Вторник, 18 февраля 2025

По духовным законам, или Как в семье молодого священника воспитывают троих детей

1 344

У традыцыях сям’і Арабей – упрыгожваць ёлку не да 31 снежня, а на праваслаўнае Ражство. Як лічаць айцец Георгій і матушка Ксенія, «каб дзеці адчувалі, што прыйшло самае галоўнае свята».

У гэтай сям’і ўсё падпарадкавана патрабаванням праваслаўнай веры, але ішлі да гэтага паступова.

— Я ўдзячны сваёй бабулі, — расказвае айцец Георгій, — якая прывяла мяне ў храм і на сваім прыкладзе паказала, як патрэбна верыць у Бога. Гэта разам з ёю я ўпершыню наведаў Свята-Успенскую Пачаеўскую лаўру. Тады  наведванне манастыра пакінула ў маёй падлеткавай душы проста неверагоднае ўражанне і канчаткова пераканала ў правільнасці выбранага жыццёвага шляху. Пасля я ўжо не толькі наведваў богаслужэнні ў Свята-Георгіеўскай царкве ў Кобрыне, але і прымаў непасрэдны ў іх удзел, прыслужваючы бацюшку.IMG_5329

На пытанне, ці не кпілі з яго аднагодкі, айцец Арабей адказвае:

— Гасподзь пакутаваў і казаў, што паслядоўнікі яго таксама праследваемы будуць. Таму падобнае я ўспрымаў як належнае, што можна было перанесці толькі з верай.

Пасля заканчэння будаўнічага вучылішча прадказальнай была вучоба ў Мінскай духоўнай семінарыі, а затым і  ў акадэміі пры Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. Там айцец Георгій і пазнаёміўся з будучай жонкай. Ксенія, тады студэнтка тэалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, часта прыязджала ў духоўную бібліятэку ў манастыры.

— Мае гомельскія бабуля і прабабуля, — расказвае матушка Ксенія, — былі людзьмі вельмі веруючымі. Я з дзяцінства бачыла, што кожны новы дзень для іх пачынаўся і заканчваўся малітвай. А аднойчы і мне ў рукі трапіла Святое Пісанне, пасля чаго ў мяне з’явілася вялізнае жаданне вывучыць яго дасканала.

Вера не толькі зблізіла гэтых людзей, але і дапамагла стварыць сям’ю. А аб’ядноўваюць дзеткі: старэйшай Насці шэсць гадоў, Серафіму – чатыры, а Ваньцы паўтара. Бацькі лічаць, што лепшым асяроддзем для развіцця чалавека з‘яўляецца шматдзетная сям‘я. Сваю сям’ю айцец Георгій называе “малой царквой”, сцвярджаючы, што калі святар навучыцца кіраваць ёю, тады зможа кіраваць і сапраўднай царквой з мноствам прыхаджан.

Кіраваць у сваёй сям’і, па прызнанні бацюшкі, удаецца яму з дапамогай ласкі і строгасці. Дзеці ведаюць, што такое быць пакаранымі, пазбавіўшыся нечага смачнага ці прыемнага, і наадварот, што іх паслухмянасць заўсёды будзе ўзнагароджана. Хаця да смачненькага ў сям’і таксама асаблівы падыход. Напрыклад, тут стараюцца не даваць дзецям цукеркі і пячэнне з вялікай колькасцю фарбавальнікаў і штучных дабавак. А хлеб наогул пякуць самі, каб пазбягаць ужывання дражджэй. Матушка ўсміхаецца:

— Мне прасцей самой спячы хлеб, чым апрануць трох дзяцей, схадзіць з імі па хлеб у магазін, а затым распрануць. Наогул жа стараемся прытрымлівацца здаровага харчавання.

Галоўны прынцып выхавання дзяцей у гэтай сям’і – уласны прыклад бацькоў. Таму, што такое пост, яны таксама ведаюць. Хаця да дзяцей з гэтай нагоды стаўленне не такое прынцыповае, як да сябе. Калі яны просяць нешта з’есці не поснае, бацькі ім дазваляюць. Але абмяжоўваюць у іншым, напрыклад, у праглядзе мультфільмаў, і абавязкова тлумачаць, чаму.

— Калі хочаш быць шчаслівым, — перакананы айцец Георгій, — жыві па духоўных законах. Для сваіх дзяцей мы зробім усё, што ў нашых сілах. Але толькі Гасподзь здольны засцерагчы іх ад непрадбачаных учынкаў і бяды.

 

Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *