Пятница, 23 мая 2025

Почему на Пружанщине увеличилось количество преступлений? Рассуждаем вместе с прокурором

1 756

Летась на тэрыторыі Пружаншчыны назіраўся значны рост агульнай злачыннасці — на 39%: калі ў папярэднім 2010 годзе было зарэгістравна 544 злачынствы, то ў 2011г. гэтая лічба вырасла да 756. Сярод іх пераважная большасць — а гэта 61,2% — няцяжкія злачынствы, у асноўным крадзяжы ўласнасці, іх стала ўдвая больш — з 216 да 463. Разам з тым знізілася іх раскрываемасць — з 64,3% да 51,9%. І гэта ў той час, калі па Брэстчыне ўзровень злачыннасці знізіўся на 2,4%.

Чаму статыстыка стала несуцяшальнай? Па якой прычыне вырасла колькасць крадзяжоў у аграрным сектары? Як абстаяць справы з карупцыяй на Пружаншчыне?  Пра гэта і не толькі гаворка нашага карэспандэнта з пракурорам раёна М.І.Запарошчанкам.

— Міхаіл Іванавіч, у чым прычына росту злачыннасці на Пружаншчыне, на Вашу думку?

— У першую чаргу, мяркую, гэта сведчыць пра тое, што работа Пружанскага РАУС па раскрыцці карыслівых пасягальніцтваў на маёмасць не на належным узроўні. Што ў сваю чаргу не спрыяе і прафілактыцы гэтых злачынстваў: не будучы выяўленымі і абвінавачанымі праваахоўнікамі, злачынцы застаюцца беспакаранымі і ўмацоўваюцца ў намеры ізноў пайсці на супрацьзаконны ўчынак. Павялічылася таксама колькасць скаргаў грамадзян па пытаннях следства і дазнання Пружанскага РАУС. Ёсць прыклады неналежнага рэагавання на заявы аб супрацьпраўных паводзінах тых, хто злоўжывае спіртным і на працягу доўгага часу перашкаджае нармальна жыць сваёй сям’і і сусе-дзям: за ўвесь год па матэрыялах РАУС пракуратура змагла накіраваць у суд усяго адну заяву аб абмежаванні дзеяздольнасці. Значна паменшала колькасць узбуджаных спраў па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса…

Акрамя таго, як высветлілася, праваахоўнымі органамі практычна не вядзецца кантроль за тымі, хто стаіць у РАУС на прафілактычным уліку з-за парушэння заканадаўства: пасля выбарачнага апытання ў пракуратуры прыйшлі да высновы, што некаторыя асобы наогул не ведаюць, што стаяць на ўліку.

У 2011 годзе ў адрас начальніка РАУС былі накіраваны тры прадстаўленні па пытаннях парушэння законаў органамі дазнання і папярэдняга расследавання, вынесены тры пастановы аб узбуджэнні дысцыплінарных спраў, накіравана 9 патрабаванняў аб правядзенні службовай праверкі, па выніках разгляду якіх 12 супрацоўнікаў міліцыі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці і да 11 прыняты меры матэрыяльнага ўздзеяння.

— Калі прааналізаваць крымінальныя зводкі, якія друкуюцца ў газеце, можна зрабіць выснову, што асаб-ліва вырасла колькасць крадзяжоў у аграпрамысловым комплексе, найперш гэта датычыцца будуемых аб’ектаў.

— Гэта сапраўды так. У 2011 го-дзе на прадпрыемствах АПК было ўчынена 28 крадзяжоў (у папярэднім годзе іх колькасць не дасягала і дваццаці). 18 крадзяжоў выяўлены на будуемых аб’ектах.

Найбольш крадзяжоў — сем — было ўчынена ў ААТ «Айчына», па чатыры выяўлены ў ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Ліноўскае»,  па тры — у  ААТ «Агра-Калядзічы» і ААТ «Радзіма».

Прычыну такога становішча  пракуратура бачыць у адсутнасці вартавой аховы на аб’ектах, а таксама ведамаснага кантролю з боку матэрыяльна адказных і службовых асоб за захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Не апошнюю ролю іграе і нядбайнасць уласнікаў маёмасці, якія не прымаюць належных мер нават пасля таго, як пацерпяць ад злодзеяў. Так было, напрыклад, у ААТ «Радзіма». У ноч з першага на другое верасня на МТФ у вёсцы Гута, якая не эксплуатавалася, жыхары в.Сілічы ўкралі маёмасць, ацэненую амаль у 10 мільёнаў рублёў. А літаральна праз чатыры месяцы з той жа фермы злачынцы, скарыстаўшыся адсутнасцю аховы (вартаўнік быў зняты з аб’екта, і з першага лістапада ферма зусім не ахоўвалася), укралі ахаладжальнік малака і іншае даільнае абсталяванне на агульную суму 35 мільёнаў рублёў. Усе матэрыяльныя каштоўнасці не былі зняты і апрыходаваны, не здадзены на склад. Цяпер пракуратурай раёна вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па арт.428 КК РБ у адносінах службовых асоб ААТ «Радзіма», не прыняўшых усіх прадугледжаных заканадаўствам мер па захаванасці маёмасці сельгаспрадпрыемства, а таксама аб кампенсацыі імі матэрыяльнага ўрону.

— Магчыма, варта было б абавязваць арганізацыі і прадпрыемствы здаваць свае аб’екты пад пазаведамасную ахову?

— Варта, але нікога прымусіць мы не маем права. Ды і ахоўная дзейнасць, якая аказваецца ў ліцэнзійным парадку, каштуе немалых грошай — Дэпартамент аховы знаходзіцца на гаспадарчым разліку. Таму большасць арганізацый і прадпрыемстваў абмяжоўваецца сваімі сіламі — у лепшым выпадку не заўсёды надзейнай ведамаснай аховай.

— Людзі вучацца на старых памылках…

— Пакуль не варта на гэта спа-дзявацца. За два месяцы бягучага года злачыннасць толькі прагрэсіравала: у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам яна вырасла на 10,6%, ці з 66 злачынстваў да 73. У першую чаргу з-за крадзяжоў, якіх сёлета зарэгістравана 41 супраць 29 у мінулым годзе.

— Міхаіл Іванавіч, думаю, Вы пагодзіцеся, што павелічэнне колькаці супрацьпраўных дзеянняў жыхароў Пружаншчыны — справа рук не толькі злодзеяў ці п’яніц. Іншы раз прычынай таму становіцца і карупцыя.

— Больш таго, барацьба з карупцыяй — адзін з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці пракуратуры. Спачатку намі быў праведзены маніторынг галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы на прадмет карупцыйнасці. Пасля гэтага было вырашана, дзе найбольш дасканала праверыць выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства. У выніку летась прайшлі тры праверкі: ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аддзеле ўнутраных спраў і аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Па выяўленых парушэннях былі вынесены два прадстаўленні, афіцыйна папярэдзілі адну службовую асобу, яшчэ аднаго чалавека прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.

Як паказвае вопыт, умовы для ўчынення карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў ствараюцца ў тых арганізацыях і ўстановах, дзе неналежным чынам наладжаны ўлік матэрыяльных каштоўнасцей і кантроль за захаванасцю дзяржаўнай маёмасці. Найбольш актуальныя пытанні барацьбы з карупцыяй разглядаюцца на каардынацыйных нарадах, летась прайшлі тры такія нарады.

Дзейнасць усіх праваахоўных органаў раёна ў 2011 годзе дазволіла выявіць 10 карупцыйных злачынстваў (у 2010 годзе — 7). Крымінальная справа, напрыклад, была ўзбуджана ў адносінах опер-упаўнаважанага РАУС, які, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, скрыў злачынства ад уліку, тым самым нанёс істотны ўрон дзяржаўным інтарэсам і дыскрэдытаваў праваахоўную сістэму.

У той жа час на Пружаншчыне не было выяўлена ніводнага выпадку такіх злачынстваў, як атрыманне хабару, «адмыванне» матэрыяльных каштоўнасцей ці незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама крадзяжоў шляхам злоўжывання.

— У раённай сістэме аховы здароўя не так даўно прайшлі кадравыя перастаноўкі. Было шмат чутак наконт  таго, што пры перадачы спраў новаму кіраўніку выяўлены шэраг парушэнняў…

— Усё гэта — звычайныя чуткі, паколькі заяў ці паведамленняў пра ўчыненне любога роду злачынстваў ні ў пракуратуру, ні ў РАУС не паступала.

— Затое так званых «гучных» спраў паменшала. За апошні час шырокі грамадскі рэзананс атрымала хіба што толькі гісторыя, якая здарылася ў Вялікім Сяле, калі мужчына ўдарыў сына нажом.

— Класны кіраўнік вывучала ўмовы пражывання сваіх вучняў. Бацька пацярпелага падлетка ў гэты час знаходзіўся дома ў нецвярозым стане. Калі мужчына спрабаваў выйсці да настаўніцы, хлопчык яму перашкодзіў. Нягледзячы на тое, што на наркалагічным уліку мужчына не стаіць, такія паводзіны даюць падставу меркаваць пра тое, што ён усё-такі злоўжывае спіртным. Калі жанчына пайшла, падчас сваркі бацька спачатку ўдарыў сына кулаком па твары, а затым нажом, трапіўшы ў вобласць грудной клеткі. Траўмы, якія атрымаў непаўналетні, медыкі кваліфікавалі як лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Гэтае злачынства адносіцца да спраў прыватнага абвінавачвання, якія ўзбуджаюцца толькі па заяве пацярпелага боку. Аднак, у адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, пракурору прадастаўляецца права ўзбуджаць шэраг крымінальных спраў, нават калі адсутнічае заява ад пацярпелага. Да такіх адносяцца і выпадкі, калі асоба не можа самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы. Гэта менавіта такая сітуацыя, таму намі была ўзб—уджана крымінальная справа па артыкуле 153 КК РБ — спыненне насілля ў сям’і ў адносінах непаўналетніх з мэтай прафілактыкі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць асобы. Цяпер жыхара Вялікага Сяла чакае пакаранне, якое вызначыць суд  (гэта могуць быць грамадскія работы, штраф або выпраўленчыя работы тэрмінам да аднаго года ці арышт на тэрмін да трох месяцаў).

Акрамя таго дадам, што ў выпадках, калі справу пракурор узбуджае сам, яна не можа быць спынена нават у выпадку прымірэння пацярпелага з абвінавачваемым.

— Калі ўжо гаворка зайшла пра сямейнае насілле, цікава ведаць, як наогул ахвяры сямейных сканда-лістаў могуць сябе абараніць? Часта жанчыны, як гаворыцца, не хочуць выносіць смецце з хаты ці, што яшчэ горш, баяцца выклікаць большы гнеў з боку мужа-дэбашыра.

— У такіх выпадках не павінны быць абыякавымі суседзі, калегі па рабоце: калі сама жанчына саромеецца ці баіцца заявіць на мужа ўчастковаму ці ў праваахоўныя органы, гэта могуць зрабіць яны.

— У мінулым годзе на вытворчасці, на жаль, загінуў не адзін чалавек. Што паказалі праверкі па гэтых фактах? — Асноўнымі фактарамі няшчасных выпадкаў на вытворчасці часта выступаюць не тэхнічныя прычыны, а арганізацыйныя, абумоўленыя чалавечым фактарам: неасцярожнасць, няўважлівасць пры выкананні сваіх абавязкаў, грэбаванне адказных за ахову працы працоўнай дысцыплінай. Не заўсёды кіраўнікі прымаюць меры па забеспячэнні работнікаў неабходнымі сродкамі абароны, выяўленні і адхіленні ад работы тых, хто знаходзіцца ў нецвярозым стане.

Не забывайце, што ёсць і іншыя прычыны гібелі людзей. За 2011 год пракуратурай зарэгістравана гібель 46 чалавек, што на 21 менш, чым у папярэднім годзе. З іх 12 самазабойстваў, прычынай якіх стала злоўжыванне спіртным і звязаныя з гэтым псіхічныя расстройствы, сямейна-бытавыя канфлікты, складанасці ў асабістым жыцці, а таксама боязь крымінальнай адказнасці, цяжкая хвароба. Столькі ж чалавек атруціліся этылавым спіртам. З-за грубага парушэння правілаў дарожнага руху сем чалавек сталі ахвярамі ДТЗ. Яшчэ 10 чалавек загінулі на пажарах, прычынай якіх сталі курэнне ў ложку нападпітку і неасцярожнае абыходжанне з агнём… Трох чалавек не стала ў выніку забойства — на сямейна-бытавой глебе.

— Міхаіл Іванавіч, як часта ў пракуратуру як інстанцыю, якая дапаможа адстаяць чалавеку законныя правы і інтарэсы, звяртаюцца менавіта па гэтай прычыне?

— Летась колькасць зваротаў значна паменшылася — паступіла роўна 100 (для параўнання: у 2010 годзе — 144). Найчасцей прычынай былі пытанні да аб’ектыўнасці следства і дазнання.

Праверкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян праведзены ў ААТ «Пружанскі РКБА», філіяле «Пружанырайгаз», аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, дзяржаўтаінспекцыі, ФПР «Янтар» і філіяле «Водаканал». Парушэнні выявілі ў двух апошніх арганізацыях: непаўната праверак, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў разгляду ці неабгрунтаванае пакіданне без разгляду звароту.

Гутарыла Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *