Ён адзін з тых, чые імёны высечаныя на мармуровых плітах ў скверы Памяці па вул. Тармасава. Адзін з 15000 загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якіх паміналі ў гэтыя дні ва ўсіх праваслаўных храмах нашай краіны. Капітан слаўнай «мараварскай роты», трыццаць лепшых байцоў якой здзейснілі небывалы ў гісторыі Афганскай вайны подзвіг, уступіўшы ў няроўны бой з сотнямі навучаных у Пакістане спецназаўцамі.
Трыццаць кавалераў ордэна Чырвонай зоркі. Пасмяротна.
Цабрук Мікалай Несцеравіч. Нарадзіўся 27 лістапада 1955 года ў вёсцы Рудаўка Пружанскага раёна ў шматдзетнай сям’і. У бацькоў было сямёра дзяцей: тры сыны і чатыры дачкі. Нягледзячы на розныя цяжкасці вясковага побыту, дзеці раслі паслухмянымі, працавітымі і вельмі дружнымі. Мікалай вучыўся ў Галенскай сярэдняй школе. Аднагодак маёй мамы — сядзелі за суседнімі партамі, дапамагаў ёй рашаць задачкі, а яна яго выручала на дыктоўках. Мама ўспамінае, як зімой Коля хадзіў у гумовых ботах (да школы было 4,5 км) і ніхто з аднакласнікаў не насміхаўся над гэтым. Наадварот, усе паважалі і любілі не па-дзіцячы сур’ёзнага хлопчыка.
Пасля школы ён паступіў у Пружанскі саўгас-тэхнікум на аддзяленне рамонту і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. У армію быў прызваны ў 1974 годзе. Служыў у Польшчы, а ў 1975 годзе быў накіраваны на вучобу ў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Па заканчэнні прыняў разведгрупу ў Усурыйскай брыгадзе спецназа. У няпоўных трыццаць гадоў быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», у мірны час атрымаць яе было вельмі нялёгка.
За гэтым стаяла вялікая праца па падтрыманні высокай баявой вывучкі асабовага саставу і цяжкая вучоба па «выжыванні» ў суровых далёкаўсходніх умовах. Спецназаўцы рэгулярна прыцягваліся на тактычныя вучэнні, якія праходзілі на неабсяжнай тэрыторыі Прыамур’я і Прымор’я: пераадольвалі велічэзныя адлегласці па Усурыйскай тайзе, на падручных сродках перапраўляліся праз водныя перашкоды, мёрзлі, галадалі і сілкаваліся падножным кормам, вучыліся выжываць любым шляхам.
Байцоў, якія мелі такую вывучку, у тэрміновым парадку адправілі ў Афганістан у складзе дзвюх асобных брыгад спецыяльнага прызначэння, задачай якіх з’яўлялася блакаванне караванаў са зброяй і боепрыпасамі для маджахедаў. Участак кантролю быў вялікім, таму брыгады “раскідалі” асобнымі падраз-дзяленнямі па прыгранічных правінцыях.
І вось 19 красавіка 1985 года камандзір 5-га асобнага мотастралковага батальёна спецыяльнага прызначэння, у склад якога ўвахо-дзіла рота Мікалая Цабрука, маёр Віктар Цярэнцьеў з камандзірамі рот і груп выехаў на рэкагнасцыроўку ў раён Мараварскай цясніны, якая працягнулася на 10 км у напрамку афгана-пакістанскай мяжы. Па прычыне поўнай адсутнасці баявога вопыту ў маёра агляд пазіцыі праводзіўся на вачах у мясцовых жыхароў, з паста «зялёных» (афганскай арміі), што ў наступным стане адной з прычын трагедыі. Інфармацыя такім чынам была рассакрэчана. Праўда, падчас пераправы праз Кунар верныя паромшчыкі-афганцы давалі маёру трывожныя намёкі, але, на жаль, на іх ён не звярнуў увагі.
Увечары 20 красавіка маёр Цярэнцьеў прымае рашэнне аб здзяйсненні самастойнага рэйду для прачосвання кішлака Сангам, які знаходзіўся ў цясніне. Паводле разведвальных дадзеных, па начах праціўнік выстаўляў у ім вартавы дазор у колькасці 8-10 чалавек для прыкрыцця праходу па цясніне. На думку маёра, падобнае баявое заданне для яго атрада супраць нешматлікага праціўніка з’явілася б своеасаблівым навучальным заняткам.
Маёр Цярэнцьеў размяшчае свой камандны пункт на той жа вышыні, з якой суткамі раней праводзіў рэкагнасцыроўку, і аб’яўляе камандзірам рот аб змене баявой задачы: у выпадку адсутнасці ворага ў кішлаку Сангам варта таксама прачасаць больш паглыбленае ў цясніну буйное паселішча Дарыдам. На агульнай пастаноўцы задач захоп Дарыдама не абмяркоўваўся.
Пачынаецца рэйд углыб цясніны. З пануючых вышынь паабапал цясніны 1-ю роту Мікалая Цабрука, якая прасоўвалася па дне цясніны, прыкрывалі 2-я і 3-я роты. Да 2 гадзін ночы 21 красавіка быў прагледжаны кішлак Сангам — праціўніка не аказалася, і капітан Цабрук паведамляе падначаленым аб новым загадзе маёра Цярэнцьева. Да Дарыдама 1-я рота прасоўваецца ў адзіночку, застаючыся без прыкрыцця зверху: Дарыдам візуальна назіраў толькі камандзір 3-й роты, які і дакладваў камбату аб тым, што адбываецца.
Капітан Цабрук усведамляў рызыкоўнасць выканання дадзенага маёрам загаду. Так ці інакш, дзве групы ўцягнуліся ў Дарыдам па левым і дзве, на чале з ротным, па правым баку Мараварскай цясніны. Тут нашых байцоў ужо чакалі галаварэзы з пакістанскага спецназа «Чорныя буслы», якія схаваліся на схілах. Пасля таго, як разведчыкі скончылі прачосванне і вырашылі вяртацца назад, адна частка маджахедаў спусцілася са схілу ў кішлак і ўдарыла ў спіну адыходзячым разведчыкам, а другая, абышоўшы кішлак з паўднёвага боку, закрыла шлях адступлення ў напрамку Сангама.
Першай ворагаў заўважыла група лейтэнанта Кузняцова. Ротны Мікалай Цабрук, пачуўшы выстралы, а потым інтэнсіўную перастрэлку, выходзіць у радыёэфір на вызначаную маёрам Цярэнцьевым частату і просіць аб падмацаванні. Затым, пакінуўшы з групай свайго сувязіста і ўзяўшы чацвярых байцоў, адправіўся туды, дзе завязаўся бой. Тыя ж, хто засталіся, падняліся па правым схіле і залеглі на каменнай тэрасе.
Выжыўшыя сведкі пазней аналізавалі падзеі таго дня і былі аднадушныя ў сваім меркаванні: ротны першым зразумеў і ўсвядоміў тое, што ўжо адбылося і што немінуча павінна было адбыцца. Ведаў, што ідзе на верную смерць, але кінуўся ратаваць сваіх салдат, сваіх сяброў. Кожны крок наперад даваўся з цяжкасцю.
Капітан чуў, як да апошняга адстрэльваўся яго сябар Мікалай Кузняцоў. Нечакана ўсё гэта сціхла…
– Наперад, – падняўся ў поўны рост Цабрук і ўступіў у рукапашны бой.
– Трымайся, Коля! Я побач! – крычаў ён Кузняцову, але той ужо нічога не чуў, бачыў толькі налітыя крывёю вочы баявікоў. Вырваў чаку і выпусціў з рук гранату…
І зноў ударыў кулямёт. Капітан пахіснуўся, але, перш чым зваліцца ў пыльную траву, кінуў гранату… Куля патрапіла ў шыю.
Адна частка баевікоў агнём адбівала спробы 2-й і 3-й рот спусціцца на дапамогу акружаным таварышам, другая – метадычна расстрэльвала байцоў, якія разбіліся на дробныя групы. Яны падавалі дымавыя сігналы, спадзеючыся на верталёты, але тым самым канчаткова раскрывалі сябе і свае ненадзейныя схованкі. Цяклі каштоўныя хвіліны, канчаліся патроны ў акружаных байцоў. Тыя з іх, у каго магазіны аўтаматаў апусцелі, узяліся за гранаты. У гэтым баі сем хлопцаў, выбіраючы паміж смерцю і палонам з катаваннямі, узарвалі сябе штурмавой гранатай разам з маджахедамі.
Маёр Цярэнцьеў не паслухаўся Цабрука – не выклікаў своечасова артылерыю, прыняўшы ворагаў, якія спускаліся, за сваю групу.
Падмацаванне прыйшло занадта позна. Бо, упусціўшы час, камбат загадаў спешна арганізаваць зводную роту з пакінутых на месцы дыслакацыі байцоў і звярнуўся па артылерыйскую дапамогу. Але, паколькі мэты і план сумесных баявых дзеянняў з артылерыстамі загадзя не былі ўзгоднены, артылерыйская падтрымка не аказалася эфектыўнай. А зводнай роце, узмоцненай танкамі і БМП, патрабавалася пераадолець 23 кіламетры па бездаражы. Танкі трапілі на міны, а БМП не пераадолелі скалістую мясцовасць – прарвалася толькі адна машына, якая падтрымала агнём адыход.
У другой палове дня 21 красавіка, калі зводная рота ўвайшла ў Мараварскую цясніну, насустрач ім ужо ішлі ацалелыя байцы, выводзячы і выносячы параненых таварышаў. Пад раніцу 22 красавіка да сваіх выбраўся яшчэ адзін салдат, які распавёў аб жахлівай расправе над нашымі параненымі, якія засталіся на полі бою. Раз’юшаныя галаварэзы ўспорвалі жываты, выколвалі вочы, палілі жыўцом байцоў. Адзін з хлопцаў, калі душман схіліўся над ім, каб дабіць, перарэзаў ворагу горла. Яго мучылі даўжэй за астатніх, камянямі і прыкладамі дробілі косці… Многіх прыйшлося апазнаваць па наколках і дэталях адзення.
Гібель лепшых байцоў элітнай роты спецназа паказала сапраўднае становішча спраў у арміі. Усю віну ў гэтай трагедыі маёр Цярэнцьеў паспрабаваў перакласці на забітых. Паводле версіі камбата, камандзір роты капітан Цабрук, паддаўшыся на правакацыю, самастойна пачаў праследаванне малалікага праціўніка, які яго заманьваў у акружэнне.
Але ёсць і іншая версія, ад непасрэдных удзельнікаў падзей, прадстаўленая ў кнізе «15 брыгада спецназа: людзі і лёсы»: Мікалай Цабрук дзейнічаў згодна з новым загадам камандзіра батальёна. Пошук праціўніка ў кішлаку Дарыдам не ўключаўся ў першапачаткова пастаўленую баявую задачу і пытанні, звязаныя з далейшымі дзеяннямі ў выпадку змены абстаноўкі, не былі адпрацаваны. Успаміны тых, хто выжыў, дазволілі перад вышэйшым камандаваннем рэабілітаваць імя пружанскага героя.
Супраць Цярэнцьева сведчыў камандзір 2-й роты капітан Сяргей Макараў, які пацвердзіў, што Цабрук атрымаў вусны загад на далейшае прасоўванне. Ён жа распавёў пра недагляд маёра ў забеспячэнні радыёсувязі ў баявых дзеяннях, калі не былі прызначаны і размеркаваны запасныя частоты. У выніку гэтай памылкі з пачаткам бою ў эфір разам з камандзірам 1-й роты Мікалаем Цабруком, які прасіў падмацавання, на адну частату адначасова выйшлі каля 20 радыёстанцый, якія цалкам парушылі агульнае кіраванне падраздзяленнямі, стварыўшы хаос.
Рашэннем камісіі Туркменскай ваеннай акругі маёр Цярэнцьеў і яго намеснік па палітычнай частцы маёр Ялецкі былі адхілены ад займаемых пасад і пераведзены ў СССР з па-ніжэннем.
Усе загінуўшыя ў тым баі (акрамя Вячаслава Суліна, адзначанага ордэнам Леніна), былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, лейтэнанту Мікалаю Кузняцову прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
За мужнасць і адвагу быў узнагароджаны ордэнам і Мікалай Цабрук, які вярнуўся дадому ў цынкавай труне. Дачцэ Юліі тады было ўсяго два гадкі, яна да гэтага часу памятае, як тату прывезлі ў «жалезным карыце». Мама Мікалая, Марыя Іосіфаўна, крычала, губляла прытомнасць, просячы ваенных адкрыць труну: акенца, праз якое можна было разгледзець дарагія рысы, было замазана. Не дазволілі…
Пахавалі капітана ў в. Сухопаль. Побач з ім вось ужо 20 гадоў ляжыць бацька – Нестар Аляксандравіч, а 15 гадоў таму за імі сышла і мама. Нарэшце, сціх яе боль.
«Ён быў вельмі добры», – ледзь стрымліваючы рыданні, успамінаюць пра Мікалая сёстры Вольга, Галіна і Анастасія. «Вельмі паслухмяны», — дадае старэйшы брат Фёдар. А дачка Юлія, гледзячы на фатаграфіі бацькі, шэпча: «Які ж ён быў прыгожы!».
Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык».
На здымках: алея Памяці па вуліцы Тармасава ў Пружанах, капітан Мікалай Цабрук.