Па апошніх дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя стан здароўя чалавека на 70% залежыць ад ладу жыцця і харчавання.
Сёння не выклікае сумнення, што паўнавартаснае харчаванне вызначаецца не толькі энергетычнай каштоўнасцю ежы, збалансаванасцю рацыёну па бялках, тлушчах і вугляводах, але і забяспечанасцю вітамінамі, мікра-элементамі і мінераламі.
Рацыянальнае харчаванне — найважнейшая крыніца вітамінаў. Яны неабходныя чалавеку для нармальнага ажыццяўлення абмену рэчываў, росту, развіцця арганізма і пад-трымання здароўя. Але, як паказваюць разлікі, адпаведны сярэднім энергазатратам сучаснага чалавека рацыён харчавання, нават збалансаваны і разнастайны, дэфіцытны па большасці вітамінаў на 20-30%. У дадатак да гэтага, любое захворванне — гэта выпрабаванне для арганізма, якое патрабуе мабілізацыі ахоўных сіл, павышанага расходу біялагічна актыўных рэчываў, у тым ліку вітамінаў.
Можна вылучыць і іншыя групы рызыкі развіцця вітамінадэфіцытных станаў. Гэта:
дзеці і падлеткі ў перыяд найбольш інтэнсіўнага росту;
жанчыны, якія прымяняюць аральную кантрацэпцыю;
пажылыя людзі;
курцы;
асобы, якія ўжываюць шмат алкаголю;
людзі з хранічнымі захворваннямі або з нядаўна перанесенымі вострымі бактэрыяльнымі і віруснымі інфекцыямі;
жанчыны, якія прытрымліваюцца жорсткай дыеты;
людзі з павышанымі фізічнымі нагрузкамі або перагрузкамі;
людзі з павышанымі разумовымі нагрузкамі;
цяжарныя жанчыны;
вегетарыянцы;
людзі з нізкім узроўнем даходаў.
Але перш, чым прымаць рашэнне аб неабходнасці выкарыстання вітамінаў у выглядзе лекавых сродкаў, варта ўзважыць усе «за» і «супраць» і пракансультавацца з урачом. Як правіла, дактары раяць некалькі полівітамінных комплексаў на выбар, а пацыент сам вырашае, якія вітаміны лепш і адпавядаюць яго фінансавым магчымасцям.
У аптэцы цяпер ёсць поўны асартымент вітамінных лекавых сродкаў. Многія з іх маюць пэўную вобласць прымянення: напрыклад, пры парушэннях зроку ці захворваннях апорна-рухальнага апарату. У наяўнасці вітаміны, якія прымяняюцца пераважна пры цяжарнасці. Ёсць вітаміны для жанчын і для мужчын, для ўсіх узроставых груп. Адрозніваюцца яны і па цэнах. Прадстаўлены як імпартныя, так і айчынныя варыянты.
Дзякуючы такой разнастайнасці кожны пакупнік, незалежна ад узросту, полу, сацыяльнага статусу і спадарожных захворванняў, зможа падабраць сабе неабходны варыянт.
Яўгенія Трапезон, правізар-рэцэптар цэнтральнай раённай аптэкі №7.