«Верас» — фірменны магазін ААТ «Пружанскі малочны камбінат» у горадзе, напэўна, ведаюць усе. Адлік часу яго існавання хутка пойдзе на трэці дзясятак гадоў, але на мінулым тыдні сімвалічны ключ ад магазіна яго калектыву ўручаўся другі раз. Справа ў тым, што пашарэлы з часам будынак ужо не так прывабна выглядаў не толькі звонку, але і знутры. А ўлічваючы не зусім зручнае месцазнаходжанне, «Верас» рызыкаваў рана ці позна згубіць частку кліентаў. Таму кіраўніцтва малочнага камбіната прыйшло да высновы, што «твар» магазіна варта тэрмінова мяняць. І каля трох месяцаў таму тут разгарнуўся рамонт.
За гэты час прыемна абнавілася не толькі гандлёвая зала, але і былі палепшаны складскія і падсобныя памяшканні. Усяго малочны камбінат выдаткаваў каля 1,1 мільярда рублёў, з іх больш 700 мільёнаў пайшло на пераабсталяванне.
Але на гэтым работы не завершаны. Як зазначыў падчас адкрыцця магазіна дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» У.М.Мікіціч, будаўнікоў чакае другі этап работ: добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі і пад’язных шляхоў, на што мяркуецца патраціць яшчэ амаль столькі ж грошай.
Сённяшні «Верас» — магазін, дзе акрамя традыцыйнага, ёсць і самаабслугоўванне. Акрамя прадуктаў харчавання, асартымент якіх стаў прыкметна шырэйшым, тут можна набыць шэраг сацыяльна значных прамысловых тавараў. Асабліва парадавала пакупнікоў, не прамінуўшых магчымасці прыйсці на адкрыццё абноўленага магазіна, тое, што захаваўся ў ім мясны аддзел ААТ «Жураўлінае».
Загадчыцца магазіна Л.А. Штык выказала спадзяванне, што кола пастаянных спажыўцоў у магазіна цяпер пашырыцца. «Наш калектыў будзе прыкладваць усе намаганні, каб пакупнікоў станавілася толькі больш, а кіраўніцтва не пашкадавала пра ўкладзеныя сродкі. Акцыі і выставы-продажы прадукцыі малочнага камбіната стануць у нас рэгулярнымі», — падзялілася планамі Ларыса Аляксееўна.
Варта адзначыць, што магазін ва ўсе часы карыстаўся папулярнасцю ў пружанцаў. На прадаваемы ў «Верасе» тавар заўсёды рабілася мінімальная гандлёвая надбаўка, меўся ўвесь асартымент свежай прадукцыі малкамбіната, за кошт чаго паток людзей сюды не канчаўся. Як зазначыў адзін з пастаянных пакупнікоў М.К.Ясінскі, аўтарытэт магазіна ў людзей рос і дзякуючы калектыву: «Верас» заўсёды адчыняецца своечасова, прадаўцы тут, калі не прыйдзеш, ветлівыя, з усмешкай на вуснах. Паспеў заўважыць, што цяпер яшчэ і асартымент тавараў павялічыўся: «Значыць, будзем хадзіць сюды яшчэ часцей».
Словам, завітайце ў «Верас» і вы абавязкова выйдзеце адсюль з пакупкамі. Магазін знаходзіцца па адрасе: вул. Палеская, д.5.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота).