У нядзелю на сцэне гарадскога Палаца культуры адбылося свята-конкурс інструментальнай музыкі «Музычны калейдаскоп».
Падчас адкрыцця мерапрыемства вельмі ўдала было прыкмечана, што інструментальная музыка — цудоўная, мілагучная, добрая і разумная, якая прыцягвае да сябе ўсё больш прыхільнікаў, музыка, якую можна лічыць асаблівым цікавым светам. Літаральна праз некалькі хвілін музыканты змаглі пераканаць гледачоў у гэтым.
Вітаў гасцей свята і ўдзельнікаў конкурсу намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама М.П. Кудравец.
Мікалай Пятровіч звярнуў увагу, што наша зямля незвычайная, пеўчая, бо на ёй нарадзілася нямала людзей, якія любілі музыку. У прыватнасці, сёння мы ганарымся, што Пружаншчына — радзіма Рыгора Шырмы, Міхася Забэйды-Суміцкага і яшчэ многіх-многіх іншых людзей, якіх ведаюць не толькі ў нас, у Беларусі, але і далёка за яе межамі. «Так склалася, што на Пружаншчыне кожны год праходзіць нямала культурных мерапрыемстваў, стаўшых традыцыйнымі: гэта «Залатая восень», «Юнае дараванне», «Ружанская брама» і шэраг іншых. Ёсць нават мерапрыемствы, рамкі якіх шырэй абласных, у іх ліку «Пружанскі блюз». А цяпер прыемна, што сёння ў нас стартуе новы конкурс, — зазначыў прамоўца. — «Тым больш, што ён музычны, а ў нас ёсць шмат творчых калектываў, якія працуюць на базе Палаца культуры і іншых устаноў раёна. Спадзяюся, што «Музычны калейдаскоп» гледачы палюбяць, як і многія іншыя».
Калі гэтае свята-конкурс сапраўды атрымае прапіску ў нашым раёне, то сапраўды пакуль толькі застаецца спадзявацца, што жыхары горада звернуць на яго ўвагу. Слухалі ўсе гэтыя цудоўныя мелодыі, папуры са знаёмых кампазіцый мінулых гадоў, якія ліліся са сцэны, бачылі віртуознае валоданне інструментамі пераважна самі канкурсанты і родныя, якія прыйшлі іх падтрымаць, — пружанскі глядач не «купіўся» на афішы. І гэта пры тым, што ўваход быў свабодны.
Дазволю сабе адзначыць: пасля гэтага здзіўляе, калі гараджане скардзяцца на тое, што ў Пружанах няма магчымасці для культурнага баўлення часу. Ці гэтая магчымасць заключаецца толькі ў пунктах харчавання ды парку атракцыёнаў?
Праўда, справядлівасці дзеля, варта адзначыць, што, каб прасачыць за ўсімі нумарамі, трэба быць членам журы: напэўна, толькі яно змагло цалкам праглядзець выступленні, агульная працягласць якіх склала больш шасці (!) гадзін.
Дарэчы, ацэньвалі выступленні пераважна мясцовыя знаўцы музыкі: намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.І.Ярошка, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы В.М.Крымава, кіраўнік народнага хору «Вербніца» і самадзейны кампазітар І.І.Гвоздзік, хормайстар узорнай эстраднай студыі «Меладзін» А.Ю.Котаў. Сярод запрошаных — старшыня цыклавой камісіі баяна-акардэона Брэсцкага музыкальнага каледжа імя Р.Шырмы В.Л.Дземянюк.
Свята-конкурс сабрала шмат калектываў: з пяці раёнаў Брэстчыны — Бярозы, Івацэвічаў, Камянца, Лунінца, Пружан — і з Зэльвы Гродзенскай вобласці. Усяго ў конкурсе спаборнічалі без малога 40 удзельнікаў, кожны з якіх выканаў па два нумары. Духоўную асалоду змаглі атрымаць аматары самай разнастайнай інструментальнай музыкі — джазавай, народнай, класічнай, эстраднай… Калектывы выступалі ў двух катэгорыях — дарослай і дзіцячай — у некалькіх намінацыях: «Аркестры духавыя і эстрадныя», «Аркестры народных інструментаў», «Ансамбль народных інструментаў», «Камерны ансамбль», «Змешаныя ансамблі, а таксама «Салісты (вакалісты-інструменталісты) ў суправаджэнні інструментальнага калектыву». Напэўна, ніхто не застаўся незаўважаным ці неад-значаным журы.
…Музыка — універсальная мова чалавецтва. Яна зразумела без перакладчыкаў у любым кутку света. Думаю, што тых, хто знайшоў час, каб хаця б гадзіну-другую паслухаць канцэртныя выступленні, цудоўная музыка не пакінула абыякавым.
Марына Вакульская, фота аўтара.