Пятница, 17 января 2025

Поддержим участницу проекта ОНТ «Я пою-3!» Валю Иванцову смс-голосованием!

2 637

У мінулую суботу прайшоў першы тэлеканцэрт праекта АНТ  “Я пяю-3!”. Сёлета ў праекце зноў удзельнічае наша зямлячка – васьмігадовая Валя Іванцова (на здымку). Музычныя здольнасці Валюшы заўважылі яшчэ ў дзіцячым садку №7 “Вясёлка”, дзяўчынка заўсёды іграла ўсе галоўныя ролі і, зразумела, спявала. Адразу пасля садка мама завяла Валянціну ў эстрадную студыю Эўгеніуса Валанчуса пры Палацы культуры на праслухоўванне… А ўжо праз два месяцы Валя пачынала канцэрт да дня вызвалення  Пружан.

Менавіта кіраўнік студыі параіў Наталлі Пятроўне, якая, дарэчы, выхоўвае Валю і старэйшага Даніка сама, прыняць удзел у праекце.

Валя з лёгкасцю прайшла два кастынгі, а з лістапада пачалася напружаная работа.  Спачатку ўся сям’я ездзіла на рэпетыцыі два разы на тыдзень, а бліжэй да запісаў эфіраў Іванцовы наогул перебраліся ў Мінск. Заняткі, рэпетыцыі з прэзідэнцкім аркестрам, харэаграфія, урокі сцэнічнага майстэрства — працоўны дзень у дзяцей пачынаўся ў 11 гадзін раніцы, а заканчваўся часам апоўначы. Тым не менш і Валя, і яе мама вельмі задаволены ўдзелам у праекце.

Валя з першых гадзін стала агульнай любіміцай: і здымачная група, і журы, і зоркі эстрады, – усе захапляліся энергічнай і ўсмешлівай дзяўчынкай. А юныя ўдзельнікі амаль сварыліся за права сядзець ля Валі. Пасябравала наша Валянціна і з Эдуардам Ханком, песню якога “Цік-так ходзікі” выдатна выканала на праекце. Але найбольш цёплыя адносіны склаліся ў Валянціны з самым старэйшым удзельнікам трэцяга сезона Мацвеем Лісіцай.  Хлопчык нават прапанаваў дзяўчынке руку і сэрца, у будучым,  зразумела. Валя хоць пакуль і адмовіла, але з радасцю чакае Мацвея разам з мамай у госці на вясенніх канікулах.

Жыццё на праекце праходзіла ў атмасферы сяброўства. Перазнаёміліся і пасябравалі не толькі маленькія спевакі, але і іх бацькі. Увесь час тэлефануюць адзін аднаму. Падчас адной з паездак Наталля Пятроўна забыла ў цягніку сумку з ноўтбукам і дакументамі. Дакументы той, хто знайшоў сумку, даслаў па пошце, а ноўтбук пакінуў сабе.  Таму ні Валя, ні Наталля зараз не могуць гутарыць з новымі сябрамі праз сацыяльныя сеткі.

У гэтую суботу Валя будзе выконваць песню на французскай мове, а потым будзе спяваць з курсантамі сувораўскага вучылішча, гуртом “Неруш”.  У бліжэйшыя тыдні нас чакаюць яшчэ пяць канцэртаў. Прагаласаваць за зямлячку можна, адправіўшы смс з лічбамі 105 на нумар 7755. Галасаваць можна на працягу сутак пасля кожнага эфіру.  Дарэчы, першы канцэрт па тэлевізары Наталля Пятроўна амаль не бачыла, бо ўжо з першых мінут ёй пачалі званіць знаёмыя і незнаёмыя людзі і віншаваць Валечку.

Зараз у вучняў першых і другіх класаў дадатковыя канікулы, але Валя прапусціла шмат заняткаў, таму ўвесь тыдзень будзе наведваць школу. Настаўніца ўпэўнена, што яна хутка нагоніць аднакласнікаў. Штодня Валя наведвае і эстрадную студыю або займаецца ў музычнай школе па класу фартэпіяна.  Яна шчыра прызнаецца, што стамляецца, але ёй падабаецца такі лад жыцця. Да таго ж, у маленькай дзяўчынкі ёсць вялікая мара: у скарбонку  яна складвае ўсе свае ганарары і падарункі, адмаўляючы сабе ў ляльках ці цукерках. У адкладзеных грошай іншая мэта – дапамагчы вылечыцца старэйшаму браціку.

Кацярына Пашкевіч.

Фота Аляксандра Мелеша і з сайта ont.by.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *