Напрыканцы мінулага года быў уведзены ў эксплуатацыю новы харчовы блок, дзе гатуецца харчаванне для пацыентаў бальнічнага стацыянару. І хаця ў дакументах гэта значыцца як рэканструкцыя, структурнае падраздзяленне цэнтральнай бальніцы, можна сказаць, было адбудавана нанава. Змянілася ў лепшы бок не толькі знешне, але і знутры.
Рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту ў харчблоку наспела даўно: неаднаразова рэгістраваліся парушэнні санітарных правілаў, ды і з меню для пацыентаў былі праблемы.
— Таму і было вырашана ў пачатку чэрвеня закрыць харчблок на рэканструкцыю,— расказвае ўрач-дыетолаг Т.К.Аскірка .— На час рамонту мы арандавалі плошчы ў камбіната кааператыўнай прамысловасці. Усяго на рамонт будынка і мадэрнізацыю абсталявання было выдаткавана амаль тры мільярды рублёў.
Найбольш змены закранулі менавіта ўнутранае «начынне» харчблока. Для якаснага харчавання хворых у стацыянары набыта амаль 300 адзінак абсталявання і кухонных прыналежнасцей айчыннай і італьянскай вытворчасці. Многія з набытых машын значна аблегчаць працу повараў. Каб зрабіць увесь працэс адпаведным патрабаванням санітарных правілаў, былі дабаўлены новыя цэхі, бытавы пакой для персаналу блока, кабінет дыетурача. Наладжана паточная сістэма, калі ўсе прадукты ідуць да пліты па-асобку. Спецыяльна для хуткапсавальных прадуктаў адведзена асобнае памяшканне — сутачнага захоўвання.
Дарэчы, цяпер харчблок можа гатаваць большы асартымент страў з агародніны і садавіны. Намнога больш разнастайнымі сталі мясныя і малочныя стравы. Повары паспелі за кароткі перыяд працы абноўленага харчблока здзівіць пацыентаў рознымі суфле і іншымі нязвыклымі для бальніцы рэцэптамі.
Многае залежыць і ад кадраў: працуюць тут дзве змены, кожнай з якіх кіруюць прафесійныя повары пятай катэгорыі Н.М.Віннік і А.У.Лібакова.
Таксама шмат увагі ўдзяляецца і пастаўкам прадукцыі, для чаго адпаведныя дамовы заключаны з арганізацыямі Пружанскага і іншых раёнаў. Створаны і належныя ўмовы захоўвання.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).
На здымках: повары Н.М.Віннік і Г.Ц.Раткевіч гатуюць абед; кухонная рабочая С.М.Казбяровіч рыхтуе міксер для вырабу тварожнай запяканкі, якую пацыенты ўжо ацанілі на «выдатна»; абмяркоўваюць меню дня ўрач-дыетолаг Т.К.Аскірка і дыетсястра А.І.Вашкевіч; кухонныя рабочыя С.А. Скепка і Н.В.Ізбіцкая рыхтуюць бульбу на вячэру.