З 12 чэрвеня ў міжнародным пешаходным пункце спрошчанага пропуску «Перароў» пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым. Такі парадак наведвання замежнымі грамадзянамі тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» вызначаны палажэннем, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2015 г. №414.
У чым сутнасць новых правілаў?
Па-першае, правам перасякаць мяжу без візы надзелены толькі замежныя грамадзяне і толькі праз міжнародны пункт пропуску «Перароў». Праўда, ступіўшы на беларускую зямлю, госці краіны не маюць права пакідаць межы пушчы: новае заканадаўства разлічана пераважна на турыстычныя мэты, а менавіта — наведванне Белавежскай пушчы.
Калі ж у кагосьці ёсць родзічы альбо знаёмыя, якія пражываюць у населеным пункце, які знаходзіцца на тэрыторыі пушчы, новае заканадаўства дае яшчэ і магчымасць для сустрэч. Праўда, у абодвух выпадках замежны грамадзянін не мае права знаходзіцца на беларускай тэрыторыі без візы больш за трое сутак.
Які парадак перасячэння мяжы?
Дакументам, які дае замежнаму грамадзяніну права на перасячэнне беларуска-польскай мяжы, з’яўляецца пропуск. Заказаць яго можна ў анлайн-рэжыме на сайце Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» як у якасці самастойнага вандроўніка, так і ў складзе арганізаванай турыстычнай групы. Адміністрацыя Нацыянальнага парку ў сваю чаргу своечасова перадае ў органы пагранслужбы звесткі пра замежных грамадзян, якія атрымалі дакумент на права бязвізавага наведвання Белавежскай пушчы.
Як паведаміў дырэктар польскай турфірмы «Юніёр» з Беластока Яўген Лаўрынюк, пры арганізаваным турпадарожжы пра афармленне пропуску клапоціцца сама турарганізацыя, турысту неабходна ўзяць толькі пашпарт і медыцынскую страхоўку. Як запэўнівае польскі тураператар, сёння ў турыстаў існуе вялікая цікавасць да Беларусі.
А як на практыцы?
12 чэрвеня, у дзень уступлення ў сілу палажэння, новая норма ў заканадаўстве паказала сябе ў дзеянні: праз міжнародны пункт пропуску «Перароў-Белавежа» прайшла першая група замежных турыстаў. У яе склад увайшлі афіцыйныя асобы, прадстаўнікі турфірмаў, польскія журналісты і звычайныя турысты. Маршалак Падляскага ваяводства Мечыслаў Казімеж Башко назваў гэтую падзею доўгачаканай, а ўвядзенне бязвізавага турыстычнага рэжыму — новым крокам у двухбаковых адносінах.
Наведванне Белавежскай пушчы першай замежнай групы было разлічана на адзін дзень. У праграме — прадмесце беларускага Дзеда Мароза, экскурсія па вальерах, заезд у музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій. Увогуле ж, як паведаміў генеральны дырэктар НП «Белавежская пушча» Аляксандр Буры, сёння да ўвагі турыстаў тут дзясятак маршрутаў, якія адрозніваюцца працягласцю і інтэнсіўнасцю. Па папярэдніх падліках, дзякуючы новай магчымасці ў прыцягненні турыстаў за год можна зарабляць каля 25 мільярдаў рублёў. Як растлумачыў кіраўнік Нацпарку, згодна з праведзенымі апытаннямі, чакаецца, што паток турыстаў павялічыцца прыкладна на 50 тысяч чалавек.
Беларусам таксама хочацца падарожнічаць
Тым часам генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня выказаў спадзяванне на тое, што крок у адказ у адносінах да беларусаў не прымусіць сябе чакаць, і мы з вамі таксама атрымаем магчымасць бесперашкодна азнаёміцца з часткай Белавежскай пушчы, якая знаходзіцца па іншы бок мяжы.
На здымку: уражаннямі ад першага пераходу мяжы па новых правілах дзеляцца афіцыйныя асобы: генконсул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня і маршалак Падляскага ваяводства Мечыслаў Башко.
Марына Вакульская. Фота аўтара.