Суббота, 5 октября 2024

Почему в Пружанах вечером темно, или Как найти ресторан?

2 619

За апошні дзясятак гадоў Пружаны да лепшага памянялі сваё архітэктурнае аблічча. Прычым адзначаюць гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя, у тым ліку і тыя, хто паспеў аб’ехаць «і Крым, і Рым». Сфатаграфавацца можна літаральна ў любым кутку: каля валуноў з памятнымі шыльдамі, каля прыгожых будынкаў і гістарычных славутасцей…IMG_7288

Толькі ўсё гэта хараство можна ўбачыць днём, а ўвечары, калі на вуліцах запальваюцца ліхтары, прыгожыя будынкі, іх архітэктурнае афармленне, нават шыльды паглынаюцца цемрай. У выніку ў Пружанах рэдка ў якой сям’і прынята рабіць вячэрні «мацыён», а самым балючым пытаннем становіцца… вулічнае асвятленне. Асабліва гэта бачна зараз, калі і цямнее рана, і світае пазней.

Усёй сям’ёй мы гуляем   увечары толькі падчас навагодніх святаў, калі цэнтр горада змяняе сваё аблічча, становіцца яркім і рознакаляровым. Калі на гэтым фоне пафатаграфавацца, то працяглы час такія здымкі ўздымаюць настрой. Між тым, у суседніх Кобрыне і Бярозе падсветка і ілюмінацыя ўключаюцца не толькі перад Новым годам, а практычна ў кожны з 365 вечароў.IMG_7291

Днямі мы з фатографам вырашылі праехацца па вячэрніх Пружанах. Час выбралі самы выдатны для вячэрніх праменадаў: каля 19 гадзін. Адразу скажу, што налічыў на вуліцы толькі каля паўсотні прахожых, якія спяшаліся па сваіх справах. Такая карціна ў горадзе з 20 тысячамі жыхароў?! Часта даводзіцца бываць у Нясвіжы, дзе вечарам людзей можна лічыць сотнямі, хаця і пражывае там ўдвая менш насельніцтва.

Падчас вячэрняй экскурсіі па сваім горадзе мы фатаграфавалі тое, што прыцягвае ўвагу днём. У аб’ектыў трапіла далёка не ўсё, бо тады на гэты выпуск газеты ў друкарні не хапіла б чорнай фарбы. Іншая гама сустракаецца вельмі рэдка, на асобных будынках. Найбольш здзівіла тое, што у цемры стаяць тыя будынкі і магазіны, якія павінны былі б зіхацець і прыцягваць кліентаў і наведвальнікаў. Магчыма, з гэтым звязана і цікавая статыстыка: у па-раўнанні з мінулым годам наведванне ўстаноў грамадскага харчавання скарацілася амаль на 20%. А калі прааналізаваць, у які перыяд назіраецца асаблівае скарачэнне, думаю, што самыя сумныя лічбы прыпалі б на гэты перыяд, калі рана цямнее.IMG_7301

Прадбачу рэплікі нязгодных: маўляў, на асвятленне, стварэнне ілюмінацыі патрэбны сур’ёзныя грошы. Значна павялічваюцца выдаткі на аплату электраэнергіі. Электрычныя шыльды, падсветкі часта перагараюць з-за агрэсіўнага ўздзеяння знешняга асяроддзя. Такіх фактараў можна прывесці шмат, але на сённяшні дзень усе яны з’яўляюцца звычайнымі адгаворкамі.

У свабодным доступе зараз простыя святлодыёдныя стужкі, мантаж якіх не патрабуе прыцягненне прафесіяналаў з дыпломамі тэхнічных ВНУ. Спажыванне імі электраэнергіі не перавышае паказчыкаў дыёднай лямпы «чакання» ў тэлевізары, прычым тэрмін службы (нават на вуліцы, у мароз або ў дождж) складае амаль паўсотні гадоў. Новыя магчымасці архітэктурнай падсветкі маюць шмат пераваг. Па-першае, светлавы паток можа быць не толькі белым, але і рознакаляровым. Для яго ўключэння не трэба выдзяляць асобную штатную адзінку, бо за гэты працэс адказвае спецыяльны фотаэлемент. Па-другое, не абавязкова выдзяляць увесь будынак, можна выгадна падкрэсліць толькі яго самыя прыгожыя часткі або шыльду. Для чаго дастаткова праявіць фантазію.

Падобны артыкул «раёнка» змяшчала гадоў з пяць таму. Вымушаны канстатаваць: з таго часу мала  што змянілася…

Алег Сідарэнка.

На здымках: здагадайцеся, што мы сфатаграфавалі.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *