Калі вы сабраліся ў камандзіроўку, скажам у Мінск, то абавязкова патэлефануйце на чыгуначную станцыю, каб даведацца аб раскладзе руху цягнікоў. Не выключана, што вас чакае «сюрпрыз»: калі раней расклад змяняўся толькі двойчы на год і заставаўся пастаянным, то цяпер гэтага пастаянства няма.
Чаму назіраецца такая чахарда на чыгунцы? Такіх пытанняў ад чытачоў «раёнкі» толькі ў чэрвені паступіла больш за два дзясяткі. Некаторыя не змаглі даехаць да Мінска ў патрэбны дзень, то аўтобусы спазняюцца да цягнікоў, то даводзіцца ехаць у Бярозу, каб сустрэць родных, што дабіраюцца са сталіцы…
Аб усім гэтым мы запыталі начальніка чыгуначнай станцыі Аранчыцы С.І.Басюка. Трэба адразу сказаць, што прыемных навін Сяргей Іванавіч нам не паведаміў. Усюды запраўляе эканамічная мэтазгоднасць. У выніку частка цягнікоў, у тым ліку ранішні пасажырскі да Мінска ў 7.20 гадзін, якім так зручна ехаць камандзіраваным, праходзяць міма станцыі. Таксама трэба чакаць, што ў некаторыя дні і электрычка Мінск-Брэст, што спынялася каля сёмай гадзіны ў Аранчыцах, таксама будзе пралятаць без прыпынку.
Раней мяне, як пасажыра чыгункі, заўсёды абурала, што швейцарскі «Штадлер», які так рэкламаваўся па тэлебачанні, ніколі не спыніцца ў нашым раёне. Таму, напэўна, ні аднаму пружанцу не пашчасціла праехацца на такой зручнай электрычцы.
А вось у суседзяў нашых, у Бярозе і Івацэвічах, — інакш (глядзі даведку «РБ»). Міжволі ўзнікае пытанне: чаму некаторыя пасажырскія цягнікі пралятаюць міма станцыі Аранчыцы? Ці ўлічваюць чыгуначнікі тую акалічнасць, што гэтая станцыя з’яўляецца найбольш запатрабаваным прыпынкам для ўсяго Пружанскага раёна з больш чым 50-тысячным насельніцтвам?
Кіраўніцтва Беларускай чыгункі сцвярджае, што пасажырскія перавозкі стратныя і акупляюцца толькі на чвэрць. Тут міжволі згадаеш аўтобуснікаў, у якіх увогуле ёсць рэйсы, якія прыносяць, вобразна кажучы, капейкі. Але маршруты павінны здзяйсняцца, нават для аднаго чалавека. Такія патрабаванні сацыяльных стандартаў. На жаль, яны не распаўсюджваюцца на чыгунку, якая кіруецца толькі эканамічнай мэтазгоднасцю.
Наконт эканамічнай мэтазгоднасці. Задаю сабе і эканамістам Беларускай чыгункі элементарную задачку: што выгадней — спыніцца на дзве мінуты на станцыі Аранчыцы хуткаму цягніку, каб узяць пяць пасажыраў з білетамі па 20 тысяч рублёў ці сілком пасадзіць іх на электрычку з удвая меншым коштам білета? Па-мойму, адказ відавочны.
А што з раскладам руху, у які раз-пораз уносяцца змены, пра якія «раёнка» не паспявае друкаваць аб’явы і з-за гэтага не можа прывесці ў адпаведнасць свой расклад і аўтапарк? Начальнік станцыі толькі разводзіць рукамі: не ён гэта вырашае…
— Вядзецца аптымізацыя, ад якой будзе толькі лепш,— паведамляюць афіцыйныя прадстаўнікі чыгункі. Магчыма, і так, але чамусьці становіцца ўсё горш. Цягнікі ідуць усё хутчэй ды міма нас…
Алег Сідарэнка.
Даведка «РБ»
Колькасць цягнікоў і электрычак, якія спыняюцца:
па станцыі Івацэвічы — 48,
па станцыі Бяроза-горад — 50,
па станцыі Бяроза-Картузская
— 18,
па станцыі Аранчыцы — 38.
Паводле звестак рэсурса
http://poezdato.net/
Колькасць насельніцтва (на 2011 год):
Івацэвіцкі раён — каля 58 тысяч чалавек,
Бярозаўскі раён — каля 64 тысяч чалавек,
Пружанскі раён — каля 51 тысячы чалавек.