не чакай: мужчына можа паленавацца або патраціць вольны час «на шынок». Жанчына — гэта стрыжань, прычым стрыжань незгінальны.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота аўтара.