Нацыянальным агенцтвам па турызму складзены каляндар турыстычных падзей на 2014 год. Пакуль ён даступны на сайце ўстановы http://belarustourism.by/ на рускай мове. Хутка інфармацыя аб галоўных турыстычных падзеях бягучага года з’явіцца на англійскай і нямецкай мовах. А потым будзе падрыхтаваны і друкаваны варыянт
У каляндар уключаны больш 100 мерапрыемстваў спартыўнага, ваенна-гістарычнага, экалагічнага турызму і іншыя. Ён падкажа, куды адправіцца на гастранамічны фэст, якія выставы сучаснага мастацтва наведаць. У календары ўтрымліваецца кароткая інфармацыя аб падзеі, паказана месца правядзення і кантактныя дадзеныя арганізатараў.
Так, напрыклад, вызначана і аўтэнтычнае для Пружаншчыны мерапрыемства — «Ружанская брама», якая запланавана на 7 чэрвеня.
Пра падзею каляндар дае пашыраную інфармацыю: «У навеянай сценамі старога замка атмасферы вы зможаце больш даведацца аб гісторыі беларускіх мястэчкаў і, у прыватнасці, роду Сапегаў. У абноўленых флігелях палацавага комплексу нядаўна адкрыўся музей, які і стаў пляцоўкай для правядзення абласнога свята». У рамках свята адбудуцца экскурсіі па экспазіцыі музея, тэатралізаваныя паданні, выступленні творчых калектываў, правядзенне гульнявых праграм, выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці Брэсцкай вобласці, файер-шоу і феерверк.
Каляндар будзе распаўсюджвацца на міжнародных турыстычных выставах, прэзентацыях, у пасольствах.
Алег Сідарэнка.